БЕЛ Ł РУС

У Дзень маці маму Ксюшы з СМА пазбавілі бацькоўскіх правоў

15.10.2026 / 09:00

Арына Жураўская

Маленькая Ксюша, для якой неабыякавыя беларусы сабралі касмічную суму на самы дарагі ў свеце ўкол, застанецца ў дзіцячым доме. Яе дзве сястры і брат таксама не вярнуцца да маці.

Ксюша з мамай. Скрыншот відэа, якасць палепшаная з дапамогай ШІ

Па іроніі лёсу суд паставіў кропку ў драматычнай гісторыі менавіта ў Дзень маці. «Судом было прынятае рашэнне аб пазбаўленні мяне бацькоўскіх правоў. Буду працягваць змагацца за сваіх дзяцей», — лаканічна паведаміла Ніна Санькова тым, хто ёй дапамагаў.

Атрымліваецца, што чатырохгадовая Ксюша застанецца ў доме дзіцяці, куды дзяўчынку ў свой час аддала сама маці. Адна з яе старэйшых сясцёр жыве ў свайго бацькі, яшчэ адна сястра з малодшым братам знаходзяцца пад апекай у іншай сям’і.

Справа ў тым, што чацвёра дзяцей нарадзіліся ад трох розных мужчын: адзін знік, яшчэ калі Ніна была цяжарнай першы раз, а бацька Ксюшы і яе брата скончыў жыццё самагубствам, калі дачцэ паставілі цяжкі дыягназ.

Ксюша Маісеенка. Скрыншот відэа ў інстаграме «Магілёў — мой горад»

Як ні дзіўна, шмат хто з валанцёраў лічыць рашэнне пазбавіць Ніну Маісеенка бацькоўскіх правоў справядлівым. Яны не вераць у тое, што жанчына сапраўды гатова выпраўляцца і стаць адказнай маці.

Сцвярджаюць, што сама жанчына не вельмі імкнулася камунікаваць са сваімі дачкамі і сынам. Прыбіраліся ў яе доме і прыводзілі яго ў боскі від неабыякавыя людзі. Пры гэтым, кажуць, нават пасля рамонту жанчына ўмудралася рабіць беспарадак зноў і зноў. 

Валанцёры ж збіралі і рэчы для ўсіх дзяцей Ніны на той выпадак, калі іх вярнуць да маці. Цяпер хвалююцца, каб усё сабранае маці сапраўды аддала дзяўчынкам і хлопчыку.

Таксама, на рахунку Ніны застаецца яшчэ даволі вялікая сума грошай, сабраных для Ксюшы. Згодна з новым указам №304 «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя», у такіх выпадках залішнія грошы на працягу трох месяцаў трэба пералічыць на дабрачынныя рахункі іншых асоб, на якія збор яшчэ працягваецца.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», амаль усе сведкі ў судзе выступалі супраць таго, каб аднавіць Ніну Санькову ў бацькоўскіх правах. Старэйшыя дзяўчынкі сказалі, што не хочуць жыць з маці і гатовыя толькі хадзіць да яе ў госці.

З чатырохгадовай Ксюшай усё больш складана. Хоць яна і звяртаецца да маці выключна па імені, дзяўчынка любіць Ніну. Кожны раз жанчына давала дачцэ абяцанне, што наступным разам забярэ яе з дому дзіцяці — і Ксюша ў гэта верыла і чакала.

З іншага боку, цяпер Ксюшу можна будзе афіцыйна ўдачарыць — калі знойдзецца сям’я, гатовая гэта зрабіць. 

Нагадаем, пра Ксюшу Маісеенка беларусы пачулі сёлета, дзякуючы валанцёрам. Тыя даведаліся пра трохгадовую дзяўчынку з СМА, якая жыве ў дзіцячым доме ў Магілёве. Яна была амаль пазбаўленая шансаў на выратаванне — у адрозненне ад іншых дзяцей з такой цяжкай хваробай за Ксюшу не было каму змагацца.

Ксюша з мамай. Скрыншоты відэа, якасць палепшана з дапамогай ШІ

Сабраць $1,8 мільёна на выратавальны ўкол самых дарагіх лекаў у свеце — вельмі складаная задача для любой беларускай сям’і. А што казаць пра дзіця, якое засталося сам-насам з праблемай?

Але неабыякавыя людзі пачалі піярыць збор на Ксюшу. У выніку касмічную суму ўдалося сабраць за рэкордны час — за месяц. Ніводзін падобны збор у гісторыі Беларусі не адбываўся настолькі хутка.

Маці дзяўчынкі заявіла, што хоча вярнуць дзяцей і самастойна гадаваць іх — але ж пытанняў да яе было зашмат.

Судовае пасяджэнне аб пазбаўленні Ніны Саньковай бацькоўскіх правоў мусіла адбыцца яшчэ ў красавіку — але ж тады працэс афіцыйна паставілі на паўзу, каб Ксюша змагла спакойна атрымаць выратавальны ўкол Zolgensma. Маці была з ёй у РНПЦ «Маці і дзіця» ў той складаны момант.

Пасля таго, як укол быў зроблены, Ксюша вярнулася ў дзіцячы дом, а працэдура пазбаўлення бацькоўскіх правоў запушчаная — новыя судовыя пасяджэнні пачаліся ў верасні. 

Ніна шукала дапамогі і запісала відэазварот. Шчыра прызнавалася, што ведае: грамадства яе асуджае і лічыць жудаснай маці, але прасіла паразумення.

«Я не святая, але ў мяне не было падтрымкі і надзейнага пляча побач. У мяне не было такога прыкладу, але я вучуся. Я слухаю парады людзей, якія мне дапамагаюць, падтрымліваюць… І я вельмі хачу навучыцца жыць правільна».

Чытайце таксама:

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца

Ксюша з СМА, за лёсам якой сачыла ўся краіна, атрымала выратавальны ўкол Zolgensma

Ксюшы з СМА ўсё ж вырашылі рабіць выратавальны ўкол. Валанцёры збіраюць грошы на арэнду кватэры на час каранціну

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці

За два дні на выратавальны ўкол Ксюшы з Магілёва сабралі рэкордныя $300 тысяч. Мама здала яе ў дзетдом, а чужыя людзі б’юцца за жыццё дзіцяці

Каментары да артыкула