Амерыканцы ставяць рэкорды па датэрміновым галасаванні ў Кангрэс. Бюлетэнь папрасіў нават Папа
Да прамежкавых выбараў у ЗША, ад вынікаў якіх залежыць, якая партыя будзе кантраляваць Кангрэс на працягу наступных двух гадоў, засталося менш за тыдзень. Датэрмінова прагаласавалі ўжо больш за 43 мільёны амерыканцаў. Штодня свае бюлетэні датэрмінова падаюць ад чатырох да пяці мільёнаў чалавек — гэта значна больш, чым на большасці папярэдніх выбараў, піша Бі-бі-сі.

Па словах прафесара Майка Макдональда, які каардынуе збор звестак пра датэрміновае галасаванне ў рамках праекта Election Lab Універсітэта Фларыды, асабліва высокая актыўнасць назіраецца ў Тэхасе. Тут ужо прагаласавалі больш за 5,8 мільёна чалавек — на 1,75 мільёна больш, чым за аналагічны перыяд перад выбарамі 2022 года. Незвычайна актыўна галасуюць і выбаршчыкі лацінаамерыканскага паходжання.
Тэхас — другі паводле колькасці насельніцтва штат ЗША, дзе традыцыйна падтрымліваюць рэспубліканцаў. Цяпер ён стаў адным з галоўных цэнтраў перадвыбарчай барацьбы: вынік галасавання можа паўплываць на тое, якая партыя будзе кантраляваць Сенат да заканчэння прэзідэнцкага тэрміну Дональда Трампа.
Агульная яўка, паводле папярэдніх ацэнак, можа перавысіць паказчыкі 2020 года і, магчыма, нават 2018-га. Тады на прамежкавых выбарах быў пабіты рэкорд 1914 года паводле колькасці ўдзельнікаў галасавання.
У штатах, дзе выбаршчыкі павінны пазначаць сваю партыйную прыналежнасць, датэрміновае галасаванне сведчыць пра павелічэнне актыўнасці дэмакратаў. Актыўнасць рэспубліканцаў застаецца прыкладна на ўзроўні 2022 года. Паводле звестак на 29 кастрычніка, 44% ужо пададзеных бюлетэняў належаць прыхільнікам Дэмакратычнай партыі, 31,2% — Рэспубліканскай, яшчэ 24,7% — выбаршчыкам, якія не належаць ні да адной з партый.
Макдональд таксама адзначае павелічэнне колькасці датэрміновых выбаршчыкаў, якія не ідэнтыфікуюць сябе ні з дэмакратамі, ні з рэспубліканцамі. Аднак наяўныя звесткі не дазваляюць вызначыць, за якіх кандыдатаў яны галасуюць.
У Паўночнай Караліне, Джорджыі і Фларыдзе пры рэгістрацыі выбаршчыкі павінны пазначаць сваю расавую прыналежнасць. Паводле статыстыкі з гэтых штатаў, павялічылася колькасць галасоў, пададзеных лацінаамерыканцамі і афраамерыканцамі, у той час як актыўнасць белых выбаршчыкаў застаецца прыкладна на ўзроўні датэрміновага галасавання 2022 года. Макдональд тлумачыць гэта тым, што прадстаўнікі расавых і этнічных меншасцяў часцей падтрымліваюць Дэмакратычную партыю, а белыя выбаршчыкі часцей уваходзяць у электаральную кааліцыю рэспубліканцаў.
У Тэхасе выбаршчыкі не пазначаюць ні партыйную, ні расавую прыналежнасць. Аднак ускосныя звесткі сведчаць пра значнае павелічэнне актыўнасці ў шэрагу акругаў уздоўж мяжы з Мексікай, дзе больш за 90% насельніцтва складаюць лацінаамерыканцы. У некаторых з гэтых акругаў колькасць датэрмінова прагаласаваўшых ужо перавысіла агульную яўку за ўсе выбары 2022 года.
Папулярнасць датэрміновага галасавання ў ЗША істотна ўзрасла ў апошнія гады. Гэтаму паспрыяла, у прыватнасці, пандэмія COVID-19, пасля якой усё больш штатаў сталі прапаноўваць выбаршчыкам магчымасць галасаваць загадзя — асабіста або па пошце.
На выбарах 2020 года, калі амерыканцы выбіралі прэзідэнта і членаў Кангрэса, больш за дзве траціны ўсіх галасоў былі пададзеныя датэрмінова. Палова з іх паступіла па пошце.
Па словах Макдональда, цяпер выбаршчыкі ўсё часцей аддаюць перавагу асабістаму галасаванню, нават калі яно адбываецца датэрмінова. Акрамя таго, яны пачынаюць дасылаць бюлетэні раней, чым на папярэдніх выбарах. Дакладных тлумачэнняў гэтай змены няма. Аднак бюлетэні, адпраўленыя поштай, часцей прызнаюць несапраўднымі праз памылкі пры запаўненні, а некаторыя выбаршчыкі могуць непакоіцца пра магчымыя збоі ў працы Паштовай службы ЗША.
У некаторых гарадах ужо зафіксавалі рэкордную датэрміновую яўку. Так, у чацвер улады Мінеапаліса паведамілі, што колькасць датэрмінова прагаласаваўшых на выбарах, якія не супадаюць з прэзідэнцкімі, стала найбольшай за ўсю гісторыю горада.
Датэрміновае галасаванне неўзабаве завершыцца: у шэрагу штатаў яго спыняюць за некалькі дзён да асноўнага дня выбараў, прызначанага на аўторак, 3 лістапада.
Тым часам стала вядома, што ў галасаванні збіраецца ўдзельнічаць нават Папа Леў XIV. Ён дагэтуль зарэгістраваны як выбаршчык у акрузе Уіл штата Ілінойс. 3 кастрычніка пантыфік падаў заяўку на атрыманне бюлетэня, паведаміў выданню Chicago Sun-Times кіраўнік апарату канцылярыі сакратара акругі Кім Фладхамер.
Калі Папа запоўніць бюлетэнь і адправіць яго, ён стане першым дзейным пантыфікам, які возьме ўдзел у свецкіх палітычных выбарах.
Галасаванне будзе таемным, таму невядома, за каго прагаласуе Леў XIV. Аднак вясной паміж Папам і Дональдам Трампам, а таксама яго адміністрацыяй, узнік востры канфлікт. На абарону пантыфіка ад крытыкі амерыканскага прэзідэнта выступала нават кіраўніцтва Італіі.
Як можа змяніцца знешняя палітыка ЗША, калі дэмакраты перамогуць на выбарах у Кангрэс. Чатыры магчымыя сцэнарыі
80+. Чаму амерыканская палітыка старэе
На Алясцы сярод кандыдатаў у сенатары два Дэны Саліваны. Губернатар загадаў праверыць, ці датычныя да гэтага дэмакраты
Амерыканскія кампаніі не хочуць набываць расійскі дызель, пра які дамовіўся Трамп. Ён можа пайсці ў Бразілію
66‑гадовая жанчына, якая з двух гадоў жыве ў ЗША, толькі цяпер даведалася, што не мае грамадзянства
Каментары