БЕЛ Ł РУС

Расіі ўпершыню пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне даручылі правесці чэмпіянат свету

26.10.2026 / 17:10

Nashaniva.com

Масква прыме чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы ў 2030 годзе. Гэта першы выпадак з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, калі міжнародная федэрацыя алімпійскага віду спорту вырашыла правесці ў Расіі спаборніцтвы сусветнага ўзроўню.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі (IWF) абвясціла пра сваё рашэнне ў нядзелю, 25 кастрычніка. Яно было прынята праз чатыры месяцы пасля таго, як федэрацыя пацвердзіла, што расійскія спартсмены зноў змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах пад яе эгідай.

Рашэнне аб месцах правядзення чэмпіянатаў свету прымалі ў межах разгляду заявак на чатыры наступныя першынствы сярод юнакоў, юніёраў і дарослых спартсменаў. Генеральны сакратар IWF, перуанец Хасэ Кіньёнэс, заявіў, што ўсе атрыманыя заяўкі былі выдатнымі, і выказаў упэўненасць, што спаборніцтвы ў краінах, якія атрымалі права на іх правядзенне, пройдуць паспяхова.

З пачатку вайны ва Украіне ў Расіі не праводзіліся чэмпіянаты свету па алімпійскіх відах спорту — ні летніх, ні зімовых. Напрыклад, чэмпіянат свету па водных відах спорту 2025 года, які першапачаткова планавалі правесці ў Казані, перанеслі ў Сінгапур.

У Крамлі прывіталі рашэнне міжнароднай федэрацыі. Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў назваў яго важным крокам да «аддзялення спорту ад палітыкі».

У ліпені 2026 года Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) адмяніў сваё ранейшае рашэнне аб адхіленні Алімпійскага камітэта Расіі, прынятае пасля расійскага ўварвання ва Украіну. Гэта патэнцыйна адкрыла расійскім спартсменам шлях да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2028 года ў Лос-Анджэлесе.

Раней, у верасні 2025 года, Міжнародны паралімпійскі камітэт аднавіў паўнавартасны статус Паралімпійскіх камітэтаў Расіі і Беларусі. Гэта дазволіла расійскім і беларускім спартсменам выступаць пад дзяржаўным сцягам на зімовых Паралімпійскіх гульнях у Мілане і Карціна д'Ампеца.

Чытайце таксама:

Кая Калас: ЕС плануе захаваць ізаляцыю Расіі і Беларусі ў сусветным спорце

Сябар начальніка аховы Пуціна быў удзельнікам і спонсарам вяселля сына Трампа

Дзевяць краін Еўропы прапанавалі пазбавіць МАК і міжнародныя федэрацыі, якія аднавілі расіян, фінансавання ЕС

МАК зняў рэкамендацыі аб адхіленні Расіі ад міжнародных спартыўных спаборніцтваў

Каментары да артыкула