Якія грыбы і ягады найбольш назапашваюць радыенукліды?
Грыбы праз свае біялагічныя асаблівасці добра паглынаюць цэзій-137 і значна больш інтэнсіўна назапашваюць радыенукліды, чым іншыя лясныя расліны. Колькасць цэзію-137 у грыбах заўсёды вышэйшая, чым у глебе, на якой яны растуць.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Паводле здольнасці назапашваць радыенукліды грыбы падзяляюцца на чатыры групы.
Да слабых назапашвальнікаў адносяцца апенькі, порхаўкі жамчужныя, шампіньёны і страчкі звычайныя.
Сярэдне назапашваюць сыраежкі, бабкі, лісічкі, баравікі і падасінавікі.
Да грыбоў, якія моцна назапашваюць радыенукліды, адносяцца грузды, рыжыкі, ваўнянкі і зялёнкі.
Найбольшай здольнасцю да назапашвання характарызуюцца польскія грыбы, свінушкі, маслякі і махавікі.
У шапачках грыбоў канцэнтрацыя радыенуклідаў звычайна ў 1,5—2 разы вышэйшая, чым у ножках. Асабліва гэта характэрна для баравікоў, бабак, падасінавікаў і польскіх грыбоў. Выразнай розніцы паміж маладымі і старымі грыбамі па колькасці цэзію-137 не адзначаецца. Аднак рэкамендуецца збіраць маладыя грыбы, паколькі ў старых могуць назапашвацца таксічныя рэчывы.
Сярод дзікарослых ягад здольнасць назапашваць цэзій-137 павялічваецца ў такой паслядоўнасці: каліны, рабіны, суніцы, ажыны, маліны, брусніцы, буякі. Найбольш радыенуклідаў назапашваюць журавіны і чарніцы.
Пры аднолькавых умовах росту чарніцы могуць назапашваць цэзію-137 у 2—3 разы больш, чым маліны і суніцы.
Чытайце таксама:
Жыхар Краснаполля атруціўся грыбамі і памёр
У Бараўлянах знайшлі рэдкі чырванакніжны грыб дыяметрам 40 сантыметраў
Грыбная хваля пайшла ў Мінску. Гараджане публікуюць ФОТЫ баравікоў і апенек, назбіраных у сталіцы
Пад Гроднам знайшлі баравік, які прэтэндуе на рэкорд гэтага сезону ФОТАФАКТ