Новыя дэталі знікнення Анатоля Котава. Яхта з ім змяніла курс на Абхазію, дзе яго вывелі супрацоўнікі ФСБ. Але выкраданне ці інсцэніроўка?
У жніўні 2025 года Анатоль Котаў з Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці вылецеў з Варшавы на сустрэчу, ад якой, як ён казаў сябрам, шмат што залежала. Праз суткі ён апынуўся на яхце ў Чорным моры, а яшчэ праз некалькі гадзін знік без следу. Беларускі расследавальніцкі цэнтр даведаўся новыя падрабязнасці аперацыі, якая магла быць як выкраданнем палітыка, так і яго інсцэніроўкай з мэтай вываду агента.

Анатоль Котаў — прадстаўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (МДІМА). Працаваў у МЗС Беларусі, Адміністрацыі прэзідэнта, пасольстве ў Польшчы, Нацыянальным алімпійскім камітэце, дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў — 2019 і Кіраўніцтве спраў Лукашэнкі.
У жніўні 2020 года на знак пратэсту сышоў у адстаўку з пасады намесніка загадчыка аддзела фінансавання дзяржаўных органаў галоўнага фінансавага ўпраўлення Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. Апошнія гады знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі, займаўся грамадскай дзейнасцю, быў звязаны з некалькімі палітычнымі і медыйнымі праектамі, у тым ліку з тэлеграм-каналам «Нік і Майк». У 2024 годзе беларускі суд завочна прысудзіў яму 12 гадоў калоніі.
Анатоль Котаў знік у жніўні 2025 года. Вядома, што ён адпрасіўся з працы ў івэнт-агенцтве Terra Group і 21 жніўня адправіўся ў Стамбул. Паводле дадзеных пракуратуры Турцыі, пашпарт Котава адбіўся а 18:35:54 пры выездзе з Турцыі 21 жніўня праз порт Трабзон.
Амаль год журналісты БРЦ, Deutsche Welle і OCCRP разам з ініцыятывамі «Рабочы Рух» і «Кіберпартызаны» спрабавалі высветліць, што адбылося з былым чыноўнікам пасля яго паездкі ў Турцыю. У выніку яны прыйшлі да высновы, што яго знікненне было вынікам загадзя падрыхтаванай аперацыі, у якой удзельнічалі некалькі чалавек, а сам Котаў, верагодна, быў перададзены супрацоўнікам ФСБ Расіі.
За некалькі тыдняў да знікнення Котаў пачаў гаварыць знаёмым пра нейкую важную сустрэчу ў Турцыі. Паводле сяброў і блізкіх, ён выглядаў зацікаўленым і нават натхнёным гэтай перспектывай. Некаторым ён казаў, што неўзабаве могуць адбыцца падзеі, пасля якіх многія беларусы атрымаюць магчымасць вярнуцца дадому. Сустрэча некалькі разоў пераносілася. Апошні раз ён паведаміў жонцы пра чарговую змену даты 11 жніўня 2025 года — за дзесяць дзён да адлёту.
Расследаванне паказвае, што падрыхтоўка да гэтай паездкі пачалася загадзя. Для яе арганізатары арандавалі яхту Shells — 30‑метровае маторнае судна з чатырма каютамі. Пры гэтым экіпаж падбіралі вельмі незвычайным чынам. Капітан і матросы былі туркамі, сцюардэса — грамадзянкай Нідэрландаў, а галоўнай умовай пры найме было тое, каб яны не валодалі рускай мовай. Гэта выглядала дзіўна, бо ўсе пасажыры яхты былі рускамоўнымі.
Кадравік-аператыўнік, сілавік і каратыст
Заказчыкаў паездкі прадстаўлялі двое расіянаў. Першы — 50‑гадовы расіянін Юрый Галаванаў, супрацоўнік пецярбургскай кампаніі «Балтыйская зорка», якая займаецца арганізацыяй VIP-мерапрыемстваў і арэндай дарагога транспарту.

Журналісты звяртаюць увагу на яго кантакты з чалавекам, звязаным з ПВК «Вагнер», а таксама на магчымую датычнасць да спробы дзяржаўнага перавароту ў Кыргызстане ў 2023 годзе. На момант аперацыі ён працаваў у кампаніі, якая арганізуе транспартнае і ахоўнае суправаджэнне мерапрыемстваў з удзелам высокапастаўленых асоб. Прамых доказаў яго службы ў спецструктурах аўтары расследавання не знайшлі.
Другі — 60‑гадовы Пётр Грыб. Як высветлілі журналісты, раней ён камандаваў вайсковай часткай унутраных войскаў МУС Расіі, супрацоўнічаў з рознымі сілавымі структурамі і быў звязаны з ветэранскімі арганізацыямі расійскіх спецслужбаў.

Галаванаў і Грыб прыбылі ў Стамбул амаль за тыдзень да паездкі, якая была запланаваная на 11 жніўня. Аднак незадоўга да адпраўлення падчас выпрабавальнага выхаду ў мора на яхце выявілі тэхнічную няспраўнасць, таму рэйс давялося адкласці на дзесяць дзён.
Трэцім у кампаніі стаў 40‑гадовы беларус Юрый Пузікаў — трэнер і суддзя па каратэ кіакусінкай. Расследаванне паказала, што ён мог быць знаёмы з Анатолем Котавым задоўга да падзей на яхце. Пузікаў працаваў у спартыўным аб'яднанні «Адраджэнне», якое ў розны час узначальвалі былыя супрацоўнікі КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтра.

Гэтыя ж людзі былі звязаныя з кампаніяй «БТС Глобал», якая пры падтрымцы Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта займаецца вытворчасцю і продажам беспілотнікаў. Ключавой фігурай гэтай сеткі аўтары расследавання называюць былога супрацоўніка КДБ Юрыя Сярых. Ён кіраваў «Адраджэннем», а сёння застаецца ўладальнікам «БТС Глобал».
Котаў быў асабіста знаёмы з Сярых. Яны маглі пазнаёміцца яшчэ ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, дзе абодва працавалі ў адзін час. Сярых нават мусіў быць госцем на вяселлі Котава, а ў сацыяльных сетках захаваліся іх сумесныя фотаздымкі.

Журналісты таксама выявілі, што паміж «Адраджэннем», «БТС Глобал» і звязанай з імі кампаніяй Tres International існавала цеснае перапляценне супрацоўнікаў. У гэтых структурах у розны час працаваў Юрый Пузікаў, яго жонка і іншыя людзі з атачэння Сярых.
У сацыяльных сетках «Адраджэння» журналісты знайшлі фатаграфіі Котава: на адной з іх ён пазуе разам з жонкай Пузікава, якая пазней стала супрацоўніцай гэтага аб'яднання. Сам Пузікаў таксама з'яўляўся на фотаздымках, апублікаваных «Адраджэннем». Аднак сумесных фота двух мужчын журналісты не знайшлі, таму пацвердзіць факт іх знаёмства не могуць.
Не абышлося і без жанчыны
Чацвёртай удзельніцай была грамадзянка Іарданіі і ўраджэнка Азербайджана 49‑гадовая Кахіра Эйналава. Яе роля асабліва важная, бо яна была асабіста знаёмая з Котавым задоўга да гэтых падзей. Журналістам Эйналава заявіла, што з Котавым яе звязвалі рамантычныя адносіны. У распараджэнні расследавальнікаў апынуліся іх перапіска і сумесная фатаграфія яшчэ за 2023 год.

Паводле Эйналавай, Котаў пазычыў у яе пяць тысяч еўра. Журналісты не змаглі пацвердзіць гэты доўг, але выявілі, што незадоўга да паездкі ў Турцыю мужчына сапраўды шукаў спосаб атрымаць грошы з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.
Прыкладна за тыдзень да вылету ён папрасіў знаёмага бізнэсмена даць рэквізіты эмірацкай банкаўскай карты, на якую нехта павінен быў унесці гатоўку ў Дубаі. Хто менавіта пералічыў грошы, невядома, аднак аўтары расследавання не выключаюць, што гэта магла быць Эйналава.
Напярэдадні паездкі Котаў таксама казаў сябрам, што ўсе выдаткі на важную сустрэчу ў Турцыі возьме на сябе прымаючы бок.
Што менавіта звязвала Котава і Эйналаву, журналістам высветліць не ўдалося. Вядома, што яны пазнаёміліся не пазней за 2023 год пасля адной з паездак Котава ў Дубай. У той час ён шмат расказваў знаёмым пра новыя кантакты ў ААЭ і магчымыя бізнэс-праекты. Паводле слоў аднаго з сяброў, Котаў нават сцвярджаў, што яму прапанавалі стаць дарадцам аднаго з прынцаў. У перапісцы Эйналава паведамляла яму, што ягоным праектам нібыта зацікавіўся азербайджанскі бізнэсмен Анар Мамедаў.
У той жа перыяд Котаў абмяркоўваў з партнёрамі і іншыя бізнэс-ідэі, звязаныя з краінамі Персідскага заліва. У красавіку 2025 года ён зноў наведаў Дубай і правёў там некалькі сустрэч, пра частку якіх не расказваў нават блізкім. Аўтары расследавання не выключаюць, што менавіта тады ён мог сустрэцца з кімсьці з людзей, якія пазней апынуліся разам з ім на яхце Shells.

