Рэйн паставіў рэкорд абмялення за ўсю гісторыю назіранняў
У Германіі і Нідэрландах зафіксавалі самы нізкі за ўсю гісторыю назіранняў узровень вады ў рацэ Рэйн. Прычынай стала працяглая засуха, якая закранула значную частку Еўропы, паведамляе Бі-бі-сі.
Фота: Federico Gambarini/picture alliance via Getty Images
Паводле звестак маніторынгу, напрыканцы ліпеня нізкі ўзровень вады адзначаўся на 44% вымяральных станцый на Рэйне і на 78% станцый на Дунаі. На ўчастку каля горада Каўб суднаходная глыбіня знізілася да 25 сантыметраў — гэта паўтарыла антырэкорд 2018 года.
Такое абмяленне сур'ёзна ўскладняе рачныя грузаперавозкі. Каб судны маглі працягваць рух, іх даводзіцца менш загружаць або размяркоўваць грузы паміж некалькімі суднамі. Гэта можа прывесці да падаражання транспартных перавозак і праблем з пастаўкамі.
Падобная сітуацыя назіраецца і на іншых буйных еўрапейскіх рэках. На Дунаі ў Сербіі і Румыніі ўзровень вады стаў самым нізкім за апошнія тры дзесяцігоддзі. У Венгрыі з-за дэфіцыту вады была спынена праца адзінай атамнай электрастанцыі.
У Італіі рака По таксама дасягнула гістарычна нізкага ўзроўню. Улады абвясцілі высокую небяспеку ў даліне ракі і папярэдзілі пра магчымыя перабоі з пітной вадой. Прасоўванне салёнай марской вады ў вусце По пагражае экасістэмам і стварае цяжкасці для сельскай гаспадаркі.
Сіноптыкі прагназуюць, што новая хваля спёкі працягнецца яшчэ як мінімум тыдзень, а ў многіх краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы тэмпература паветра перавысіць +40 °C. Паводле Еўрапейскай абсерваторыі засухі, сітуацыя ў многіх рэгіёнах кантынента застаецца крытычнай і працягвае пагаршацца.
Чытайце таксама:
У Румыніі кантралявана падарвалі Дунай, каб скіраваць паток вады на АЭС
Інстаграмнае возера на мяжы Швейцарыі і Францыі праз працяглую спёку амаль высахла ФОТА
Яшчэ адзін выклік для нямецкай эканомікі: праз спёку крытычна абмялеў Рэйн