БЕЛ Ł РУС

У Нарвегіі адрэагавалі на абразлівае выказванне Трампа з гумарам — падборкай дызайнерскіх прыбіральняў ФОТЫ

30.10.2026 / 21:46

Nashaniva.com

Пасля таго як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў Нарвегію «гаўнянай краінай», нарвежская турыстычная рада Visit Norway апублікавала падборку фатаграфій самых вядомых дызайнерскіх грамадскіх прыбіральняў краіны. Такім чынам яна з гумарам адрэагавала на выказванне амерыканскага прэзідэнта, паведамляе The Guardian.

Прыбіральня ў Эгуме на Лафатэнскіх астравах. Фота: Turistveg

Падчас мітынгу ў штаце Мічыган Трамп раскрытыкаваў Нарвегію за тое, што яму не прысудзілі Нобелеўскую прэмію міру, а таксама заявіў, што не будзе прымаць мігрантаў з гэтай краіны.

Прыбіральня ў Остастэйдне ў раёне Руфюльке. Фота: Turistveg Visit Norway

У адказ Visit Norway паказала грамадскія прыбіральні, размешчаныя ўздоўж маляўнічых турыстычных маршрутаў, і суправадзіла публікацыю подпісам: «Нарвегія зноў робіць прыбіральні велічнымі!»

Сярод паказаных аб’ектаў — прыбіральня з панарамнымі вокнамі з відам на фіёрд на агляднай пляцоўцы Стэгастэйн, будынак у форме хвалі на ўзбярэжжы Хельгеланда, мадэрнісцкая пабудова на сонечных батарэях каля пляцоўкі «Утсіктэн», а таксама так званая «залатая прыбіральня» на востраве Сенья.

Зона адпачынку Урэд на ўзбярэжжы Гельгеланд. Фота: Turistveg

Асобную ўвагу прыцягвае грамадская прыбіральня ў Эгуме на Лафатэнскіх астравах. Яна пабудаваная ў выглядзе амфітэатра пад руінамі нямецкай радыёлакацыйнай станцыі.

У Visit Norway адзначылі, што гэтыя аб’екты самі па сабе сталі турыстычнымі славутасцямі. Іх можна наведваць не толькі тады, калі ўзнікае неабходнасць скарыстацца прыбіральняй.

У Міністэрстве замежных спраў Нарвегіі таксама нагадалі Трампу, што Нобелеўскую прэмію міру прысуджае незалежны Нобелеўскі камітэт, а не нарвежская дзяржава ці ўрад.

Чытайце таксама:

Трамп назваў Нарвегію дзяржавай-г*ўном

Амерыканцы ставяць рэкорды па датэрміновым галасаванні ў Кангрэс. Бюлетэнь папрасіў нават Папа

Здзелка Трампа з Пуціным: чым за яе могуць заплаціць Украіна і Беларусь

Еўрасаюз абнавіў сваю арктычную стратэгію. Што памяняецца, а што застанецца як было?

Каментары да артыкула