У Мінску каля «Беларусьфільма» пачалі будаваць жылы комплекс
У Мінску каля «Беларусьфільма» на вуліцы Макаёнка будуюць два 16‑павярховыя жылыя дамы. «Мінскбуд» паказаў, на якім этапе знаходзяцца работы.
Першы дом ужо ўзведзены да двух паверхаў. У першай дэкадзе лістапада муляры пачнуць запаўняць праёмы ў сценах керамзітабетоннымі блокамі. Пасля завяршэння будаўніцтва ў двух пад’ездах размесціцца 191 кватэра.
Будаўніцтва другога шматпавярховіка пакуль адстае. Тут толькі скончылі забіваць палі і пачынаюць узводзіць падмурак. Паводле будаўнікоў, работы ўскладняюць асаблівасці грунту: перад забіццём паляў давялося прасвідраваць накіравальныя свідравіны. Дом будзе мець адзін пад’езд і 95 кватэр без аздаблення. У іх заселяць людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Побач з двума дамамі таксама ўзводзяць трохузроўневы паркінг. Цяпер там працуюць над падмуркам.
Чытайце таксама:
У цэнтры Гомеля знеслі даўгабуд, які за 13 гадоў так нічым і не стаў
Унікальны тэлескоп вярнулі на верхнюю пляцоўку абсерваторыі Мінскага планетарыя
У Мінску пачалі зносіць прыватныя дамы на Арлоўцы — з’явіліся шчымлівыя кадры