Птушкі таксама пакутуюць ад джэтлагу і пасля доўгіх пералётаў збіваюцца з курсу
Навукоўцы прааналізавалі амаль 4000 маршрутаў марскіх птушак над Атлантыкай і заўважылі ў іх дзіўную заканамернасць.
Малы буравеснік. Фота: Wikimedia Commons
Пасля далёкага пералёту гадзіннік паказвае адзін час, а цела жыве зусім па іншым. Гэты разлад здаецца платай за вынаходніцтва рэактыўных самалётаў, бо раней чалавек проста не мог перамяшчацца так хутка. Аднак у прыродзе ёсць істоты, якім для падобнага збою хапае ўласных крылаў, і сярод іх, як высветлілі навукоўцы, малыя буравеснікі (Manx shearwater).
Гэтыя невялікія марскія птушкі, большасць якіх гняздуецца на астравах каля Вялікабрытаніі і Ірландыі, здольныя пераадольваць велізарныя адлегласці. Выгадоўваючы птушаня, бацькі могуць ляцець больш за 1000 км на захад, да багатых на ежу месцаў у Атлантыцы, а потым вяртаюцца дадому амаль па прамой.
Такая дакладнасць дзіўная яшчэ і таму, што магнітнае поле Зямлі ім, як відаць, не дапамагае. Раней даследчыкі прымацоўвалі да малых буравеснікаў невялікія магніты, якія павінны былі парушыць магнітную навігацыю, але гэта ніяк не паўплывала на маршруты.
Як піша New Scientist, навукоўцы з Оксфардскага ўніверсітэта мяркуюць, што буравеснікі выкарыстоўваюць іншы механізм, які называюць сонечным компасам. Ён дазваляе вызначаць кірунак па становішчы Сонца на небе. Але для гэтага птушцы трэба ведаць і дакладны час, бо на працягу дня Сонца змяняе сваё становішча. Менавіта тут і можа ўзнікаць праблема.
Уявім, што буравеснік вяртаецца дадому на ўсход. А шостай раніцы ён павінен ляцець у бок Сонца, а апоўдні, калі Сонца знаходзіцца на поўдні, трымаць кірунак пад прамым вуглом да яго. Але калі птушка хутка пераадолее 15 градусаў даўгаты на ўсход, мясцовы час зрушыцца на гадзіну наперад. Там ужо будзе першая гадзіна дня, а яе біялагічны гадзіннік усё яшчэ можа паказваць поўдзень. У выніку птушка няправільна ацэніць становішча Сонца і крыху адхіліцца ад патрэбнага кірунку.
Каб праверыць гэтую гіпотэзу, даследчыкі прааналізавалі маршруты амаль чатырох тысяч пералётаў буравеснікаў, сабраныя з дапамогай прымацаваных да іх GPS-трэкераў.
Высветлілася, што падчас хуткіх пералётаў на ўсход, калі птушкі знаходзіліся па-за бачнасцю сушы, яны сапраўды мелі тэндэнцыю адхіляцца па гадзіннікавай стрэлцы. Менавіта такога адхілення і можна было чакаць, калі б іх унутраны гадзіннік адставаў ад мясцовага часу.
Даследчыкі разгледзелі і іншыя магчымыя прычыны адхіленняў ад маршруту, у тым ліку ўплыў ветру і вярчэння Зямлі, якое таксама можа змяняць траекторыю руху. Аднак найлепш гэтыя адхіленні тлумачыла менавіта памылка сонечнага компаса.
Праўда, наступствы такога джэтлагу для буравеснікаў аказаліся невялікімі. Пасля пералёту на тысячу кіламетраў птушцы даводзіцца пераадольваць усяго каля пяці дадатковых кіламетраў, каб дабрацца да сваёй калоніі. Для выдатна прыстасаваных да далёкіх падарожжаў буравеснікаў гэта, хутчэй за ўсё, неістотная затрымка.
Магчыма, не толькі буравеснікі
Даследчыкі не выключаюць, што падобны эфект узнікае і ў іншых жывёл, якія хутка пераадольваюць вялікія адлегласці, у тым ліку ў некаторых кажаноў і насякомых. Аднак большасць птушыных міграцый адбываецца пераважна з поўначы на поўдзень або наадварот, таму змена гадзінных паясоў звычайна не павінна ствараць вялікіх праблем.
Іншая справа палярныя рэгіёны, дзе мерыдыяны збліжаюцца і 15° даўгаты можна пераадолець зусім хутка. Там зрушэнне гадзінніка могуць адчуваць многія жывёлы, магчыма, нават белыя мядзведзі і пясцы, якія ходзяць па марскім лёдзе. Праўда, карціну ўскладняюць палярны дзень і палярная ноч, бо ў некаторых відаў у гэты час цыркадныя рытмы і без таго парушаюцца.
Пры гэтым даследчыкі ўдакладняюць, што джэтлагам у выпадку птушак яны называюць менавіта разыходжанне паміж біялагічным гадзіннікам і мясцовым часам. Ці адчуваюць птушкі такое ж недамаганне, як людзі пасля далёкіх авіяпералётаў, пакуль невядома.
Чытайце таксама:
Як птушкі арыентуюцца падчас пералётаў? Навукоўцы прапануюць адказ
Гэтая птушка будуе гняздо свайго колеру насуперак меркаванню большасці