БЕЛ Ł РУС

У Ліхтэнштэйне адкрылі жанчынам доўгую дарогу на княскі трон

15.08.2026 / 22:20

Nashaniva.com

Княжацкі дом Ліхтэнштэйна 15 жніўня, у Дзень дзяржаўнага свята краіны, аб'явіў, што адмяняе выключна мужчынскі парадак успадкавання трона.

Князь Алаіз са сваёй дачкой Марыяй Каралінай падчас яе вяселля 30 жніўня 2025 года. Фота: Gerald Matzka / Getty Images

Цяпер трон Ліхтэнштэйна будзе пераходзіць да першага народжанага дзіцяці незалежна ад полу, а не абавязкова да старэйшага сына. Жанчыны з ліку нашчадкаў княжацкага дома атрымліваюць таксама роўныя з мужчынамі правы ўдзелу ў пытаннях дамовага закона.

Папраўку прынялі неабходнай большасцю ў дзве траціны галасоў усіх правамоцных членаў дома. Новы парадак дзейнічае толькі для будучых нашчадкаў наследнага прынца Алаіза і яго жонкі Сафіі — ужо народжаныя члены дынастыі пад яго не трапляюць.

Наследны прынц Алаіз патлумачыў, што мэта змены — каб і княствам, і домам кіраваў той, хто найлепш падрыхтаваны да гэтай задачы. Звычайна гэта сыны і дочкі, якія растуць у Вадуцы і з дзяцінства знаёмяцца са справамі краіны.

Акрамя парадку спадкаемнасці, абноўлены закон утрымлівае юрыдычныя ўдакладненні і прыведзены ў адпаведнасць з новым заканадаўствам Ліхтэнштэйна.

Нягледзячы на гістарычнасць рашэння, на цяперашніх прадстаўнікоў дынастыі яно не паўплывае. Спадчыннікам застаецца старэйшы сын Алаіса і Сафіі — 31‑гадовы Ёзаф Венцаль Максіміліян Марыя. Іх дачка, прынцэса Марыя Караліна (29 гадоў, у мінулым годзе выйшла замуж), княгіняй стаць не зможа, бо новая норма тычыцца толькі яшчэ не народжанага пакалення. Швейцарскае выданне Watson адзначае, што калі яе старэйшы брат выйдзе з чаргі на спадчыну, права пяройдзе да малодшых братоў, — такім чынам няроўнасць паміж жанчынамі і мужчынамі захаваецца яшчэ на два пакаленні.

Князем Ліхтэнштэйна з 1989 года застаецца Ханс-Адам II, а з 2004 года большасць афіцыйных абавязкаў выконвае яго сын Алаіс. Дынастыя паходзіць з Ніжняй Аўстрыі і атрымала тэрыторыю сучаснай дзяржавы каля 1700 года.

Насельніцтва Ліхтэнштэйна — каля 40 тысяч чалавек; краіна не ўваходзіць у ЕС, але з'яўляецца часткай Еўрапейскай эканамічнай прасторы і Шэнгенскай зоны.

Чытайце таксама:

Ці шмат у свеце засталося кіраўнікоў дзяржаў, якія прыйшлі да ўлады раней за Лукашэнку?

Ліхтэнштэйн стаў ахвярай маштабнай кібератакі

Самая маленькая незалежная рэспубліка ў свеце змяніла назву

Кароль Нідэрландаў запаліў на мундыялі: заўзеў супраць Швецыі, а потым патанчыў у раздзявальні Кюрасаа

Кароль Карл вырашыў не пераязджаць у Букінгемскі палац пасля завяршэння рамонту

Каментары да артыкула