БЕЛ Ł РУС

Закінутую прыбіральню на беразе Драздоў прадалі за кошт двухпакаёвай кватэры ў Мінску

22.10.2026 / 17:32

Nashaniva.com

У Мінскім раёне на аўкцыёне прадалі закінутую грамадскую прыбіральню на беразе вадасховішча Дразды. Новы ўладальнік заплаціў за яе 268 552 рублі — амаль 90 тысяч даляраў. За гэты кошт у Мінску можна набыць двухпакаёвую кватэру, піша выданне «Наш партал».

Фота: «БУТБ-Маёмасць»

Як паведамляе Дзяржаўны камітэт па маёмасці, аб’ект знаходзіцца на тэрыторыі пляжа № 5 вадасховішча Дразды, недалёка ад аграгарадка Ждановічы. Гэта не часовая туалетная кабінка, а капітальны будынак плошчай 192,7 квадратнага метра. У афіцыйных дакументах яго прызначэнне не акрэслена, але зямельны ўчастак адведзены для будаўніцтва і абслугоўвання грамадскай прыбіральні.

Разам з будынкам пакупнік атрымаў убудаванае электратэхнічнае абсталяванне, у тым ліку ўводную прыладу і размеркавальную шафу.

Пачатковы кошт лота складаў 255 763 рублі. На аўкцыён падаў заяўку толькі адзін удзельнік, таму таргі не адбыліся. Аднак паводле беларускіх правіл адзіны заяўнік меў права набыць маёмасць з надбаўкай 5% да пачатковай цаны. У выніку кошт склаў 268 552 рублі. Імя пакупніка і ягоныя планы наконт аб’екта не раскрываюцца.

Для параўнання, на 22 кастрычніка ў Мінску за такія грошы можна было набыць двухпакаёвую кватэру. Напрыклад, кватэру плошчай 48,5 квадратнага метра каля парку на вуліцы Пятра Глебкі, 90 прапаноўвалі за 265,9 тысячы рублёў. Яшчэ адзін варыянт — жыллё ў доме пасля капітальнага рамонту на вуліцы Краснаслабодскай, 7, за 235,3 тысячы рублёў.

Падобныя аб’екты ўжо выстаўлялі на продаж і раней. У 2024 годзе ў мінскім парку 40‑годдзя Кастрычніка прыбіральню спрабавалі пераабсталяваць пад рыбную рэстарацыю, выставіўшы яе за 130,8 тысячы рублёў. А ўлетку 2026 года ў Слуцку не змаглі знайсці пакупцоў для мясцовай цаглянай прыбіральні за 29,8 тысячы рублёў і драўлянай прыбіральні за 144 рублі.

Чытайце таксама:

У Мастах прадалі расіяніну стогадовы асабняк з вялікім паркам

У Нясвіжы з буйной зніжкай прадалі двухпавярховы гістарычны асабняк

У цэнтры Мінска за амаль мільён даляраў прадаюць закінуты дзіцячы сад з 1950‑х

Каментары да артыкула