БЕЛ Ł РУС

Бяляцкі: Не трэба спяшацца адмяняць санкцыі. Бо гэта будзе ўспрынята рэжымам як яго перамога і слабасць Еўропы

30.10.2026 / 23:08

Nashaniva.com

Былы палітвязень і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі даў інтэрв'ю журналісту нямецкага выдання dekoder Інга Пецу, у якім сярод іншага выклаў сваё бачанне таго, ці павінен Еўрасаюз ісці на перамовы з Лукашэнкам і як далёка ў гэтым можна зайсці.

Алесь Бяляцкі. Фота: «Наша Ніва»

— Зараз ідзе дыялог паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкам, у выніку якога былі вызваленыя палітвязні. Як вы ставіцеся да такога прагматычнага падыходу?

— Я гляджу на гэта перш за ўсё як на перамоўную стратэгію: людзей вызваляюць у абмен на нейкія эканамічныя ці палітычныя саступкі.

Людзі дзякуючы гэтаму выходзяць на волю, я гэта падтрымліваю. Для мяне гэта перш за ўсё гуманітарнае пытанне.

Еўропа павінна задаць сабе пытанне: што такое Беларусь? Гэта еўрапейская краіна ці не?

Але ёсць небяспека: палітвязні могуць ператварыцца ў пастаянны тавар. Адных выпускаюць, а потым рэжым набірае новых. Атрымліваецца бясконцая карусель.

Таму трэба не толькі вызваляць людзей, але і дабівацца спынення рэпрэсій. Ведаючы Лукашэнку ўжо больш за трыццаць гадоў, я ўпэўнены, што ён як дыктатар разумее толькі пазіцыю сілы.

— Але хіба перамовы самі па сабе не могуць прывесці да легітымізацыі рэжыму?

— Менавіта таму тут патрэбная асцярожнасць. Вызваленне палітвязняў — гэта адно. Палітычная і эканамічная легалізацыя рэжыму — зусім іншае.

Я размаўляю з еўрапейскімі палітыкамі і кажу: не трэба спяшацца адмяняць санкцыі. Бо гэта будзе ўспрынята рэжымам як яго перамога і слабасць Еўропы.

Еўропа павінна задаць сабе пытанне: што такое Беларусь? Гэта еўрапейская краіна ці не? Ці мае беларускі народ права быць часткай еўрапейскай дэмакратычнай прасторы?

— Вы гаворыце пра неабходнасць захоўваць ціск на рэжым. Але ці патрэбныя адначасова каналы зносін з ім?

— Перамовы могуць быць карыснымі, калі яны дазваляюць вызваляць людзей ці вырашаць гуманітарныя праблемы. Але нельга паддавацца ілюзіям.

Асноўная мэта Лукашэнкі — заставацца ва ўладзе. Нельга верыць яго абяцанням без канкрэтных дзеянняў.

Мы ўжо праходзілі праз перыяды дыялогу і пацяплення адносін паміж рэжымам і Захадам. А потым усё зноў заканчвалася рэпрэсіямі.

Таму трэба працаваць перш за ўсё з дэмакратычнымі сіламі, падтрымліваць беларускую грамадскую супольнасць, дапамагаць захоўваць беларускую ідэнтычнасць. Інакш у Беларусь прыйдзе імперская Расія.

— Многія на Захадзе, здаецца, не звяртаюць увагі на гэты аспект.

— Вядома. Гэта пытанне цывілізацыйнага выбару. Вайна Расіі супраць Украіны паказала, наколькі вострым гэта пытанне з'яўляецца для нашага рэгіёну.

Чытайце таксама:

Калеснікава: Адкуль вы ўзялі, што я супраць ціску?

Латушка: Перамовы па Украіне могуць адкрыць магчымасці для Беларусі. Дэмсілы павінны быць за сталом

Пальчыс пра ліст Калеснікавай і Золатавай: «За ўсё добрае, супраць усяго дрэннага», але ў рэальнасці гэта пакіне 9 мільёнаў у лакальным КНДР

Ціханоўская: Кантакты з рэжымам могуць быць карыснымі, але санкцыі ЕС трэба захаваць

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў

Каментары да артыкула