БЕЛ Ł РУС

На Зямлі ёсць тры тэрыторыі, якія не хоча забіраць ніводная краіна. Чаму так атрымалася?

21.10.2026 / 08:00

Антось Жупран

Амаль уся суша на Зямлі падзелена паміж дзяржавамі. Аднак у свеце дагэтуль існуюць тры тэрыторыі, на якія не прэтэндуе ніводная краіна. Прычым у двух выпадках суседнія дзяржавы свядома адмаўляюцца ад гэтых зямель. BBC расказвае, дзе знаходзяцца гэтыя тэрыторыі і чаму яны дагэтуль застаюцца нічыйнымі.

Фота: Matthias Kulka / Getty Images

Колькі паверхні Зямлі нікому не належыць? Калі ўлічваць акіяны, то даволі шмат: каля 43% паверхні планеты займаюць міжнародныя воды, на якія не распаўсюджваецца суверэнітэт ніводнай дзяржавы.

А вось з сушай інакш. Амаль уся яна падзелена паміж краінамі, але ёсць некалькі выключэнняў. Для такіх тэрыторый існуе лацінскі тэрмін terra nullius — «нічыйная зямля».

У мінулым гэтае паняцце выкарыстоўвалі і для апраўдання каланіяльных захопаў. Еўрапейцы абвяшчалі нічыйнымі землі, на якіх жылі карэнныя народы, але не існавала дзяржаў у звыклым для еўрапейцаў разуменні.

Сёння ж захаваліся толькі асобныя тэрыторыі, на якія не прэтэндуе ніводная дзяржава. І ў кожнай з іх свая гісторыя.

Зямля Мэры Бэрд

Найбольшы ў свеце ўчастак сушы, на які не прэтэндуе ніводная дзяржава, знаходзіцца ў Антарктыдзе. Гэта Зямля Мэры Бэрд плошчай больш за 1,6 мільёна квадратных кіламетраў — амаль восем тэрыторый Беларусі. Названая яна ў гонар жонкі амерыканскага палярнага даследчыка Рычарда Бэрда, які вывучаў Антарктыду каля ста гадоў таму.

У свой час сем краін — Аргенціна, Аўстралія, Чылі, Францыя, Новая Зеландыя, Нарвегія і Вялікабрытанія — заявілі пра свае правы на розныя часткі кантынента. Аднак Зямля Мэры Бэрд не зацікавіла ніводную з іх.

Зямля Мэры Бэрд на карце Антарктыды. Фота: Wikimedia Commons

У 1959 годзе быў падпісаны Дагавор аб Антарктыцы, які замарозіў існыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі і забараніў вылучаць новыя, пакуль ён дзейнічае. ЗША і Расія пры гэтым захавалі за сабой права заявіць пра свае патрабаванні ў будучыні.

Галоўная прычына, чаму Зямля Мэры Бэрд засталася нічыйнай, — яе выключная цяжкадаступнасць. Рэгіён размешчаны далёка ад іншых мацерыкоў, а дабрацца туды складана нават паводле антарктычных стандартаў.

Зрэшты, калі там знойдуць каштоўныя прыродныя рэсурсы або раставанне льдоў зробіць гэтыя землі больш даступнымі, цікавасць да іх можа ўзрасці.

Бір-Тавіль

Зусім іншая гісторыя ў Бір-Тавіля — пустыннай тэрыторыі на мяжы Егіпта і Судана. Тут зямля засталася нічыйнай не праз цяжкадаступнасць, а з-за памежнай спрэчкі, якая цягнецца больш за стагоддзе.

Усё пачалося ў часы брытанскага панавання, калі ўлады двойчы правялі мяжу паміж гэтымі краінамі. У 1899 годзе яна была прамой, а ў 1902‑м яе змянілі з улікам адміністрацыйных асаблівасцяў рэгіёна. Мяжа атрымала выгляд S-падобнай крывой, якая спачатку апускаецца, а потым падымаецца.

Крыніца: Wikimedia Commons

У выніку ўзніклі дзве тэрыторыі, прыналежнасць якіх залежыць ад таго, якую мяжу лічыць сапраўднай: пустынны Бір-Тавіль і значна больш каштоўны трохкутнік Халаіб, які мае выхад да Чырвонага мора.

Егіпет прызнае мяжу 1899 года, а Судан — 1902-га. Пры гэтым абедзве краіны прэтэндуюць на Халаіб, але ніводная не хоча забіраць Бір-Тавіль. Справа ў тым, што прызнанне сваіх правоў на Бір-Тавіль азначала б прызнанне той лініі мяжы, паводле якой Халаіб належыць суседняй дзяржаве.

Гэтай незвычайнай сітуацыяй у 2014 годзе паспрабаваў скарыстацца амерыканец Джэрэмая Хітан. Ён прыехаў у Бір-Тавіль, паставіў там сцяг і абвясціў тэрыторыю ўласным каралеўствам. Так мужчына хацеў ажыццявіць мару сваёй дачкі — зрабіць яе сапраўднай прынцэсай. Аднак ніводная дзяржава яго каралеўства не прызнала.

Горня-Сіга

Яшчэ адна нічыйная тэрыторыя знаходзіцца ў Еўропе, на мяжы Харватыі і Сербіі. Гэта Горня-Сіга — невялікі ўчастак зямлі плошчай каля сямі квадратных кіламетраў на беразе Дуная. Як і ў выпадку з Бір-Тавілем, прычына яго незвычайнага статусу — памежная спрэчка. Толькі тут усё пачалося са змены рэчышча ракі.

Крыніца карты: BBC

У XIX і пачатку XX стагоддзя Дунай у гэтым рэгіёне спроствалі, каб палегчыць суднаходства. У выніку яго новае рэчышча перастала супадаць з межамі, пазначанымі на старых картах.

Харватыя настойвае, што мяжа павінна праходзіць паводле гістарычных карт, а Сербія лічыць яе мяжой сучаснае рэчышча Дуная. Пры гэтым прызнанне Горня-Сігі сваёй тэрыторыяй магло б аслабіць харвацкія прэтэнзіі на іншыя, большыя ўчасткі зямлі. Таму ні адна з дзвюх краін не лічыць Горня-Сігу сваёй.

У 2015 годзе гэтай сітуацыяй скарыстаўся чэшскі палітык Віт Едлічка, які абвясціў тут незалежную дзяржаву Ліберлэнд, а сябе — яе прэзідэнтам.

У новай «краіны» з'явіліся прыхільнікі ў розных частках свету. Ліберлэнд прапануе ўласнае грамадзянства за прыкладна $10 тысяч і спрабуе дамагчыся міжнароднага прызнання. Аднак пакуль безвынікова.

Не ўдаецца і стварыць паўнавартаснае паселішча. Харвацкія памежнікі кантралююць доступ да тэрыторыі і перашкаджаюць будаўніцтву пастаянных збудаванняў. У выніку Ліберлэнд пакуль існуе пераважна ў інтэрнэце, а Горня-Сіга, нягледзячы на ўсе спробы абвясціць яе незалежнай дзяржавай, так і застаецца нічыйнай зямлёй.

Чытайце таксама:

ААН прагаласавала за адмову ад традыцыйнай карты свету

У краінах Афрыкі чуткі пра «крадзеж геніталій» прывялі да дзясяткаў забойстваў

Самая маленькая незалежная рэспубліка ў свеце збіраецца праз рэферэндум змяніць назву

Каментары да артыкула