На аўкцыёне ў Ганконгу карціну Шагала прадалі за 6,3 мільёна даляраў
У Ганконгу завяршыліся першыя ў гэтым сезоне таргі сучаснага мастацтва. Як звычайна, на іх былі прадстаўленыя некалькі работ Марка Шагала. Адна з яго карцін — «Сяляне» — была прададзена за больш чым 6,3 мільёна даляраў, піша Office Life.
Карціна «Сяляне» Марка Шагала. Фота: Sotheby's
Марк Шагал напісаў «Сялян» у 1971 годзе, калі жыў у камуне Сен-Поль-дэ-Ванс на паўднёвым усходзе Францыі разам са сваёй другой жонкай Валянцінай Бродскай. На карціне паказаныя характэрныя для творчасці мастака вобразы, а ў цэнтры знаходзяцца двое закаханых. У адрозненне ад многіх іншых работ Шагала, тут яны не абдымаюцца. Магчыма, так мастак, як мяркуецца ў артыкуле, перадаваў сваю настальгію па доме і дзяцінстве.
На вячэрніх таргах сучаснага і актуальнага мастацтва Sotheby’s 28 верасня карціна была прададзеная больш чым за 6,3 мільёна даляраў пры ацэначным кошце звыш 4 мільёнаў. Папярэдні ўладальнік набыў яе ў 2018 годзе на аўкцыёне Christie’s за 1,93 мільёна даляраў. Такім чынам, за восем гадоў кошт карціны вырас больш чым утрая.
Яшчэ адна работа Шагала — «Гладыёлусы», створаная ў 1950 годзе, — была прададзена на ганконгскіх таргах Sotheby’s за 358,8 тысячы даляраў. Яе ацэначны кошт складаў 570 тысяч даляраў.
Карціна «Гладыёлусы» Марка Шагала. Фота: Sotheby's
Трэцюю карціну Шагала ў Ганконгу прадавалі на аўкцыёне Christie’s. Работа на цыркавую тэматыку сышла з малатка за 815 тысяч даляраў, што на 115 тысяч даляраў перавысіла яе ацэначны кошт.
Чытайце таксама:
Хутка выйдзе па-беларуску першы варыянт аўтабіяграфіі Марка Шагала
«Белоруссия ни при чём!» Леанід Парфёнаў адказаў на пытанне, чый Шагал