«Падляшша недаацэненае новымі эмігрантамі». Беларус стварае фотапраект, прысвечаны аканіцам хат на польскім памежжы
Амаль кожныя выхадныя Сяргей Пехцераў едзе цягніком з Варшавы да Беластока, а пасля перасаджваецца на ровар, каб праехацца па вёсках Падляшша. Усё дзеля таго, каб сфатаграфаваць вокны і аканіцы хат, што стаяць на польска-беларускай мяжы. У яго архіве ўжо больш за сотню такіх аканіц. Выданне Most даведалася ў Сяргея, навошта яму гэтыя кадры.
Сяргей. Фота з яго асабістага архіва
«Як беларус адчуваю адказнасць за тое, што на мяжы пабудавалі плот»
Зімой Сяргей падаў дакументы на міжнародную абарону — падчас разгляду справы пакідаць Польшчу нельга. Беларуса гэта не засмуціла: ён ведаў, што на Падляшшы захавалася старая драўляная архітэктура, адрозная ад той, якую можна пабачыць у іншых частках краіны, але часткова падобная да беларускай. Ведаў Сяргей і пра «Краіну адчыненых аканіц» — вёскі, якія прывабліваюць турыстаў маляўнічымі фасадамі.
«Вырашыў, што хачу аб’ехаць усё Падляшша — тым самым я сублімую недахоп маёй роднай вёскі, прыроды. Плюс хацеў зрабіць штосьці карыснае для гэтага рэгіёну, бо як беларус трошкі адчуваю адказнасць за тое, што на мяжы пабудавалі плот і з-за гэтага [польскі] турыстычны бізнэс пайшоў уніз», — кажа Сяргей.
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
Мужчыну засмучала, што турысты абіраюць горы або мора, але не звяртаюць увагі на памежны рэгіён.
«Там ёсць, што паглядзець: зубры, пушча з адзіным лесам, які ўваходзіць у спіс ЮНЭСКА, сапраўды цікавыя вёскі з добразычлівымі людзьмі, якія могуць пачаставаць грушамі», — тлумачыць сваю зацікаўленасць Падляшшам Сяргей.
Спіс вёсак браў з дзяржаўнага рэестра
Спачатку беларус хацеў проста бліжэй пазнаёміцца з рэгіёнам. Але пасля прыдумаў сабе місію — зрабіць экспедыцыю па аканіцах. Чым больш ён паглыбляўся ў тэму вясковых падляшскіх хат, тым мацней маштабавалася ідэя будучага праекта.
«Спачатку з сайта дзяржаўнага рэестра браў спіс вёсак, пасля кожную з іх праглядаў на Google Maps. Аказалася, што больш за 300 вёсак маюць падобныя аканіцы. Мне стала цікава: якіх тыпаў і колераў яны бываюць, у якім стане дамы», — кажа Сяргей.
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
Два месяцы ў яго пайшло на тое, каб праглядзець здымкі вёсак на Google Maps. Кожную з хат з аканіцамі Сяргей фіксаваў і ўносіў у спецыяльную табліцу. А з надыходам цяпла перайшоў да непасрэднага здзяйснення экспедыцый.
«Па сутнасці, я зрабіў дзве вялікія вандроўкі. Першую — анлайн, а другую — фізічна, бо мне хочацца праехацца амаль усюды», — усміхаецца суразмоўца.
«Усё, больш не паеду»
Перад паездкай малады чалавек распрацоўвае маршрут — імкнецца за адну паездку ахапіць як мага больш вёсак. Працэс не хуткі, бо трэба ўлічваць расклад цягнікоў, рамонт дарог і стан трасы — гэта займае ў Сяргея каля гадзіны.
Пасля, часцей за ўсё ў выхадныя, беларус дабіраецца з Варшавы да Беластока або Седлец цягніком. Ужо адтуль, у залежнасці ад маршруту, роварам або рэгіянальным цягніком едзе да патрэбных пунктаў. За некалькі месяцаў працы над праектам малады чалавек паспеў зрабіць 14 экспедыцый.
«Дзве з іх зрабіў на машыне, бо, калі едзеш роварам, вельмі важна паспець на цягнік. Але на Падляшшы ёсць вёскі, дзе вельмі шмат дамоў — я проста разумеў, што мне не хопіць часу».
