У Мастах з другой спробы прадалі незвычайны лот — двухпавярховы асабняк 1928 года пабудовы разам з тэнісным кортам і вялікім паркам. Новым уладальнікам былой сядзібы ў рэдкім у нас закапанскім стылі стаў купец з Расіі, якому ўся гэтая прыгажосць абышлася ў $78 300 па актуальным курсе Нацыянальнага банка, піша Domovita.by.

Першапачаткова былую сядзібу на вуліцы Янкі Купалы, 62 у Мастах спрабавалі прадаць у жніўні гэтага года. На першых таргах пачатковая цана складала 345 782,35 рубля, але заявак на лот не паступіла.

Да другога аўкцыёну пачатковую цану ўрэзалі прыкладна на 45%, пасля чаго будынак адразу знайшоў купца. Барацьбы на павышэнне гэтым разам не было, бо на таргі зарэгістраваўся ўсяго адзін удзельнік. Па правілах аўкцыёну ў такой сітуацыі лот аддаюць адзінаму прэтэндэнту з дадаткам у 5% да стартавай цаны. Выніковы чэк склаў 235 681,26 беларускіх рублёў, што роўняецца $78 305. Купцом стаў грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які як фізасоба набыў нерухомасць, каб развіваць тут аграэкатурызм.

Сам будынак выглядае вельмі атмасферна і зусім не падобны да тыповай забудовы. Гэты каменны дом з мансардай і тэрасай пабудавалі ў 1928 годзе, яшчэ за польскай уладай. Архітэктура спалучае ў сабе закапанскі стыль і элементы неабарока, а галоўны ўваход упрыгожваюць класічныя калоны і фігурны франтон.
Нягледзячы на амаль векавы ўзрост, пабудова на 271,7 квадрата выдатна захавалася і не патрабуе капітальнага рамонту. Тут моцны бетонны падмурак, сцены з сілікатнай цэглы, драўляныя перакрыцці і сталёвы дах. Усе базавыя выгоды даўно падведзеныя ўнутр: працуюць электрычнасць, вадаправод і мясцовая каналізацыя.

Гісторыя ў гэтых мясцін яшчэ больш даўняя. Раней тут знаходзілася вёска Малыя Сцяпанішкі, якая згадвалася ў хроніках Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў 1557 годзе. Напрыканцы XIX стагоддзя мясцовымі маёнткамі валодалі Аляксандр Фаворскі і Здзіслаў Калантай, а ў 1920‑х гадах тут вырас цяперашні сядзібны дом з паркам і садам.
Пры савецкай уладзе ў былым панскім асабняку працавала звычайная школа. Пазней комплекс перайшоў на баланс Мастоўскага ЖКГ, там адкрылі папулярную аграсядзібу «Явар», а ў 2014 годзе — спартыўны клуб «Камунальнік». Ад базы адпачынку ўнутры засталіся абсталяваная кухня, гасцёўня з камінам, зала-трансформер для банкетаў на першым паверсе і прасторныя спальні з санвузламі на другім.

Прыемным бонусам да самога асабняка стала велізарная ўпарадкаваная тэрыторыя. Пераможца таргоў атрымаў у арэнду на 50 гадоў надзел плошчай каля 170 сотак. Разам з домам новаму гаспадару перайшлі дзве майстэрні, альтанка, навес, калодзеж і нават тэнісны корт. Уздоўж сцежак для шпацыраў захаваліся разныя драўляныя лаўкі і скульптуры, якія ў свой час зрабіў мясцовы майстар Віктар Епачанцаў. Па ўмовах здзелкі ў новага ўладальніка ёсць роўна год, каб запусціць праект у працу, пры гэтым пры жаданні профіль аб'екта дазволена мяняць ад гатэля да спартыўнага або гандлёвага цэнтра.
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары