БЕЛ Ł РУС

Анжаліка Агурбаш расказала, чаму яе кінуў жаніх

1.10.2026 / 16:42

Nashaniva.com

Спявачка Анжаліка Агурбаш падзялілася з расійскім выданнем НСН, што яе жаніх знік пасля таго, як стала вядома пра магчымасць таго, што патэнцыйная жонка можа стаць інвалідам. Ён раптам перастаў выходзіць на сувязь, калі яна знаходзілася ў бальніцы пасля сур'ёзнай аперацыі.

Анжаліка Агурбаш. Фота: «Наша Ніва»

Вясной 2025‑га стала вядома, што Анжаліка Агурбаш збіраецца выйсці замуж. Аднак у выніку нічога не зраслося. Цяпер жа яна ўпершыню растлумачыла прычыны разрыву са сваім жаніхом.

«Мы пераносілі вяселле, і ніякія жыццёвыя абставіны не былі для нас перашкодай. Мой жаніх не баяўся цяжкасцяў, адлегласцяў ці рызык для свайго бізнэсу. Аднак вяселле адкладвалася на нявызначаны тэрмін, і мы працягвалі жыць сваім жыццём, не надаючы значэння фармальнасцям.

Пасля маёй складанай аперацыі на хрыбетніку я спрабавала з ім звязацца, але адказу не атрымала. Усе тэлефоны былі недаступныя. Ён адвёз мяне ў бальніцу і паляцеў у Дубай па справах.

Я разумела, што ў яго могуць быць важныя справы. Звярнуўшыся да нашых знаёмых, я нічога не даведалася.

Прайшло два тыдні, перш чым яго сябры паведамілі, што з ім усё ў парадку, аднак ён моцна спалохаўся наступстваў аперацыі і таго, што я магу застацца інвалідам, і вырашыў кінуць мяне. Мне прыйшлося даваць рады гэтыму адной», — падзялілася яна.

Анжаліка Агурбаш дадала, што ейная праца над новым альбомам праходзіла на фоне складаных асабістых перажыванняў.

У 2020 годзе Анжаліка Агурбаш удзельнічала ў мітынгах супраць фальсіфікацыі выбраў у Беларусі ля амбасады ў Маскве. Па словах артысткі, апалітычнай яна перастала быць, каля пабачыла затрыманні Сяргея Ціханоўскага ды Віктара Бабарыкі.

Тады яна заклікала кожнага беларуса дапамагаць пратэстам: «У Расіі ў мяне сэрца разрываецца, паверце, у дзесяць разоў больш, чым нават у тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. Ад бяссілля і безвыходнасці. Кожную нядзелю я прыходжу да беларускага пасольства, прапусціла толькі адзін дзень, калі захварэў сын. Хай гэта маленькая, але падтрымка».

Прызнавалася, што плакала, калі бачыла жорсткі разгон маршу пенсіянераў: «Прыходжу да беларускага пасольства — і становіцца крыху лягчэй. Я цудоўна разумею, што адчуваюць цяпер людзі ў Беларусі, — гэты гвалт я перажыла ў сваёй асабістай гісторыі. Ты павінен жыць, хадзіць і дыхаць так, як хоча адзін чалавек. Паводле Лукашэнкі, трэба яшчэ і думаць так, як ён».

Праз гэта ў Агурбаш, якая акрамя беларускага пашпарту мае і расійскі, пачаліся праблемы на радзіме. Яе ўключылі ў чорны спіс артыстаў, а таксама завялі крымінальныя справы — абвінавацілі ў распальванні варожасці і абразах на адрас Лукашэнкі.

Дайшло да таго, што ў 2024 годзе нават беларускі пасол у Расіі Дзмітрый Круты выказаў абурэнне гендырэктару «Першага канала» Канстанціну Эрнсту праз з'яўленне ў эфіры Анжалікі Агурбаш. А беларуская прапаганда была ў шаленстве праз тое, што артыстка можа выступаць з гастролямі ў Расіі.

Пазней Анжаліка пачала падтрымліваць сям’ю Цапкалаў. Яна неаднаразова з’яўлялася ў іх стрымах, крытыкавала Святлану Ціханоўскую.

Цяпер жа Агурбаш публічна не праяўляе сваіх палітычных поглядаў. Максімум выказванняў, якія артыстка дазваляе сабе — гэта тое, што больш за ўсё марыць спыніць войны ва ўсім свеце. А навіны з яе жыцця зноў тычацца выключна свецкай хронікі.

Чытайце таксама:

Зладзіла дзень нараджэння для дарагога сабакі мальтыпу, марыць пра ўнукаў: як цяпер жыве Анжаліка Агурбаш

Анжаліка Агурбаш перанесла сваё чарговае вяселле

Анжаліка Агурбаш зноў выходзіць замуж

З'явілася яшчэ адно сведчанне пераследу спявачкі Агурбаш былым паслом у Расіі Дзмітрыем Крутым

Анжаліка Агурбаш перанесла сваё чарговае вяселле

Каментары да артыкула