Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе
Кірыл Слука быў зоркай нулявых, але пасля знік з вялікай сцэны.
Кірыл Слука. Скрыншот кліпа «Я придумал-думал-думал»
На беларускай эстрадзе пры канцы дзевяностых і на пачатку нулявых Кірыл Слука быў яркай персонай. Спачатку прабіўся ў тэлевізар — пачынаў як вядучы дыскатэкі праграмы «Тэлебом». Пасля дарос і да аўтарскіх перадач — «Целек-шоу» і «Класіка двароў».
Свой шлях на музычную сцэну ён вырашыў шукаць разам з Сяргеем Кавалёвым — іх дуэт «КаСлукаДаКовалёв» стаў даволі паспяховым.
У 1998 годзе Кірыл памчаўся скараць Маскву — падпісаць кантракт паклікаў Ігар Круты (праз гэта Слука шмат з кім сапсаваў адносіны ў Мінску). Але ж з акулай расійскага шоу-бізнэсу не зраслося. Па інтэрв’ю Кірыла ў нулявыя можна зразумець, што ў яго з Крутым было вельмі рознае бачанне таго, у якім кірунку спявак мусіць рухацца.
Пасля Слука прызнаваўся, што жыццё «паслямаскоўскага перыяду» было складаным. Амбіцыйнаму хлопцу няпроста было перажыць, што Ігар Круты прыпыніў кантракт і выйшла, што «ўчора было ўсё, а сёння нічога не зразумела».
Кірыл Слука. Скрыншот кліпа «Я придумал-думал-думал»
Нават казаў, што думаў пайсці працаваць бухгалтарам, але ж маці адгаварыла — бо сын усё жыццё ўклаў у шоу-бізнэс.
Са сваім партнёрам па сцэне — Сяргеем Кавалёвым — Кірыл у выніку разышоўся.
А Кавалёў вырашыў стаць доктарам — і пайшоў працаваць па спецыяльнасці доктарам ультрагукавой дыягностыкі ў «Маці і дзіця» (ён скончыў медыцынскі ўніверсітэт яшчэ да сваёй кар’еры артыста і нават напісаў гімн для сваёй alma mater). На яго працу шмат добрых водгукаў, а сярод зорных пацыентак была нават Дар’я Домрачава.
Слука ж напачатку нулявых пайшоў на радыё «Мір» з аўтарскай праграмай «Слука народа». Тады ж спрабаваў зрабіць нейкі аналаг сучаснага тындара. З энтузіязмам распавядаў у інтэрв’ю, што зацікавіўся японскай распрацоўкай: «Ахвотныя завесці новыя знаёмствы набываюць нешта накшталт пэйджара ў выглядзе паловы сэрца і закладваюць у камп’ютар свае пажаданні адносна патэнцыйнага партнёра. Калі ўзаемныя патрабаванні супадаюць у камп’ютары, то дзве палавінкі сэрца звіняць або міргаюць. Людзі знаёмяцца. Пакуль гэты цуд тэхнікі да нас дойдзе, я прапаную прасцейшы, але не меней займальны спосаб клубных знаёмстваў. Пакуль не хачу раскрываць усіх сваіх сакрэтаў. Скажу толькі, што ўцягнуў у гэты праект шмат партнёраў, якім ідэя падалася цікавай».
Кірыл Слука. Скрыншот яго інстаграма
Чарговая хваля папулярнасці Кірыла Слукі ў Беларусі прыпала на 2003‑2005 гады. Тады артыст выпусціў кліпы на такія песні як «Я придумал-думал-думал» (публіцы яна больш вядомая як «Белоруссия» ці «Беларусь и я» — тут залежыць ад таго, хто як пачуў) і «Армия нужна».
Цяпер складана сказаць, што больш паспрыяла папулярнасці трэкаў — простыя словы ў спалучэнні з мелодыямі, якія засядалі ў галаве, ці ідэалагічны сэнс, які падабаўся чыноўнікам на розных узроўнях. Але кліпы круцілі па тэлевізары, ды і на святы Слуку запрашалі з гэтымі хітамі.
У 2004 яму даверылі разам з Алёнай Спірыдовіч весці «Славянскі базар». У 2005‑м у гонар свайго 30‑годдзя артыст даў канцэрт з назвай «Усё», дзе заявіў, што далей плануе быць кампазітарам ды прадзюсарам. Потым, праўда, спрабаваў жартаваць, што гэта быў піяр-ход, а насамрэч ён меў на ўвазе, што ўсё толькі пачынаецца.
Кірыл Слука. Фота з яго інстаграма
Але ў выніку знік, хоць на той момант на беларускай эстрадзе ў яго ўсё складвалася даволі няблага.
Праз нейкі час Кірыл знайшоўся ў Маскве — вядома, што прынамсі некаторы час займаўся там арганізацыяй мерапрыемстваў. Выступаў і як спявак на невялікіх пляцоўках.
Інтэрв’ю ён даўно не дае.
Кірыл Слука ў 2023 годзе. Скрыншот відэа гурта «Л20»
Мяркуючы па сацыяльных сетках, творчасць Слука не кінуў — у 2023 годзе стаў удзельнікам гурта «Л20» (яны прэзентавалі акустычную праграму «По кличке любовь»). Раскруціцца, здаецца, не ўдалося — у суполцы гурта ва «УКантакце» ўсяго 25 падпісчыкаў.
Кірыл Слука ў 2023 годзе. Скрыншот відэа гурта «Л20»
Кірыла запрашаюць на невялікія мерапрыемствы. У 2024 годзе, напрыклад, ён выступаў на вечары, прысвечаным Дню маці, у мясцовай культурна-дасугавай арганізацыі «Дыялог» у Мар’іне (раён Масквы).
Кірыл Слука ў 2024 годзе
Час ад часу на YouTube з’яўляюцца фрагменты песень, у апісанні якіх пазначаны Кірыл Слука. На відэа з’яўляецца персанаж, намаляваны ШІ, які знешне падобны да Слукі. Але няма пацвярджэнняў, што гэты сапраўды творчасць Кірыла.
Тым часам у Беларусі песні Слукі працягваюць жыць на розных дзяржаўных мерапрыемствах і сёння. У 2024 годзе Аляксандр Саладуха разам з маладымі артыстамі выступаў з вядомым трэкам Кірыла «Минск — это я». А сёлета Наста Краўчанка атрымала хвалю хэйту праз тое, што праспявала на хакейным матчы яго «Белоруссию».
Чытайце таксама:
«Краскі», Merry Poppins, «Топлес»: што цяпер са спявачкамі папулярных у нулявых гёрлс-бэндаў?
Вядучая БТ, паэтка, уцякач. Як склалася жыццё самых яркіх удзельнікаў дзіцячага «Еўрабачання»?
Як цяпер жыве баяніст Віталь Варанко, які ў 2020 годзе называў Лукашэнку супергероем?