БЕЛ Ł РУС

Дарадца прэзідэнта Польшчы пракаментаваў зварот Калеснікавай і Золатавай: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых

27.10.2026 / 12:03

Nashaniva.com

Кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач заявіў Радыё Свабода, што вызваленне беларускіх палітвязняў застаецца абсалютным прыярытэтам для ЕС. Адначасова ён не бачыць падстаў для змякчэння санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Мінска. «Сёння я не бачу прычын для таго, каб змяняць санкцыйную палітыку, хіба што ўлады Беларусі сапраўды пачнуць мяняць сваю ўнутраную і міжнародную палітыку. На гэты момант я не бачу з боку Мінска такой далекасяжнай гатоўнасці».

Так Пшыдач падчас канферэнцыі «Польская ўсходняя палітыка» ва Уроцлаве пракаментаваў Радыё Свабода зварот групы былых беларускіх палітвязняў да еўрапейскіх лідараў з заклікам больш актыўна дамагацца вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.

«Безумоўна, пытанне палітычных зняволеных надзвычай важнае, і трэба рабіць усё магчымае праз дыпламатычныя дзеянні, каб вызваляць гэтых людзей. І тут Польшча зрабіла вельмі шмат, бо дзякуючы нашым добрым кантактам з амерыканскай адміністрацыяй нам удалося пераканаць амерыканцаў далучыцца да працы ў гэтым кірунку і дамагчыся вызвалення, сярод іншага, Анджэя Пачобута, але і многіх іншых. Вядома, амерыканцы таксама дзейнічалі ў межах уласных інтарэсаў», — сказаў Пшыдач.

Паводле яго, еўрапейская дыпламатыя таксама павінна актывізаваць дзейнасць у справе беларускіх палітвязняў.

«Аднак сёння я не бачу прычын для таго, каб змяняць санкцыйную палітыку, хіба што ўлады Беларусі сапраўды пачнуць мяняць сваю ўнутраную і міжнародную палітыку. На гэты момант я не бачу з боку Мінска такой далекасяжнай гатоўнасці», — сказаў прадстаўнік прэзідэнта Польшчы.

Пра беларускі калій і санкцыі

Адказваючы на пытанне Свабоды пра магчымасць аднавіць экспарт беларускіх калійных угнаенняў праз Еўрапейскі саюз, каб Беларусь у выніку плаціла грошы не Расіі, а партам у Польшчы і краінах Балтыі, Пшыдач заявіў, што Польшча не падтрымлівае далёкасяжнай лібералізацыі эканамічных адносін з Беларуссю.

«Нават калі гэтыя ўгнаенні ідуць праз Расію, то яны прыносяць беларускаму рэжыму меншыя прыбыткі і яны менш канкурэнтаздольныя на міжнародных рынках. Гэта стварае пэўныя цяжкасці для ўладаў у Мінску. Бо санкцыі — не самамэта. Прынамсі, гаворка не пра тое, каб уводзіць санкцыі проста дзеля саміх санкцый. Іх мэтай было прымусіць Беларусь да пэўных змен у палітыцы».

На ўдакладняльнае пытанне Свабоды, ці азначае гэта, што Польшча не павінна дапамагаць ЗША ў аднаўленні гандлю з Беларуссю, у тым ліку ў пытанні беларускіх угнаенняў, Пшыдач адказаў:

«Калі амерыканцы плануюць нейкія змены ў гандлёвай сферы, то я буду ставіцца да гэтага крытычна. Нельга адным тэлефонным званком, нават з боку самага ўплывовага палітыка, дыпламата, чыноўніка ці журналіста, змяніць палітыку іншых дзяржаў. Трэба глядзець на ўсё праз прызму ўласных інтарэсаў і ўзважваць розныя аргументы».

«Цана нармалізацыі адносін з Захадам не была для Лукашэнкі празмерна высокай»

Пшыдач назваў сябе прыхільнікам жорсткага курсу ў дачыненні да Беларусі і нагадаў, што Беларусь мела шанец нармалізаваць адносіны з Польшчай.

«Цана гэтага для Беларусі не была нейкай празмерна высокай. Мы чакалі вельмі відавочных рэчаў: каб не пераследавалі апазіцыю, каб ствараліся ўмовы для рэалізацыі свабоды слова, мы хацелі, каб не пераследавалі польскую меншасць. Ніводная з гэтых умоў Аляксандрам Лукашэнкам не была выкананая. Таму сёння няма прычын, каб Польшча змяняла сваю палітыку».

