Ці шмат у свеце засталося кіраўнікоў дзяржаў, якія прыйшлі да ўлады раней за Лукашэнку?
20 ліпеня 1994 года, адбылася першая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. З таго часу прайшло ўжо цэлых 30 гадоў, таму відавочна, што ў свеце наўрад ці можа быць шмат палітыкаў, якія рэальна кіруюць дзяржавамі ці нават хоць бы фармальна лічацца кіраўнікамі такія самыя ці большыя тэрміны. Але на якім усё ж месцы Лукашэнка? Паспрабавалі разабрацца.
Як гэта ні дзіўна, скласці рэйтынг кіраўнікоў дзяржаў па стажы кіравання не так і проста. Непазбежна ўзнікаюць пытанні, ці варта скідаць да купы спадчынных манархаў і прынамсі фармальна выбіраных кіраўнікоў, ці можна ставіць на адну дошку лідараў чыста сімвалічных і людзей, якія сапраўды кіруюць дзяржавамі, прытым цвёрдай бязлітаснай рукой без ніякіх намёкаў на дэмакратыю — інакш столькі гадоў пры рэальнай уладзе аніяк не пратрымаешся. Да ўсяго ж узнікае нямала і іншых, зусім спецыфічных нюансаў — пра якія будзе гаворка ніжэй.
У выніку аказваецца, што проста на нейкае адно цвёрдае месца Лукашэнку ніяк не паставіш — у залежнасці ад выкарыстаных намі крытэрыяў ён можа займаць месцы ад 6-га да 14-га. Але пра ўсё па парадку.
Для пачатку паспрабуем скласці агульны рэйтынг сучасных кіраўнікоў дзяржаў (з уключэннем у тым ліку і фармальна-сімвалічных канстытуцыйных манархаў) паводле працягласці кіравання. Адносна канкрэтных месцаў у ім могуць быць варыянты ў залежнасці ад брання пад увагу ці ігнаравання пэўных нюансаў, якія ў выпадку патрэбы агаворваюцца ў каментарах.
Такім чынам, асноўны расклад цяпер такі:
1) Кароль Швецыі Карл XVI Густаў (78 гадоў) — на троне з 15 верасня 1973 года.
2) Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэодора Абіянг Нгема Мбасога (82 гады) — на пасадзе з 3 жніўня 1979 года.
3) Прэзідэнт Камеруна Поль Бія (91 год) — з 6 лістапада 1982 года.
Гэты чалавек, дарэчы, пасля смерці 8 верасня 2022 года 96-гадовай каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы ІІ узначальвае спіс найстарэйшых паводле ўзросту дзейных кіраўнікоў дзяржаў ва ўсім свеце.
За ім ідуць, калі не лічыць 89-гадовага прэзідэнта толькі часткова прызнанай Палесціны Махмуда Абаса, 88-гадовы кароль Саудаўскай Аравіі Салман ібн Абдул-Азіз ібн Абдурахман ібн Фейсал аль Сауд і 87-гадовы папа рымскі Францішак, які акрамя кіравання сусветнай Каталіцкай царквой з'яўляецца яшчэ і кіраўніком найменшай у свеце як па тэрыторыі, так і па колькасці насельніцтва дзяржавы Ватыкан.
4) Султан Брунея Хасанал Балкіях (78 гадоў) — з 1 студзеня 1984 года.
Увогуле калі глядзець на афіцыйную біяграфію гэтага чалавека, то можна даведацца, што султанам Брунея ён з'яўляецца ажно з 5 кастрычніка 1967 года. Калі браць за пункт адліку гэтую дату, то тады ён мусіць узначальваць спіс доўгажыхароў пры ўладзе. Аднак жа тут ёсць адно істотнае «але»: у той час Бруней быў не незалежнай дзяржавай, а толькі брытанскім пратэктаратам. Поўны дзяржаўны суверэнітэт гэтая краіна набыла толькі з 1 студзеня 1984 года, таму лагічна менавіта з гэтага часу адлічваць і паўнамоцтвы мясцовага султана, калі параўноўваць яго з кіраўнікамі іншых незалежных дзяржаў.
5) Прэзідэнт Уганды Яверы Кагута Мусявені (79 гадоў) — з 29 студзеня 1986 года.
6) Кароль Эсваціні Мсваці ІІІ (56 гадоў) — з 25 красавіка 1986 года.
Увогуле гэты чалавек мусіў бы стаць каралём Свазіленда (так тады афіцыйна называлася цяперашняе Каралеўства Эсваціні ў паўднёвай Афрыцы) яшчэ 21 жніўня 1982 года, калі памёр ягоны 82-гадовы бацька Сабхуза ІІ. Аднак жа пакольку прынцу Махасеціве (так тады яго звалі) было ў той час толькі 14 гадоў, то да ягонага 18-гадовага паўналецця краінай кіравалі рэгенты.
7) Найвышэйшы кіраўнік (Рахбар) Ірана Алі Хаменеі (85 гадоў) — з 3 чэрвеня 1989 года.
Кіраўнічая пасада гэтага лідара спецыфічная, такой больш нідзе ў сучасным свеце няма. Хіба толькі з Ватыканам можна параўноўваць, і тое вельмі ўмоўна і з нацяжкай. Пасада гэтая не толькі палітычная, але нават найперш рэлігійная.
Але да таго, як стаць Рахбарам пасля смерці знакамітага аяталы Рухалы Хамейні, Алі Хаменеі 8 гадоў, з 13 кастрычніка 1981 года, быў прэзідэнтам Ірана. У іранскай палітычнай сістэме прэзідэнт не пустое месца, не толькі бязвольная марыянетка ў руках Рахбара. Ён мае немалыя ўладныя паўнамоцтвы і можа, не выходзячы за рамкі агульнай сістэмы, даволі істотна ўплываць на агульны кірунак развіцця ў краіне. Але ўсё ж такі галоўны ў краіне — Рахбар, таму і мы тут адлічваем уладу Хаменеі з 1989 года. Але пры жаданні, улічваючы час прэзідэнцтва, можна яго паставіць і на трэцяе месца, паміж Тэодора Абіянг Нгема Мбасога і Полем Бія.
8) Князь Ліхтэнштэйна Ганс Адам ІІ (79 гадоў) — з 13 лістапада 1989 года.
Адносна гэтага канстытуцыйнага манарха таксама ёсць пытанні, звязаныя з тым, ад якога моманту адлічваць ягоныя паўнамоцтвы. Мы бяром тут за момант адліку 13 лістапада 1989 года, калі памёр бацька Ганса Адама, Франц Іосіф ІІ, пасля чаго ягоны сын стаў паўнавартасным князем Ліхтэнштэйна. Аднак жа можна пры жаданні адлічваць (што часта і робяць) і з 26 жніўня 1984 года, калі Ганс Адам стаў рэгентам, то-бок фактычным выканаўцам княскіх паўнамоцтваў пры сваім пад старасць ужо зусім нямоглым бацьку. Зрэшты, што ў першым, што ў другім выпадку Лукашэнку ён па-любому апярэджвае.
Большую складанасць у нашым кантэксце стварае тое, што з 16 жніўня 2004 года, то-бок амаль 20 гадоў таму, Ганс Адам ІІ перадаў паўнамоцтвы па штодзённым кіраванні княствам свайму сыну Алаізу, які з той пары з'яўляецца пры жывым бацьку, прытым не такім ужо і нямоглым, прынцам-рэгентам. І ці лічыць у такім выпадку менавіта Ганса Адама дзейным кіраўніком дзяржавы — можна, вядома, спрачацца.
9) Кароль Нарвегіі Харальд V (87 гадоў) — з 17 студзеня 1991 года.
Гэты манарх таксама да свайго ўкаралявання крыху больш за паўгода — з 1 чэрвеня 1990 года — пабыў рэгентам пры сваім цяжка хворым бацьку, каралю Улафу V, таму ягонае кіраванне пры жаданні можна адлічваць ад любой з гэтых дат. Але ў ягоным выпадку з-за непрацягласці рэгенцтва гэта на пазіцыю ў рэйтынгу ніяк не ўплывае пры любых абставінах.
10) Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон (71 год) — з 27 лістапада 1992 года.
На пасаду прэзідэнта Таджыкістана Рахмон быў афіцыйна абраны толькі 16 лістапада 1994 года, то-бок тады, калі ў Беларусі ўжо амаль 4 месяцы кіраваў Лукашэнка. Але перад гэтым ён з 27 лістапада 1992 года займаў пасаду старшыні Вярхоўнага Савета Таджыкістана, якая афіцыйна лічылася тады найвышэйшай.
