«Гаспадар проста пайшоў». У Мінску дзіця пакусаў сабака, дзяўчынцы ніхто не дапамог
У пачатку тыдня з рэдакцыяй выдання «Анлайнер» звязалася чытачка па імені Вольга. Жанчына расказала, што ў нядзелю ўвечары яе дачку на вуліцы ў Мінску пакусаў сабака. Паводле яе слоў, гаспадар жывёлы ніяк не адрэагаваў на здарэнне, а проста забраў свайго сабаку і моўчкі пайшоў, не аказаўшы дапамогі.
Усё адбылося каля 21:00 у мікрараёне Малінаўка. 12‑гадовая дзяўчынка выгульвала свайго сабаку пароды басенджы (на фота) у яры паміж цэнтрам Максіма Мірнага і могілкамі. Як сцвярджае Вольга, іхні сабака быў на павадку.
Сабака сям’і Вольгі
«Да іх падбег іншы сабака, буйнейшы за нашага разы ў два, і напаў. Дачка пачала накрываць свайго сабаку, і чужы ўкусіў яе некалькі разоў за нагу. Калі дзіця закрычала, гаспадар сабакі падышоў і моўчкі забраў сваю жывёліну.
Як расказала дачка, сабака быў буйны, светлая доўгая поўсць, на ім быў сіні ашыйнік, які свяціўся. Сам гаспадар быў у шапцы і капюшоне. Дзіця ад шоку і болю не запомніла больш ніякіх дэталяў, толькі заўважыла, што мужчына быў у кампаніі іншых сабачнікаў».
Пасля ўкусу дзяўчынка адразу ж патэлефанавала маме, каб тая яе забрала. У той жа дзень пацярпелай зрабілі прышчэпку ад шаленства. Паводле слоў Вольгі, пасля вакцыны ў дзіцяці ўжо два дні трымаецца тэмпература і ёсць слабасць у целе.
«Калі гаспадар сабакі не знойдзецца, прыйдзецца рабіць яшчэ 4 прышчэпкі. Наступную трэба ставіць у панядзелак».
Жанчына ўжо звярнулася ў міліцыю, аднак уласніка сабакі пакуль не знайшлі. Камер відэаназірання на пустцы няма.
Чытайце таксама:
Дзяўчыну не пусцілі ў мінскае метро з сабакам — давялося надзяваць пакет ФОТАФАКТ
Як пасля выпіскі выглядае дзяўчынка, на якую напалі бяздомныя сабакі
Былога ветэрынара з Барысава пакусаў бяздомны сабака, але да дактароў мужчына не пайшоў