На адной з вуліц Пінска з'явілася шафа для бясплатнага абмену кнігамі ФОТАФАКТ
У Пінску з'явіўся пункт буккросінгу — спецыяльная шафа, дзе можна бясплатна ўзяць кнігу альбо пакінуць сваю. Пра новую ініцыятыву расказала ў Threads мясцовая жыхарка Таццяна, паведамляе выданне Blizko.by.
Шафу паставілі на вуліцы Ільіна, побач з экспрэс-пунктам OilService, недалёка ад дома № 2А. Канструкцыя нагадвае невялікую тэлефонную будку: яна мае празрыстыя сцены з малюнкамі, шкляныя дзверы і шафу з кнігамі. Сцяну насупраць дзвярэй звонку ўпрыгожваюць цюль і штучныя кветкі. На даху размешчаны надпіс «Тутэйшыя кнігі».
Скарыстацца з гэтага пункта можа кожны. Можна выбраць кнігу, якая спадабалася, і забраць яе дадому. Таксама сюды можна прынесці ўласныя кнігі, якія ўжо не патрэбныя, каб імі маглі скарыстацца іншыя.
Падобныя пункты буккросінгу ўжо існуюць у розных гарадах Беларусі, у тым ліку ў Мінску. Адзін з іх, напрыклад, размешчаны ў скверы на вуліцы Гамарніка і прысвечаны пісьменніку Івану Мележу.
Чытайце таксама:
У мінскім скверы заўважылі разьбяную стойку для буккросінгу з Іванам Мележам