На думку прадстаўніка канцылярыі прэзідэнта Польшчы, санкцыі часткова дасягнулі сваёй мэты, бо стварылі інструменты, якія цяпер могуць выкарыстоўвацца ў перамовах з уладамі Беларусі.

«Для таго каб сёння можна было размаўляць пра магчымае пацяпленне, трэба было мець нейкі зыходны пункт. І каб амерыканцы сёння маглі размаўляць, напрыклад, пра вызваленне палітвязняў у абмен на зняцце санкцый з «Белавія», спачатку «Белавія» павінна была трапіць пад гэтыя санкцыі», — сказаў польскі палітык.

Пшыдач таксама прыгадаў ранейшыя спробы Варшавы праводзіць мякчэйшую палітыку ў дачыненні да Мінска.

«Асабіста я памятаю перыяд, калі спрабавалі праводзіць крыху мякчэйшую палітыку ў дачыненні да Беларусі. Тады гэта прынесла некалькі пазітыўных вынікаў. Думаю, палякам, якія жылі ў Беларусі, у той час жылося крыху лягчэй. Польскія могілкі аднаўляліся, школы больш-менш працавалі. Але Аляксандр Лукашэнка выбраў іншы шлях і распачаў не толькі брутальны ўціск уласных грамадзян. Польшча тады адрэагавала адпаведным чынам, увёўшы санкцыі. Я добра гэта памятаю, бо сам адказваў у Варшаве за падрыхтоўку гэтых санкцыйных пакетаў. І справа была ўжо не толькі ў дзеяннях супраць уласных грамадзян — была распачатая гібрыдная аперацыя, фактычна аперацыя агрэсіі супраць Польшчы на польска-беларускай мяжы».

Паводле Пшыдача, цяпер ён выступае за захаванне жорсткага курсу ў дачыненні да ўладаў Беларусі. Ён таксама скептычна ацаніў механізм вызвалення палітвязняў у выніку перамоў паміж Вашынгтонам і Мінскам.

«Амерыканцы сапраўды вядуць нейкі дыялог. Пакуль ён адбываецца на ўзроўні абмену зняволенымі ці вызвалення зняволеных. Гэта выглядае так: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых. І такім чынам увесь час захоўвае гэтую «валюту», якой можа гандляваць».

«Еўрапейцы зусім не абавязаныя ісці за амерыканцамі»

Пшыдач падкрэсліў, што нават калі Вашынгтон будзе далей змякчаць частку абмежаванняў супраць Беларусі, гэта не азначае аўтаматычнай змены палітыкі Еўрапейскага саюза.

«Трэба памятаць, што ўсё гэта ў пэўнай ступені ўзаемазвязана. Нават калі амерыканцы нешта прапануюць, еўрапейцы зусім не абавязаныя ісці за імі. І сёння сітуацыя такая, што нават пасля зняцця пэўных санкцый некаторыя рэчы ўсё адно немагчыма зрабіць, бо яны залежаць ад Еўропы, ад нас, ад Еўрапейскага саюза, ад Польшчы і ад нашага голасу, а не толькі ад голасу Вашынгтона».

На пытанне Свабоды, ці спрабавала адміністрацыя ЗША схіліць Польшчу да змены палітыкі ў дачыненні да Беларусі, Пшыдач адказаў адмоўна.

«Не, з намі пра гэта не размаўлялі. Амерыканцы ніколі не ціснулі на нас у пытанні Беларусі. Пра Беларусь, пра беларускі рэжым прэзідэнт размаўляў 3 верасня мінулага года ў кантэксце Анджэя Пачобута. Тады ён папрасіў прэзідэнта Трампа дапамагчы вызваліць Анджэя Пачобута. Мы радыя, што дзякуючы гэтаму непасрэднаму ўдзелу амерыканскай адміністрацыі і дыпламатыі ўдалося вызваліць нашага героя. Думаю, гэта пазітыўны вынік. У іншых пытаннях ніякага ціску не было».

Чытайце таксама:

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў

Ціханоўская: Кантакты з рэжымам могуць быць карыснымі, але санкцыі ЕС трэба захаваць

Пальчыс пра ліст Калеснікавай і Золатавай: «За ўсё добрае, супраць усяго дрэннага», але ў рэальнасці гэта пакіне 9 мільёнаў у лакальным КНДР

Каментары да артыкула