Пенсіянерка распавяла, як пад відам супрацоўнікаў райвыканкама яе ледзь не аблапошылі махляры
Жанчына падрабязна апісала «Нашай Ніве», як фэйкавыя супрацоўнікі райвыканкама захапілі яе вайбер і ледзь не дабраліся да банкаўскіх даных.

Таццяна (імя змененае ў мэтах бяспекі) кажа, што звычайна не адказвае на незнаёмыя нумары (тым больш у месенджарах), але тут нешта расслабілася. Да таго ж жанчына толькі выйшла на пенсію, таму званок нібыта з іх раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне не падаўся ёй дзіўным.
«Суразмоўца назваўся супрацоўнікам райвыканкама. Сказаў, што высветлілася, маўляў, ва ўпраўленні сацабароны мне не палічылі дзесяць месяцаў стажу. Мяне запісалі на наступны дзень прыйсці на прыём а 12‑й гадзіне. Сказалі ўзяць з сабой пашпарт, страхавое і працоўную кніжку. Потым сказалі дачакацца выкліку і назваць чатыры апошнія лічбы тэлефона — гэта быў бы мой электронны пропуск. Я назвала».
Пасля жанчыне сказалі, што для зручнасці дашлюць спасылку для ўстаноўкі «дадатку ФСАН», дзе яна зможа сачыць за статусам яе справы. Для рэгістрацыі ў дадатку патрабавалася ўвесці даныя пашпарта і банкаўскай карткі.
Пашанцавала, што ў працэсе Таццяна паспела звярнуць увагу, што пад нумарам «супрацоўніка райвыканкама» было напісана «Данія».
«Я спытала, а чаму ў вас тут Данія? Сказала, што спыняю дыялог і паклала слухаўку».
Дабрацца да банкаўскага рахунку пенсіянеркі махляры не здолелі, а вось яе вайбер захапілі — жанчына сама назвала ім тыя самыя чатыры апошнія лічбы. Іх хапіла, каб ашуканцы традыцыйным шляхам залагініліся пад нумарам Таццяны ў месенджары.
«Мая аватарка ў вайберы адразу знікла, я сама стала там падпісаная як супрацоўніца райвыканкама. І ўжо з майго нумару пачалі назвоньваць усім маім кантактам».
Пазней жанчына здолела аднавіць кантроль над вайберам.
Гэта ўжо далёка не першы падобны выпадак па краіне. Так, нядаўна 68‑гадовая мінчанка адказала на званок з ілжэўпраўлення сацыяльнай абароны і паверыла, што яе чакае пераразлік пенсіі. У выніку жанчына засталася без 9000 рублёў.
Махляры таксама любяць выдаваць сябе за супрацоўнікаў банкаў, дастаўкі, міліцыі, пошты, ДАІ, сістэмы аховы здароўя і нават «Еўраопта». У ход ідуць і страшныя розыгрышы, калі кажуць, што ваш блізкі чалавек нібыта трапіў у аварыю і яму тэрмінова патрэбная фінансавая дапамога.
Варта памятаць, што супрацоўнікі райвыканкама і службы «адно акно» ніколі не будуць тэлефанаваць праз месенджары, а таксама прасіць надыктаваць уразлівыя даныя па тэлефоне. Тым больш чыноўнікі не будуць прымушаць усталяваць вас дадатак. Для ўпэўненасці лепей перастрахавацца і праверыць пачутую вам інфармацыю па адзіным нумары службы «адно акно» — 142.
Пра ўсе спробы ашуканства абавязкова паведамляйце ў міліцыю па тэлефоне 102.
Каментары