Аперацыя
Раніцай 21 жніўня 2025 года Котаў выехаў з Варшавы ў аэрапорт. Паводле сведчанняў блізкіх, ён выглядаў узрушаным і нерваваўся. Жонцы сказаў, што едзе па працы, а на працы — што па асабістых справах. З сабой узяў толькі невялікі чамадан, тэлефон і ноўтбук. Да вечара праз Стамбул ён дабраўся да турэцкага Трабзона і падняўся на борт яхты Shells разам з Кахірай Эйналавай.
На той момант Галаванаў і Грыб ужо знаходзіліся на яхце. Пузікаў таксама быў там, але пасля прыбыцця Котава сышоў на бераг і больш на судне не з'яўляўся.
Афіцыйна капітан паведаміў партовым уладам, што яхта ідзе ў расійскі Сочы. Аднак, як высветлілі журналісты, рэальны маршрут быў іншым. Судна накіроўвалася ў Сухумі — сталіцу самаабвешчанай Абхазіі.
Паездка ў Абхазію выглядала для Котава рызыкоўнай. На той момант ён ужо знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку, таму мог быць затрыманы не толькі ў Расіі, але і ў Абхазіі, дзе мясцовыя сілавыя структуры шчыльна супрацоўнічаюць з расійскімі. Журналістам не ўдалося высветліць, ці ведаў Котаў пра сапраўдны маршрут падарожжа і ці пагаджаўся на яго свядома.
Кахіра Эйналава сцвярджае, што першапачаткова кампанія збіралася ў Грузію і нават планавала наведаць казіно. Аднак пасля адпачынку і ўжывання алкаголю планы нібыта змяніліся. Паводле яе слоў, яна не цікавілася размовамі паміж астатнімі пасажырамі і не ведае, якія рашэнні яны прымалі. У выніку яхта накіравалася ў Расію.
Паводле версіі Эйналавай, Котаў пакінуў яхту разам з іншымі пасажырамі, пасля чаго яна яго больш ніколі не бачыла і нічога пра ягоны лёс не чула.

Аднак іншыя крыніцы апісваюць падзеі раніцы 22 жніўня інакш. Паводле іх, спачатку яхта наблізілася да ўзбярэжжа каля Сухумі, але пасля расіяне загадалі змяніць маршрут і накіравацца ў порт Ачамчыра. Гэты горад таксама знаходзіцца ў Абхазіі, але паўднёвей за Сухумі. Там размешчаны пункт базавання памежнай службы ФСБ Расіі.
Пакуль Котаў спаў у каюце, капітан звязаўся з портам, каб атрымаць дазвол на швартоўку. У адказ яму загадалі чакаць у моры і не набліжацца да рыбакоў, пакуль не прыбудзе трансферны катар. Аднак замест яго да яхты падышоў расійскі карабель берагавой аховы. Як адзначаецца ў расследаванні, спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што прыкладна ў гэты час (12.30 па грузінскім часе) з расійскай базы выйшла патрульнае судна, якое праз некалькі хвілін узяло курс у бок яхты Shells.

Паводле звестак журналістаў, берагавую ахову выклікалі самі расійскія пасажыры яхты. Яны сцвярджалі, што ўначы Анатоль Котаў нібыта напіўся, напаў на іх і збіў.
Паводле сведчанняў крыніц, расійскія памежнікі ФСБ падняліся на борт, уварваліся ў каюту Котава, вывелі яго, загадалі капітану выкрасліць беларуса са спісу пасажыраў і перавялі яго на свой карабель. Пасля гэтага судна ФСБ адышло ў мора.
Астатнія пасажыры засталіся на яхце. Расіяне загадалі капітану ісці ў Сухумі, дзе самі сышлі на бераг, а затым накіраваліся ў Расію. Эйналава пасля гэтага вярнулася ў Трабзон. Экіпаж яхты пасля завяршэння рэйса быў звольнены.
Журналісты адзначаюць, што не ведаюць, ці ўсведамляў Котаў, куды менавіта накіроўваецца яхта ў апошнія гадзіны плавання. Паводле версіі Эйналавай, пасля застолля з расійскімі пасажырамі ён заснуў. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што яму было дрэнна і яго ванітавала.
Пры гэтым усе апытаныя журналістамі знаёмыя Котава сцвярджалі, што ён не быў схільны да фізічнай агрэсіі ні ў цвярозым стане, ні пасля ўжывання алкаголю. Ніхто з іх не змог успомніць выпадкаў, калі ён паводзіў сябе падобным чынам.
Аўтары расследавання падкрэсліваюць, што ўсе апісаныя абставіны былі правераныя па некалькіх незалежных крыніцах, а дакументы і запісы размоў з інфарматарамі знаходзяцца ў распараджэнні рэдакцыі.
А што з яхтай?
На момант аперацыі яхта Shells, на якой Котава даставілі да абхазскага ўзбярэжжа, належала брытанскай кампаніі MGA Yachting LTD. Да 2022 года канчатковым уладальнікам яхты быў турэцкі бізнесмен Тойгар Едыгёз, звязаны з кампаніяй Fix Defence. Яна вырабляе бронекамізэлькі і беспілотнікі для вайсковай сферы — гэтаксама, як і беларуская «БТС Глобал», на якую расследаванне ўжо выводзіла праз кола былых супрацоўнікаў КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтра.

