«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Адназначнага меркавання, ці варта вяртаць дзяўчынку роднай маці, няма нават сярод валанцёраў, якія дапамагаюць сям’і.

Судовае пасяджэнне аб пазбаўленні Ніны Саньковай бацькоўскіх правоў мусіла адбыцца яшчэ ў красавіку — але ж тады працэс афіцыйна паставілі на паўзу, каб Ксюша змагла спакойна атрымаць выратавальны ўкол Zolgensma. Маці была з ёй у РНПЦ «Маці і дзіця» ў той складаны момант.
Цяпер Ксюша зноў знаходзіцца ў дзіцячым доме, а працэдура пазбаўлення бацькоўскіх правоў запушчаная — новае судовае пасяджэнне прызначана на 8 верасня.
Ніна шукае дапамогі і запісала відэазварот. Яна прызнаецца, што вельмі баіцца дня ікс, але ж адзначае, што не здаецца. Запэўнівае, што дом і сельскагаспадарчыя пабудовы прыведзеныя ў парадак. Пры гэтым адзначае, што ўсё гэта дзякуючы дапамозе валанцёраў.
Кажа, што збірала неабходнае для дзяцей у школу. У жніўні Ніну пусцілі да старэйшай дачкі, каб маці павіншавала яе з днём нараджэння — усяго на 20 хвілін, пры гэтым забаранілі фатаграфаваць дзіця.
Жанчына распавядае, што з яе і без таго невялікіх заробкаў утрымліваюць амаль 90% на ўтрыманне дзяцей. Ніна шчыра прызнаецца, што ведае: грамадства яе асуджае і лічыць жудаснай маці, але просіць паразумення.
У Саньковай было не самае простае жыццё. Яна вырасла ў дзіцячым доме, нарадзіла першы раз у 17 гадоў. Ніну з немаўлём пасялілі да роднай маці, але тая, акрамя таго, што мела псіхіятрычныя праблемы, яшчэ і моцна піла.
«Цяпер мама ў рэмісіі, але я баюся, што яна сарвецца. Часам я думаю: гэта мне такое пакаранне ці дапамога? Але я не скарджуся, я проста спрабую выжыць і вярнуць дзяцей. Я не п’ю. І я не кідала сваіх дзяцей — я прасіла дапамогі, калі не давала рады. Мой былы муж піў, біў мяне, праз гэта мы стаялі на ўліку. Пасля смерці бацькі Ксюшы (ён скончыў жыццё самагубствам. — НН) і яе дыягназу мне прапанавалі часова ўладкаваць Ксюшу ў дзіцячы дом. Я была цяжарная, пагадзілася, думаючы, што гэта ненадоўга, але забралі ўсіх. У мяне не было грошай і сіл, а цяпер мяне хочуць назаўсёды пазбавіць бацькоўскіх правоў».
Ніна просіць паглядзець на яе не як на нядобранадзейную маці, а як на жанчыну, якая змагаецца. Кажа, што ёй патрэбны не жаль, а справядлівасць.
Жанчына дзякуе супрацоўнікам дзіцячага дома за клопат пра Ксюшу, але падкрэслівае, што марыць сама займацца дачкой, вазіць яе на рэабілітацыі і бачыць, як тая ўсміхаецца.
«Я не святая, але ў мяне не было падтрымкі і надзейнага пляча побач. У мяне не было такога прыкладу, але я вучуся. Я слухаю парады людзей, якія мне дапамагаюць, падтрымліваюць… І я вельмі хачу навучыцца жыць правільна».
Ніна распавядае, што спрабавала дагрукацца і да чыноўнікаў, і да Беларускага саюза жанчын — але пакуль без асаблівых вынікаў.
Яна апублікавала мілыя відэа, як гуляе з Ксюшай, як віншуе дачку з днём нараджэння — а дзяўчынка шчаслівая.

