Арына Сабаленка стала амбасадаркай яшчэ аднаго брэнда
Першая ракетка свету Арына Сабаленка стала амбасадаркай ізраільскай кампаніі Moroccanoil, якая выпускае сродкі для догляду за валасамі. Беларуская тэнісістка ўжо апублікавала сумесны з брэндам пост у Instagram, піша Office Life.
Арына Сабаленка. Фота: Moroccanoil
Гісторыя Moroccanoil, паводле легенды, пачалася ў 2006 годзе. Будучая заснавальніца кампаніі Кармэн Таль падчас паездкі ў Ізраіль наведала салон, дзе ёй сапсавалі валасы. У іншым салоне праблему вырашылі з дапамогай арганавага алею. Пасля гэтага Таль набыла флакон алею, прывезла яго ў Канаду і разам з мужам і ізраільскім цырульнікам Майкам Сабагам заснавала бізнэс па вытворчасці сродкаў для валасоў.
У кампаніі заявілі, што Сабаленка і Moroccanoil ідэальна падыходзяць адно аднаму. Тэнісістка ўвасабляе ўпэўненасць, сілу і індывідуальнасць, якія адпавядаюць каштоўнасцям брэнда.
У якасці амбасадаркі Сабаленка будзе ўдзельнічаць у глабальных рэкламных кампаніях Moroccanoil і ствараць эксклюзіўны кантэнт для кампаніі. Фінансавыя ўмовы партнёрства не раскрываюцца.
Сама Сабаленка расказала, што даўно карыстаецца прадукцыяй Moroccanoil і лічыць яе часткай свайго штодзённага догляду.
Брэнд ужо мае сувязі з тэнісам: некалькі гадоў Moroccanoil быў афіцыйным партнёрам па доглядзе за валасамі турніру Miami Open.
Сабаленка працягвае пашыраць спіс буйных рэкламных партнёраў. Раней кантракты з ёй заключылі Gucci, Stella Artois, Emirates Airlines і нью-ёркская ювелірная кампанія Material Good.
Паводле рэйтынгу Sportico, за перыяд з 1 чэрвеня 2025 года па 1 ліпеня 2026‑га Сабаленка зарабіла $35,9 мільёна, заняўшы пятае месца сярод самых высокааплатных тэнісістак свету. З гэтай сумы $13,9 мільёна склалі прызавыя, а яшчэ $22 мільёна — даходы ад рэкламных кантрактаў.
Чытайце таксама:
Каб захаваць першы радок у сусветным тэнісе, Арыне Сабаленцы трэба толькі перамагаць на US Open
Арына Сабаленка прэзентавала новую калекцыю футболак са сваёй выявай
Арына Сабаленка хоча вяселле згуляць у Грэцыі
Латушка заклікаў Сабаленку паспрыяць вызваленню палітычных вязняў