БЕЛ Ł РУС

Акулу, якая ўжо больш за месяц знаходзіцца ў пастцы ў карэйскім канале, вывелі ў мора. Але яна вярнулася назад

22.10.2026 / 22:33

Nashaniva.com

У паўднёвакарэйскім горадзе Пусан спецыялісты спрабуюць дапамагчы акуле, якая больш за месяц знаходзіцца ў пастцы вузкага канала ў порце. 21 кастрычніка яе, здавалася, удалося вывесці ў мора, аднак ужо наступнай раніцай яна вярнулася ў канал. Пра гэта паведамляе France 24 са спасылкай на прадстаўніцу Міністэрства акіянаў і рыбалоўства Паўднёвай Карэі.

Фота: Jung Yeon-Je / AFP, Getty Images

Падчас чарговай выратавальнай аперацыі ратавальнікі прымацавалі шырокую сетку да судна і перацягнулі яе цераз канал з дапамогай канатаў. Сетка павінна была накіраваць акулу да выхаду, а вадалазы сачылі, каб яна зноў не заблыталася на дне. За аперацыяй з абодвух бакоў канала назіралі сотні людзей, яшчэ больш сачылі за ёй праз інтэрнэт.

Аднак акула змагла нырнуць пад сеткай і за ноч вярнулася ўглыб канала. Раніцай 22 кастрычніка спецыялісты пачалі новую спробу вызваліць яе, падняўшы ў вадзе знешнюю сетку.

Трохметровая акула трапіла ў вузкі канал Паўночнага порта Пусана ў верасні. Мяркуецца, што яна апынулася там, калі праследавала здабычу. Раней берагавая ахова ўжо спрабавала выгнаць яе з канала, але праз шэсць гадзін аперацыю спынілі: навукоўцы асцерагаліся, што прымусовыя дзеянні могуць нашкодзіць жывёліне або справакаваць яе агрэсіўныя паводзіны.

Пазней акулу спрабавалі накіраваць да выхаду з дапамогай струменяў вады, а затым выкарыстоўвалі сеткі. Аднак яны заблыталіся на дне канала. Урэшце спробы выратавання часова спынілі, спадзеючыся, што акула знойдзе выхад самастойна.

Жывёліну празвалі Букангі — паводле карэйскай назвы мясцовага парку. Яна стала сапраўднай мясцовай знакамітасцю: парк каля канала наведалі каля 1,6 мільёна турыстаў, а акула нават атрымала званне ганаровай амбасадаркі горада.

Нягледзячы на тое, што акулы гэтага віду могуць абыходзіцца без ежы да месяца, Букангі пагражае небяспека праз зніжэнне тэмпературы вады ў лістападзе. Экалагічныя арганізацыі мяркуюць, што акула магла трапіць у канал праз пацяпленне мора. Павышэнне тэмпературы вады прымушае цеплалюбівых рыб міграваць на поўнач, а за імі перамяшчаюцца і субтрапічныя віды акул.

Чытайце таксама:

У Паўднёвай Карэі 600 тысяч чалавек прыйшлі паглядзець на акулу, якая захрасла ў канале

Слон з мёртвым сланянём, каёт у Сан-Францыска, пума на агароджы… Вось якія работы сталі сёлетнімі пераможцамі конкурсу «Фатограф года дзікай прыроды»

Мёртвы кіт, знойдзены каля ўзбярэжжа Даніі — сапраўды шматпакутны Цімі

Гарбатага кіта Цімі нарэшце выпусцілі ў Паўночнае мора. Але выжыць яму будзе складана

Каментары да артыкула