Увогуле прэзідэнцкую ўладу ўвялі ў Таджыкістане ў лістападзе 1990 года, і яе адразу забралі сабе прадстаўнікі ленінабадскага (худжандскага) клану, якія дамінавалі ў палітычным кіраўніцтве рэспублікай увесь савецкі перыяд. Але падчас крывавай грамадзянскай вайны, якая разгарнулася ў Таджыкістане ў 1992-1997 гадах і мела перадусім міжкланавы характар, худжандцы пацярпелі паразу. Пасада прэзідэнта на пару гадоў увогуле была ліквідаваная, а пасля адноўленая спецыяльна пад Рахмона.
11) Прэзідэнт Эрытрэі Ісаяс Афеваркі (78 гадоў) — з 24 мая 1993 года.
І вось ужо далей замыкаць 12-ку нібыта павінен быў бы Лукашэнка, аднак не ўсё так проста, бо ёсць у сучасным свеце яшчэ два палітычныя доўгажыхары з не вельмі тыповай палітычнай біяграфіяй, якія і ўносяць дадатковую блытаніну.
Перш за ўсё гэта 80-гадовы прэзідэнт Рэспублікі Конга Дэні Сасу-Нгесо, які нібыта заняў сваю пасаду пазней за Лукашэнку — 25 кастрычніка 1997 года.
Але спецыфіка ў тым, што ў гэтага афрыканскага дыктатара прэзідэнцкі стаж на 5 гадоў перарываўся. Увогуле ён упершыню прыйшоў да ўлады яшчэ 8 лютага 1979 года, то-бок нават на некалькі месяцаў раней за Тэодора Абіянг Нгема Мбасога. Рэжым ягоны быў прасавецкі, Сасу-Нгесо дэманстраваў цвёрдыя намеры будаваць у афрыканскіх саванах камунізм і за гэта з дзясятак гадоў атрымліваў з Масквы шчодрую далёка не толькі маральную падтрымку.
Але пасля кан'юнктура змянілася, падтрымка СССР скончылася, і ў выніку кангалезскі дыктатар, які ў тых умовах, у адрозненне ад Лукашэнкі ў 2020 годзе, аказаўся дастаткова гнуткім, вымушаны быў пайсці на рэформы і правесці дэмакратычныя выбары. На іх ён атрымаў толькі 17% і хоцькі-няхоцькі 31 жніўня 1992 года перадаў уладу апазіцыі.
Арыентаваныя на Захад ягоныя апаненты, аднак, даць рады праблемам краіны не змаглі, у ёй неўзабаве разгарнулася грамадзянская вайна з замежнай інтэрвенцыяй. У выніку Дэні Сасу-Нгесо праз пяць гадоў пасля сваёй вымушанай адстаўкі трыумфальна ўехаў у сталіцу Конга Бразавіль на танках суседняй прыхільнай яму Анголы. 25 кастрычніка 1997 года ён быў зноў абвешчаны прэзідэнтам краіны і з той пары пальцаў не расціскае.
І вось калі браць за пункт адліку менавіта час другога прыходу Сасу-Нгесо да ўлады ў Конга, то тады ён Лукашэнку саступае аж тры гады з лішкам. Калі ж улічваць час агульнага знаходжання пры ўладзе, то-бок скласці і першы тэрмін з 8 лютага 1979 года па 31 жніўня 1992-га, і другі з 25 кастрычніка 1997-га аж да сёння, то Сасу-Нгесо «круцейшы» больш чым на дзесяцігоддзе, бо ягоны агульны стаж — 40 гадоў і амаль 4 месяцы.
Нешта падобнае было ў біяграфіі і яшчэ аднаго афрыканскага палітыка — канстытуцыйнага манарха маленькай дзяржавы Лесота ў паўднёвай Афрыцы 61-гадовага Летсіе ІІІ.
Упершыню 27-гадовы Летсіе узышоў на трон гэтага каралеўства, цалкам акружанага тэрыторыяй Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, 12 лістапада 1990 года. Тады ўгневанаму мясцоваму войску нечым не дагадзіў ягоны бацька кароль Машвешве ІІ, і яно, нядоўга думаючы, прымусіла яго збегчы ў Вялікабрытанію.
Пасля, аднак, Машвешве ўсё ж вярнуўся ў краіну і праз некалькі гадоў такі здолеў зноў стаць каралём. 25 студзеня 1995 года Летсіе ІІІ з ахвотай ці не, але саступіў бацьку трон, але аказалася, што ўсяго толькі на год: 15 студзеня 1996 года Машвешве ІІ загінуў у аўтакатастрофе, і Летсіе зноў узышоў на пасад, з якога з той пары так і не злазіць.