Але ж нават сярод валанцёраў няма адназначнага бачання таго, як лепш зрабіць у такой складанай сітуацыі. Меркаванні падзяліліся прыблізна 50 на 50.
Адны лічаць, што вяртаць Ксюшу маці нельга катэгарычна. Яны ўпэўнены, што побытавыя ўмовы ў Ніны далёка не самыя лепшыя, а сама яна не вельмі гатова карэктаваць свой лад жыцця. А гаворка ідзе ў першую чаргу пра цяжкахворае дзіця, якому патрэбна добрае харчаванне і катэгарычна не пасуюць антысанітарныя ўмовы.
Прыхільнікі жорсткіх мераў пытаюцца: ці сапраўды нехта гатовы ўвесь час знаходзіцца побач з Нінай і кантраляваць яе паводзіны? Яны ўпэўнены, што варта было б знайсці для Ксюшы новую сям’ю, якая б клапацілася пра дзяўчынку.
Другая частка валанцёраў усё ж хоча верыць, што Ніна зможа нарэшце стаць добрай маці. Яны апелююць да таго, што негуманна было даваць жанчыне і Ксюшы надзею, дапамагаць навесці дома парадак, каб потым пазбавіць Санькову бацькоўскіх правоў.
Нагадаем, сёлета гісторыя маленькай дзяўчынкі Ксюшы Маісеенка аб’яднала ўсю Беларусь. Дзякуючы неабыякавым валанцёрам, краіна даведалася пра трохгадовую дзяўчынку з СМА, якая жыве ў дзіцячым доме ў Магілёве. Яна была амаль пазбаўленая шансаў на выратаванне — у адрозненне ад іншых дзяцей з такой цяжкай хваробай за Ксюшу не было каму змагацца.
Сабраць $1,8 мільёна на выратавальны ўкол самых дарагіх лекаў у свеце — вельмі складаная задача для любой беларускай сям’і. А што казаць пра дзіця, якое засталося сам-насам з праблемай?..
Але неабыякавыя людзі пачалі піярыць збор на Ксюшу. У выніку касмічную суму ўдалося сабраць за рэкордны час — за месяц. Ніводзін падобны збор у гісторыі Беларусі не адбываўся настолькі хутка.
У гісторыі з'явілася і мама дзяўчынкі — Ніна Санькова, якая распавяла сваю праўду.

На той момант Ніне было 29 гадоў, яна жыла ў аграгарадку прыкладна за 100 кіламетраў ад Магілёва ды працавала аператаркай машыннага даення. У жанчына чацвёра дзяцей (Ксюша з іх трэцяя), але ўсе яны жылі не з маці. Старэйшая дачка і малодшы сын знаходзіліся пад часовай апекай у іншай сям'і, другая дачка жыла са сваім татам. А Ксюша — у Доме дзіцяці, куды маці здала яе, бо не давала рады сітуацыі.
Быў яшчэ нюанс: калі Ніна спрабавала самастойна збіраць грошы на лячэнне дачкі, яе абвінавачвалі ў тым, што данаты жанчына часткова траціла на сябе.
У выніку ўсё ж Ніна заявіла, што хоча аднавіцца ў бацькоўскіх правах і самастойна гадаваць сваіх дзяцей. Сёлета ў сакавіку ў інтэрв’ю «Анлайнеру» жанчына запэўнівала, што ў яе дома ўжо амаль усё зроблена для таго, каб вярнуць дзяцей — у тым ліку і Ксюшу. Жанчына казала, што праз месяц усе будуць з ёй.
Але насамрэч сітуацыя была далёка не такая аптымістычная. Сведкі казалі, што за апошнія паўгода маці не зрабіла нічога, каб давесці дом да ладу. У выніку тое, што было зроблена, рабілася ў асноўным валанцёрамі.
Ксюша з СМА, за лёсам якой сачыла ўся краіна, атрымала выратавальны ўкол Zolgensma
Ксюшы з СМА ўсё ж вырашылі рабіць выратавальны ўкол. Валанцёры збіраюць грошы на арэнду кватэры на час каранціну
«Адчувае сябе выдатна»: Ксюша з СМА, якой беларусы сабралі $1,8 мільёна, усё ж мае шанец на доўгачаканы ўкол
Прадстаўніца Мінздароўя: У Ксюшы з СМА станоўчая дынаміка, яна стала сама сядзець
«Акно страчанае». Зрабіць укол за $1,8 мільёна Ксюшы з дзіцячага дома пакуль немагчыма
Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці
За два дні на выратавальны ўкол Ксюшы з Магілёва сабралі рэкордныя $300 тысяч. Мама здала яе ў дзетдом, а чужыя людзі б’юцца за жыццё дзіцяці
Цяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары