У Пінску пільная бабуля не дала махлярам абдурыць свайго ўнука
Жыхарка Пінска дапамагла выратаваць 25‑гадовага ўнука ад тэлефонных махляроў, якія спрабавалі завалодаць амаль 35 тысячамі рублёў, паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Спачатку маладому чалавеку патэлефанаваў незнаёмы, які выдаваў сябе за супрацоўніка аператара сувязі. Ён заявіў, што нібыта заканчваецца тэрмін дзеяння дамовы, і такім чынам выведаў у пінчука неабходныя звесткі.
Пасля з мужчынам звязаўся іншы махляр, які прадставіўся работнікам Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Ён запалохаў маладога чалавека тым, што той нібыта кантактаваў са злачынцамі і яму можа пагражаць ператрус. Каб пазбегнуць праблем, пінчуку прапанавалі часова «задэклараваць» усе наяўныя грошы.
Малады чалавек расказаў аферыстам пра свае ашчаджэнні і грошы 69‑гадовай бабулі, з якой жыў. Падманам яго прымусілі забраць з дому амаль 7 тысяч рублёў бабуліных і каля 8 тысяч уласных. Акрамя таго, ён узяў грошы яшчэ ў адной 74‑гадовай мясцовай жыхаркі. У выніку сабралася каля 35 тысяч рублёў.
З грашыма пінчук на таксі накіраваўся ў Мінск, каб нібыта перадаць іх «упаўнаважаным асобам». Аднак бабуля патэлефанавала ўнуку і пачала высвятляць, куды ён паехаў і навошта ўзяў такую вялікую суму. Мужчына спасылаўся на нейкія «сакрэтныя ўказанні» і забарону раскрываць «дзяржаўную таямніцу».
Жанчына здолела пераканаць унука, што ён стаў ахвярай махляроў. Канчаткова малады чалавек зразумеў, што яго падманулі, пасля званка на нумар 102.
Па факце спробы махлярства распачалі крымінальную справу.
Чытайце таксама:
Мінчанка спалохалася адказнасці за «дзяржздраду» і аддала махлярам на экспертызу 140 тысяч рублёў
Мінчук заказаў 101 ружу, але падарыць букет дзяўчыне не змог
Кватэры з абсталяваннем для махлярскіх кол-цэнтраў выявілі ў трох абласных цэнтрах
Пенсіянерка распавяла, як пад відам супрацоўнікаў райвыканкама яе ледзь не аблапошылі махляры
Беларус хацеў пабагацець у Нарвегіі, але толькі сам патраціў грошы