NASA паабяцала вярнуць чалавека на Месяц ужо ў 2028 годзе
NASA паскарае падрыхтоўку да місіі «Артэміда IV», у межах якой плануецца высадзіць астранаўтаў на Месяц у 2028 годзе. Кіраўніцтва амерыканскага касмічнага агенцтва прадставіла план паскарэння работ і аптымізацыі тэхнічных патрабаванняў, каб укласціся ў вызначаныя тэрміны.
Здымак Месяца, зроблены падчас місіі «Артэміда-2». Фота: NASA
На адмысловай прэс-канферэнцыі кіраўнік NASA Джарэд Айзекман і іншыя прадстаўнікі агенцтва расказалі пра меры, неабходныя для бяспечнай высадкі астранаўтаў. Па словах Айзекмана, да прыбыцця экіпажа на Месяцы ўжо будуць знаходзіцца месяцаход і базавыя модулі, якія дазволяць людзям заставацца там працяглы час.
Кіраўнік праграмы «Артэміда» Джэрэмі Парсанс паведаміў, што над стварэннем пасадачных модуляў для Месяца адначасова працуюць дзве прыватныя кампаніі — SpaceX Ілана Маска і Blue Origin Джэфа Безаса. NASA імкнецца вызначыць, якая з іх будзе дастаўляць астранаўтаў на паверхню Месяца, як мага пазней, паколькі абедзве кампаніі рыхтуюцца выканаць гэту задачу ва ўстаноўленыя тэрміны.
Апошні раз людзі высаджваліся на Месяц у снежні 1972 года падчас місіі «Апалон-17». Экіпаж правёў на паверхні больш за тры дні, сабраў узоры месяцовага грунту і правёў навуковыя эксперыменты. З таго часу людзі больш не ступалі на паверхню спадарожніка Зямлі.
1 красавіка гэтага года ў межах місіі «Артэміда II» стартаваў касмічны карабель «Арыён» з чатырма астранаўтамі на борце. Гэта быў першы пілатаваны палёт да Месяца з 1972 года і першы за больш чым паўстагоддзя палёт людзей за межы нізкай калязямной арбіты. Экіпаж вярнуўся на Зямлю 11 красавіка.
Пасля гэтага NASA абвясціла імёны астранаўтаў, якія ўвойдуць у экіпаж місіі «Артэміда III», запланаванай на 2027 год. Яны павінны будуць выканаць шэраг складаных выпрабаванняў на калязямной арбіце. Гэтыя выпрабаванні маюць вырашальнае значэнне для падрыхтоўкі да місіі «Артэміда IV» і запланаванай высадкі людзей на Месяц у 2028 годзе.
Чытайце таксама:
НАСА назвала імёны членаў экіпажа місіі «Артэміда-3» — чарговага этапу на шляху да высадкі на Месяц
NASA плануе да 2032 года развярнуць на Месяцы жылую станцыю
Першым еўрапейцам, які паляціць да Месяца, стане астранаўт з Германіі