БЕЛ Ł РУС

УСУ ўдарылі па вытворцы ракетнага паліва ў Растоўскай вобласці

31.10.2026 / 20:01

Nashaniva.com

У ноч на суботу, 31 кастрычніка, Сілы абароны Украіны нанеслі ўдар па прадпрыемстве расійскага вайскова-прамысловага комплексу — камбінаце «Каменскі» ў горадзе Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобласці Расіі. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны.

Фота: NASA

На гэтым прадпрыемстве вырабляюць цвёрдае ракетнае паліва для боепрыпасаў рэактыўных сістэм залпавага агню «Ураган», «Смерч» і «Тарнада-С», а таксама для шэрагу ракетных комплексаў і авіяцыйных сродкаў паражэння.

Паводле паведамлення Генштаба УСУ, для атакі выкарысталі ўдарныя беспілотнікі і берагавыя ракетныя комплексы ВМС Украіны «Нептун». У выніку ўдару загарэўся склад гатовай прадукцыі, а таксама былі пашкоджаныя чатыры вытворчыя цэхі.

Ва ўкраінскім Генштабе адзначылі, што ўдары па вытворчасці цвёрдага ракетнага паліва зніжаюць магчымасці расійскай арміі абстрэльваць украінскія населеныя пункты з рэактыўных сістэм залпавага агню.

Акрамя таго, украінскія вайскоўцы паведамілі пра паражэнне чатырох складоў матэрыяльна-тэхнічных сродкаў расійскіх войскаў на акупаваных тэрыторыях. Яны знаходзіліся ў раёнах Харцызска і Дакучаеўска ў Данецкай вобласці, Новавасілеўкі ў Запарожскай вобласці і Новаайдара ў Луганскай вобласці.

Чытайце таксама:

Кіеў аднавіў інтэнсіўныя ўдары па расійскіх НПЗ пасля таго, як Вашынгтон праігнараваў яго патрабаванні

Украінскія дроны атакавалі НПЗ ва Уфе

Украіна замест НПЗ пачала атакаваць металургічныя заводы Расіі

Каментары да артыкула