І тут практычна тая ж самая сітуацыя, што і з Дэні Сасу-Нгесо: калі адлічваць час ад апошняга заступлення на трон, то манарх Лесота Лукашэнку паўтара года саступае, калі ж браць агульны стаж — то ён у яго амаль на два з паловай гады большы.
Такім чынам, калі складаць рэйтынг кіраўнікоў дзяржаў па працягласці знаходжання ва ўладзе, беручы ў тым ліку канстытуцыйных манархаў з чыста сімвалічнай уладай, то Лукашэнка цяпер знаходзіцца на 11-м, 12-м, 13-м ці 14-м месцы ў свеце, у залежнасці ад таго, паводле якіх крытэрыяў ацэньваць кіраванне кангалезскага дыктатара Дэні Сасу-Нгесо ды караля Лесота Летсіе ІІІ і ці ўлічваць як дзейнага кіраўніка князя Ліхтэнштэйна фактычна на пенсіі, але без фармальнага адрачэння Ганса Адама ІІ.
Калі ж з гэтага рэйтынгу выкінуць усіх спадчынных манархаў ды іранскага Рахбара, пакінуўшы толькі тых, хто прынамсі фармальна павінен праходзіць ратацыю ўлады, але на практыцы даўно ператварыў выбары ў фарс, то тады рэйтынг будзе такі:
1) Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэодора Абіянг Нгема Мбасога (82 гады) — з 3 жніўня 1979 года.
2) Прэзідэнт Камеруна Поль Бія (91 год) — з 6 лістапада 1982 года.
3) Прэзідэнт Уганды Яверы Кагута Мусявені (79 гадоў) — з 29 студзеня 1986 года.
4) Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон (71 год) — з 27 лістапада 1992 года.
5) Прэзідэнт Эрытрэі Ісаяс Афеваркі (78 гадоў) — з 24 мая 1993 года.
Лукашэнка ў такім выпадку займае ці 6-е, ці 7-е месца ў свеце, у залежнасці зноў жа ад таго, паводле якога прынцыпу ацэньваць кіраванне Дэні Сасу-Нгесо. А апярэджваюць яго амаль што адныя толькі афрыканцы, у шчыльныя рады якіх пратачыўся адно толькі баявы таварыш па СНД, АДКБ і ШАС Эмамалі Рахмон.
Цікава пры гэтым, што адразу некалькі гадоў пасля ўцаравання Лукашэнкі не прывялі да ўлады палітыкаў, якія займаюць пасады аж дагэтуль. Калі не лічыць ужо неаднаразова згаданых Дэні Сасу-Нгесо і Летсіе ІІІ, якія ў тыя гады не прыйшлі, а вярнуліся да ўлады, усе палітыкі, якія сталі кіраваць краінамі ў 1995-м, 1996-м, 1997-м і 1998-м, па стане на сёння ужо саступілі паўнамоцтвы іншым.
А вось у 1999-м адзін за адным памерлі адразу тры арабскія манархі, і да ўлады як мінімум ужо на чвэрць стагоддзя прыйшлі тады ўсе зусім маладыя, а цяпер 62-гадовы кароль Іарданіі Абдала ІІ (7 лютага), 74-гадовы кароль (тады яшчэ эмір) Бахрэйна Хамад ібн Іса Аль Халіфа (6 сакавіка) і 60-гадовы кароль Марока Мухамед VI (23 ліпеня). Ды яшчэ ў Джыбуці 8 мая стаў прэзідэнтам цяпер 77-гадовы Ісмаіл Амар Геле, які таксама ўладу фактычна атрымаў у спадчыну ад свайго роднага дзядзькі Хасана Гуледа Аптыдона, што перад тым безальтэрнатыўна «праслужыў народу» ажно 22 гады — роўна столькі, колькі існавала і сама гэта дзяржава.
У апошні ж дзень 1999 года, як вядома, адбыўся памятны сыход з пасады пад навагоднія куранты Барыса Ельцына і ў Расіі пачалася эпоха Уладзіміра Пуціна. Які ў рэйтынгу «доўгаграючых» сусветных кіраўнікоў займае зусім недалёкае ад Лукашэнкі месца, хоць і прыйшоў да ўлады пазней за яго на 5 з паловай гадоў.
Калі, вядома, не ставіцца сур'ёзна да чыста фармальнай ракіроўкі, разыгранай Пуціным у 2008-2012 годзе з цяперашнім фактычным прыдворным блазнам Дзмітрыем Мядзведзевым.
Каментары