БЕЛ Ł РУС

Дацкі брэнд абутку ECCO у Беларусі фактычна спыніў працу. Але пэўнасці няма

2.10.2026 / 16:56

Nashaniva.com

Сайт дацкага вытворцы абутку ECCO у Беларусі часова недаступны. На старонцы-заглушцы пры гэтым паведамляецца, што брэнд працягвае працаваць у краіне. Пра гэта кампанія таксама паведаміла кліентам праз SMS-рассылку, паведамляе Office Life.

Так цяпер выглядае крама ECCO ў ГЗЦ Dana Mall. Фота: OL

На беларускім сайце ECCO гаворыцца, што ў працы крамы ў гандлёвым цэнтры «Замак» і сайта ecco-shoes.by адбываюцца змены, таму інтэрнэт-крама часова спыніла працу з 30 верасня 2026 года.

Акрамя інтэрнэт-крамы, з 29 верасня перастала працаваць бонусная праграма ECCO. Пры гэтым падарункавыя карты брэнда па-ранейшаму можна выкарыстоўваць у краме ў ГЦ «Замак».

Рознічнымі продажамі ECCO у Беларусі займаецца ІПТАА «ЭККО-БЕЛРОС», зарэгістраванае ў лютым 2013 года. Асноўны від дзейнасці кампаніі — рознічны гандаль абуткам у спецыялізаваных крамах.

У 2014 годзе ў Беларусі працавалі дзевяць крам ECCO: шэсць у Мінску і па адной у Магілёве, Гомелі і Віцебску. У пачатку 2026 года ў кампаніі заставалася пяць сталічных крам, пасля чаго яны паступова пачалі закрывацца. У пачатку восені спыніла працу крама ў мінскім ГЗЦ Dana Mall. Цяпер у Беларусі засталася толькі адна крама ECCO — у гандлёвым цэнтры «Замак».

Яшчэ летам ECCO абвясціў распродаж усяго асартыменту абутку. Карыстальнікі сацыяльных сетак тады паведамлялі са спасылкай на прадаўцоў, што новых паставак не чакаецца.

У жніўні Office Life звяртаўся ў кампанію па каментар. Там адказалі, што ў адпаведнасці з карпаратыўнай палітыкай не каментуюць пытанні, звязаныя з унутранымі бізнэс-працэсамі.

Чытайце таксама:

«Дабраном» запускае яшчэ адну сетку крамаў

Закрылася апошняя крама сеткі VDOM

У Мінску на месцы былога аўтацэнтра Audi і Porsche будуць прадаваць Geely

Банкрутуе сетка будаўнічых крамаў

Каментары да артыкула