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
Спачатку беларус планаваў маршруты на 50‑60 кіламетраў, але пазней іх працягласць павялічылася да 100 кіламетраў.
«Бывае, што, каб дабрацца да вёсак, трэба ехаць праз лес — і там замест дарогі пясок. Ехаць вельмі цяжка, стамляешся. Таксама гэта рэгіён, дзе не заўсёды бывае інтэрнэт. Прыязджаеш на чыгунку і думаеш: «Усё, больш не паеду», — прызнаецца суразмоўца.
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
«Мяне натхняе гісторыя Напалеона Орды»
Абавязковая ўмова кожнага падарожжа Сяргея — сфатаграфаваць дамы з аканіцамі.
«Мяне натхняе гісторыя Напалеона Орды, які ездзіў і маляваў замкі ды фальваркі. У пэўны момант я падумаў: а чым я горшы? Бо, калі нешта ствараеш, цікавей жыць», — разважае ён.
З кожнага падарожжа малады чалавек робіць асобны анлайн-альбом — туды трапляюць здымкі аканіц, агульныя краявіды вёсак і прырода Падляшша.
«Па кожным доме ў мяне ёсць адзначаная лакацыя, здымак з Google Maps і здымак, які зрабіў я. Пасля планую класіфікаваць хаты па колерах аканіц, каб геаграфічна можна было зразумець, які майстар над імі працаваў».
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
Падчас падарожжаў здараюцца нечаканасці. Часам бывае, што хату ўжо знеслі або ўладальнікі замест арыгінальных аканіц паставілі больш сучасныя. Але прыемныя сюрпрызы таксама бываюць.
«Прыязджаеш у вёску і бачыш, што аканіцы дабудавалі. І так у кожнай вандроўцы: прывожу на 10‑15 здымкаў больш, чым планаваў. Таму гісторыя з аканіцамі — жывая», — кажа Сяргей.
«Дакладна праехаў больш за палову з таго, што планаваў»
Сяргей вядзе спецыяльны візуалізаваны ўлік вёсак с аканіцамі. Аналізуючы яго, беларус прыйшоў да высновы, што больш за ўсё такія хаты сканцэнтраваныя ў зоне паміж Белавежскай пушчай і Бельскам-Падляшскім.
Пакуль маладзён не паспеў наведаць Сувалкскі рэгіён, але мае надзею даехаць і туды. У планах — яшчэ дзве вандроўкі па 100 кіламетраў.
«Я дакладна ўжо праехаў больш за палову з таго, што планаваў. Калі здымкамі запаўняю базу з данымі, думаю, як класна я скатаўся», — кажа Сяргей.
Канчаткова экспедыцыі скончацца ў лістападзе — пасля ездзіць на ровары будзе нязручна.
Сяргей. Фота з яго асабістага архіва
«Падляшша недаацэненае новымі эмігрантамі»
Праект Сяргея на гэтым не закрыецца. Беларус плануе стварыць спецыяльную анлайн-мапу з маршрутамі і здымкамі для падарожнікаў, дзе пазначаная інфармацыя будзе дублявацца на польскай, беларускай і ўкраінскай мовах.
Другая частка праекта будзе рэалізаваная афлайн — Сяргей хоча выдаць альбом з фотаздымкамі падляшскіх аканіц. У зборнік ён таксама плануе дадаць інфаграфіку.
«У альбоме не хачу рабіць аніякіх высноў, а проста хачу паказаць, як было раней, як цяпер і што чакае ў будучыні», — дадае Сяргей.
Разважаючы пра лёс невялікіх мястэчак, ён прыгадвае родную вёску ў Гомельскай вобласці. Калі Сяргей быў яшчэ падлеткам, яна яшчэ жыла, але імкліва знікла цягам пяці гадоў.
«І я вельмі цешуся, што гісторыя Падляшша жывая, што людзі надалей набываюць тут хаты, а некаторыя будуюць на гэтым бізнэс — хацелася б гэта захаваць. Лічу, што рэгіён пакуль трошкі недаацэнены новымі эмігрантамі, спадзяюся, яны таксама даведаюцца пра гісторыю Падляшша».
Чытайце таксама:
Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю
Выйшла кніга «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша»