У Мінску выстраіліся вялікія чэргі да басейнаў ФОТЫ
У Мінску апошнімі днямі ўтварыліся вялікія чэргі каля двух басейнаў — «Дружба» на вуліцы Каралінскай, 1, і басейна сярэдняй школы № 224 на вуліцы Міхаіла Пташука, 17. Фатаграфіі з вялікай колькасцю людзей з'явіліся ў сацыяльных сетках, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Каля басейна школы № 224 раніцай 24 жніўня відавочцы налічылі больш за 40 чалавек. Жыхары Лошыцы паведамлялі, што і хол будынка быў перапоўнены.
Высветлілася, што прычынай стаў пачатак запісу ў басейн. Запісацца жыхары Лошыцы могуць да 31 жніўня, а ў першы дзень ахвотных аказалася вельмі шмат.
У адміністрацыі Ленінскага раёна паведамілі, што чаргу аператыўна абслугоўвалі чатыры спецыялісты, якія прымалі дакументы. У будучыні плануецца часткова перавесці падачу заявак у дыстанцыйны фармат, каб пазбягаць такіх чэргаў.
Платныя заняткі ў басейне пачнуцца 1 верасня 2026 года. З улікам вялікай цікавасці жыхароў Лошыцы плануецца адкрыць 42 дзіцячыя і сем дарослых груп. Заняткі будуць праводзіць прафесійныя трэнеры-інструктары.
Падобная сітуацыя за некалькі дзён да таго ўзнікла каля басейна «Дружба» ў Брылевічах. З-за вялікага попыту на абанементы ў дзень іх продажу таксама ўтварылася значная чарга. Некаторыя паблікі нават паведамлялі пра сутычкі паміж людзьмі, якія хацелі набыць абанементы.
У адміністрацыі Маскоўскага раёна пацвердзілі, што попыт на паслугі басейна быў высокім, таму ў дзень продажу ўтварылася вялікая чарга. Для больш хуткага абслугоўвання наведвальнікаў дадаткова прыцягнулі супрацоўнікаў, але абанементы прадаваліся ў парадку жывой чаргі.
Пры гэтым цяпер у продажы яшчэ ёсць свабодныя месцы на аздараўленчыя сеансы і ў групы па навучанні плаванню.
З 1 верасня ў басейне пачнуць працаваць групы па навучанні плаванню для дзяцей і падлеткаў, а таксама сеансы аздараўленчага плавання для ўсіх ахвотных. Установы паведамляюць пра даты і час продажу абанементаў, расклад заняткаў і іншую неабходную інфармацыю на сваіх сайтах і інфармацыйных стэндах.
Чытайце таксама:
Людзі займалі чаргу з васьмі раніцы — ажыятаж на абанементы «Дынама»
«Пачаў мяне душыць». Мінчукі пабіліся пад офісам забудоўшчыка праз ільготны крэдыт
Людзі абрываюць тэлефоны, на кватэру прэтэндуе 2‑3 чалавекі. Анонс іпатэкі пад 1% выклікаў ажыятаж