БЕЛ Ł РУС

Пракуратура Варшавы не будзе расследаваць знікненне Анатоля Котава

26.08.2026 / 15:32

Nashaniva.com

Польская пракуратура адмовілася расследаваць крымінальную справу аб знікненні беларускага палітычнага актывіста Анатоля Котава. Пра адмову на запыт выдання расказаў прэс-сакратар Варшаўскай акруговай пракуратуры Пётр Скіба, піша «Белсат».

Фота: Белсат

«Асоба, якой датычыць паведамленне, не з’яўляецца грамадзянінам Польшчы, дзеянні супраць яе не адбываліся на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, і няма падстаў сцвярджаць, што грамадзяне Польшчы маглі б быць датычныя да магчымага здзяйснення злачынства», — гаворыцца ў адказе журналістам.

Турцыя перадала ў Польшчу матэрыялы пра перамяшчэнне Котава. Згодна з імі, актывіст пры праходжанні памежнага кантролю ў Стамбуле выкарыстоўваў беларускі пашпарт, а не «жэнеўскі», які яму выдала Польшча пры наданні статусу міжнароднай абароны.

Крыніца выдання, блізкая да следства, сцвярджае, што ключавой версіяй знікнення Котава, якую разглядалі польскія следчыя, была ягоная магчымая агентурная дзейнасць, супраца з выведкай і спроба атрымаць доступ да намесніка кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету і старшыні Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Пазней Котава нібыта адхілілі ад аперацыі, каб прадухіліць разгалошванне.

Паводле БРЦ, да гэтай версіі трэба ставіцца крытычна, бо паўнавартаснага расследавання польская пракуратура не праводзіла, а расследавальнікі маюць дадзеныя, якія сведчаць, што знікненне не было добраахвотным рашэннем актывіста.

Сітуацыю з Котавым пракаментаваў Павел Латушка: «Усе гэтыя гады ён спрабаваў наладзіць сувязь з прадстаўнікамі эліты ў Менску і вырашыць беларускую праблему праз іх. <…>. Некалькі разоў дзякуючы яму я камунікаваў з былымі прэм’ер-міністрамі Беларусі. Думаю, у яго атрымалася заглыбіцца ў справу, і ён трапіў у пастку спецслужбаў».

Анатоль Котаў 21 жніўня 2025 года прыляцеў з Варшавы ў Стамбул. Адтуль дабраўся да партовага гораду Трабзон, падняўся на борт яхты і знік.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр разам з Deutsche Welle і OCCRP пры дапамозе ініцыятывы «Рабочы рух» і падтрыманні «Кіберпартызанаў» правялі расследаванне знікнення Анатоля Котава. Вынікі апублікавалі 18 чэрвеня.

Анатоль Котаў, паводле расследавальнікаў, знік у выніку спланаванай аперацыі і трапіў у рукі Федэральнай службы бяспекі Расіі.

Ранкам 22 жніўня, паводле крыніцы БРЦ, яхта спачатку падышла да берагу ў ваколіцы Сухумі, а затым расіяне загадалі вярнуцца — у порт Ачамчыра, што таксама ў Абхазіі, але паблізу пункту памежнай службы ФСБ Расіі. Пакуль Котаў спаў у каюце, капітан патэлефанаваў у порт, каб атрымаць дазвол на швартаванне, яму адказалі чакаць у моры трансфернага карабля. Замест таго да яхты падышоў расійскі вайсковы карабель берагавой аховы. Берагавую ахову выклікалі расійскія пасажыры яхты — яны сцвярджалі, што ўначы Анатоль Котаў нібыта напіўся, напаў на іх і збіў (знаёмыя Котава апісваюць яго як нясхільнага да гвалту).

Чытайце таксама:

Новыя дэталі знікнення Анатоля Котава. Яхта з ім змяніла курс на Абхазію, дзе яго вывелі супрацоўнікі ФСБ. Але выкраданне ці інсцэніроўка?

«Гандляр зброяй Серых мог выкрасці Котава, каб здаць яго беларускім спецслужбам і заслужыць увагу Лукашэнкі» — Станіслаў Івашкевіч

«Хутчэй, камерцыйная разборка». Апейкін агучыў сваю версію знікнення Котава

Каментары да артыкула