Расследавальнікі выявілі і іншыя сувязі паміж яхтай і гэтай кампаніяй. Адзін з капітанаў Shells называў Fix Defence сваім месцам працы. Акрамя таго, з абедзвюма структурамі былі звязаныя муж і жонка Хейдаравы: Эмін Хейдараў (азербайджанец як і Кахіра Эйналава) уваходзіў у кіраўніцтва Fix Defence, а яго жонка Сабіна ў 2022 годзе стала ўладальніцай кампаніі MGA Yachting, на якую была аформленая яхта падчас аперацыі. Па інфармацыі аўтараў, Кейдараў неаднаразова лётаў у Беларусь.
Праз паўгода пасля знікнення Котава судна прадалі кампаніі з Маршалавых астравоў, якая не раскрывае сваіх сапраўдных уласнікаў. Пасля продажу яхта атрымала новую назву — YS Legacy.
Журналісты звярнулі ўвагу, што ў сакавіку 2026 года беларуская кампанія «БТС Глобал» падала заяўку на рэгістрацыю гандлёвай маркі з такой жа назвай. Яны таксама адзначаюць, што літары YS супадаюць з ініцыяламі ўладальніка «БТС Глобал» Юрыя Сярых. Акрамя таго, яны выявілі і яшчэ адно супадзенне: новыя ўладальнікі яхты былі зарэгістраваныя на Маршалавых астравах па тым самым адрасе, што і кампанія, якая раней перадавала адзін са сваіх актываў Юрыю Сярых.
Па словах аўтараў, яны звярнуліся па каментарыі да ўдзельнікаў гэтай гісторыі і іншых асобаў, згаданых у расследаванні. Кахіра Эйналава заявіла, што не зразумела пытанняў, і прыгразіла юрыдычнымі наступствамі ў выпадку далейшых зваротаў. Юрый Галованаў прачытаў паведамленне журналіста ў тэлеграме, але не адказаў. Іншыя фігуранты расследавання на момант публікацыі таксама не адрэагавалі на запыты.
Асобна расследавальнікі звяртаюць увагу на рэакцыю польскіх уладаў на знікненне Котава. У верасні 2025 года польская пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу па факце пазбаўлення яго свабоды. Паводле звестак журналістаў, цягам дзесяці месяцаў пасля знікнення паліцыя і спецслужбы не праводзілі актыўных следчых дзеянняў: не дапытвалі сваякоў і знаёмых Котава, не аглядалі яго рэчы і электронныя прылады. У адказ на запыт журналістаў Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла, што не расследуе яго знікненне.
На момант публікацыі расследавання, 18 чэрвеня 2026 года, лёс Анатоля Котава застаецца невядомым.
Каментары
Для тех, кто следит за фактами, тут давно всё очевидно. Об этом ведь уже открыто писали в расследованиях на основе баз данных: за Котовым тянется прямая связь с Владимиром Поповым — кадровым разведчиком ГРУ и бывшим сотрудником Службы безопасности Лукашенко. Они официально являлись соучредителями ООО «Наследие2019», созданного сразу после Европейских игр. Так что нынешний вывоз Котова сотрудниками ФСБ через Абхазию — это просто закономерный финал эвакуации агента, чья легенда окончательно рухнула
Каб яго арыштавалі, то напэўна паведамілі. А выглядае ўсе як з той Мельнікавай.
Усе гэтыя сувязі, знаемства, сустрэчы - усе даволі цьмяна