Маск: Украіне абмяжоўваюць Starlink, каб Расія не пазбівала спадарожнікі
Мільярдэр Ілан Маск патлумачыў абмежаванні ў працы спадарожнікавай сувязі Starlink для Узброеных сіл Украіны асцярогамі, што Расія можа пачаць знішчаць спадарожнікі кампаніі. Пра гэта кіраўнік кампаніі SpaceX напісаў у сацыяльнай сетцы X.
Ілан Маск і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Julia Demaree Nikhinson
Маск адказваў на паведамленне пра магчымасць знішчэння касмічных спадарожнікаў Расіяй. Паводле яго слоў, гэта адна з галоўных прычын, чаму Starlink павінен заставацца цывільнай сістэмай.
Яго, маўляў, можна выкарыстоўваць для падтрымкі працы вайсковай інфраструктуры, але не для відавочна наступальных удараў, якія маглі б зрабіць спадарожнікі законнай цэллю для атакі ў адказ.
Маск таксама папярэдзіў, што знішчэнне спадарожнікаў Starlink можа выклікаць ланцуговую рэакцыю разбурэнняў і прывесці да ўтварэння велізарнага воблака касмічнага смецця. Гэта, паводле яго слоў, можа зрабіць выкарыстанне космасу немагчымым.
У сярэдзіне кастрычніка 2026 года Узброеныя сілы Украіны сутыкнуліся з абмежаваннямі ў працы тэрміналаў спадарожнікавай сувязі Starlink, а дакладней яе вайсковай версіі Starshield. Пры хуткасці беспілотнікаў больш за 160 кіламетраў за гадзіну сувязь пераставала працаваць.
Заходнія СМІ паведамлялі, што абмежаванні для ўкраінскіх вайскоўцаў былі ўведзеныя па ініцыятыве Маска. Пазней ён абвінаваціў Украіну ў выкарыстанні Starlink для «наступальных» удараў беспілотнікамі. Ва Узброеных сілах Украіны заявілі, што гэта «тэхнічна немагчыма», бо Starlink не працуе над тэрыторыяй Расіі.
Чытайце таксама:
Маск прызнаў, што свядома абмяжоўваў Starlink, і абвінаваціў Украіну ў парушэннях правіл
Starshield для Украіны запаволілі па загадзе Маска
Трамп патэлефанаваў Маску і папрасіў яго зняць абмежаванні Starlink для Украіны