БЕЛ Ł РУС

Створаны бананы, якія не цямнеюць. Неўзабаве яны могуць з'явіцца ў супермаркетах

15.10.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

З дапамогай геннай інжынерыі брытанскія навукоўцы знайшлі спосаб падоўжыць тэрмін захоўвання прывабнага выгляду бананаў. Новы сорт ужо атрымаў дазвол на вырошчванне ў Бразіліі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com

Каля 20% страт бананаў у ланцужку паставак звязаныя з пацямненнем іх мякаці. Пры гэтым карычневы колер не абавязкова азначае, што фрукт сапсаваўся, але робіць яго менш прывабным для пакупнікоў. Брытанская біятэхналагічная кампанія Tropic Biosciences прапанавала спосаб вырашэння праблемы.

Як піша The Independent, спецыялісты кампаніі выкарысталі тэхналогію CRISPR-Cas9, каб змяніць тры гены, звязаныя з выпрацоўкай ферменту поліфенолаксідазы. Менавіта ён выклікае пацямненне мякаці фруктаў пасля ачышчэння або наразання пры кантакце з кіслародам.

У выніку даследчыкам удалося атрымаць бананы, якія значна даўжэй захоўваюць натуральны колер. Паводле кампаніі, падчас выпрабаванняў з удзелам прадаўцоў і перапрацоўшчыкаў нарэзаныя фрукты захоўвалі свежы выгляд да васьмі дзён пры належных умовах захоўвання. Гэта асабліва важна для вытворцаў фруктовых салатаў, дэсертаў і іншых гатовых прадуктаў.

Новы гатунак ужо атрымаў міжнароднае прызнанне: летась часопіс TIME уключыў яго ў спіс найлепшых вынаходстваў 2025 года. Сёлета Японія і Бразілія дазволілі імпарт, продаж і ўжыванне новых бананаў. Пры гэтым Бразілія таксама ўхваліла іх вырошчванне. У Вялікабрытаніі новыя бананы яшчэ павінны прайсці праверку бяспекі, перш чым трапіць на паліцы супермаркетаў.

Аўтары праекта разлічваюць, што тэхналогія дазволіць скараціць харчовыя адходы і звязаныя з імі выкіды парніковых газаў больш чым на 25%. 

Чытайце таксама:

Вучоныя змянілі гены дрэваў. Навошта?

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі

У Беларусі з’явіўся вінаград са смакам клубніц

Каментары да артыкула