БЕЛ Ł РУС

Пасля аварыі на матацыкле звычайны школьны настаўнік стаў музычным геніем. Што здарылася з ягоным мозгам?

6.11.2026 / 06:00

Антось Жупран

Цяжкая траўма галавы нечакана змяніла музычныя здольнасці амерыканскага настаўніка. Чаму так адбылося, разбіралася The New York Times Magazine.

Эдвард Фрайтаг. Фота: edward.freytag / Facebook

Эдварду Фрайтагу было 66 гадоў, калі падчас паездкі на матацыкле непадалёк ад горада Мэрфрысбара ў амерыканскім штаце Тэнэсі ён трапіў у аварыю. Што менавіта прымусіла яго страціць кіраванне на павароце, так і засталося невядомым.

Калі сябра знайшоў мужчыну на абочыне, той ляжаў прыкладна за дзевяць метраў ад матацыкла. У Фрайтага былі зламаныя 11 касцей, а на шлеме засталася глыбокая ўвагнутасць. Найбольш небяспечнай аказалася траўма мозга.

У бальніцы мужчына меў праблемы з памяццю і маўленнем, а яго паводзіны рэзка змяніліся. Раней стрыманы Фрайтаг стаў лаяцца, капрызіць і паводзіць сябе зусім нехарактэрна. Жонцы здавалася, што перад ёй іншы чалавек.

Для неўролагаў такія змены не былі нечаканымі. Яны прагназавалі, што на аднаўленне спатрэбіцца ад трох да шасці месяцаў.

Але пакуль мозг аднаўляўся, у мужчыны з'явіліся здольнасці, якіх ён раней не меў.

Музыка, якой раней не было

Фрайтаг працаваў настаўнікам музыкі ў сярэдняй школе і ўжо чатыры дзесяцігоддзі прафесійна займаўся музыкай. Ён быў дасведчаным ударнікам і кампазітарам, але ніколі не меў абсалютнага слыху.

Прыкладна праз два тыдні пасля аварыі жонка везла яго дадому. Па радыё граў джазавы ансамбль, і раптам Эдвард пачаў называць складаныя акорды, якія чуў у музыцы. Ён не проста пазнаваў іх на слых. Мужчына нібыта бачыў перад сабой ноты, быццам яны былі запісаныя на паперы.

Да аварыі ён мог добра вызначаць адносіны паміж гукамі, напрыклад, наколькі адна нота вышэйшая за другую. Гэта называюць адносным слыхам, і такую здольнасць маюць многія прафесійныя музыканты. Цяпер жа ў яго з'явіўся абсалютны слых — здольнасць імгненна вызначаць ноты без параўнання з іншымі гукамі.

Паводле неўролага Рымы Абу-Халіль, якая даследавала выпадак Фрайтага, такую здольнасць мае прыкладна адзін чалавек з дзесяці тысяч. Звычайна яна праяўляецца ў дзяцінстве, а набыць яе ў дарослым узросце амаль немагчыма.

Фрайтаг стаў першым вядомым выпадкам, калі абсалютны слых з'явіўся пасля траўмы мозга.

Але яшчэ больш уражвала тое, як ён пачаў складаць музыку.

Праз месяц пасля аварыі мужчына знайшоў на сваім камп'ютары незнаёмы файл пад назвай Brain Bleed («Кровазліццё ў мозг»). Фрайтаг падумаў, што гэта нейкі дакумент з бальніцы, які ён захаваў і забыўся.

Фота: edward.freytag / Facebook

Але калі адкрыў файл, на экране з'явілася больш за 50 старонак нот. Аўтарам твора значыўся ён сам. Фрайтаг зусім не памятаў, каб пісаў яе.

Таямніцу растлумачыла жонка. Аказваецца, амаль кожную ноч каля другой гадзіны Эдвард уставаў, моўчкі ішоў да камп'ютара і працаваў над кампазіцыяй. Раніцай ён нічога пра гэта не памятаў.

Пазней Фрайтаг прызнаваўся, што музыка была значна больш вынаходлівай за ўсё, што ён пісаў раней. Некаторыя гарманічныя спалучэнні аказаліся настолькі складанымі, што яму самому даводзілася асобна разбірацца, як яны пабудаваныя.

Праз некаторы час з'явіўся яшчэ адзін твор — Previous Knowledge («Ранейшыя веды»). Ён таксама ствараўся часткамі на працягу некалькіх месяцаў.

Што магло адбыцца з мозгам?

Навукоўцы пакуль не маюць адназначнага адказу, чаму траўма дала Фрайтагу здольнасці, якіх раней не было. Але існуе некалькі гіпотэз.

Першае звязанае з тым, што здольнасць запамінаць абсалютную вышыню гукаў, магчыма, ёсць у значна большай колькасці людзей, чым прынята лічыць.

Нейрабіёлаг Дэніел Левіцін, аўтар кнігі This Is Your Brain on Music («Гэта ваш мозг пад уздзеяннем музыкі»), выявіў у адным з эксперыментаў, што 40% удзельнікаў з першай спробы пачыналі спяваць вядомую песню дакладна з той ноты, з якой яна гучыць у арыгінале. Хоць назваць гэтую ноту яны не маглі.

Гэта сведчыць, што інфармацыя пра абсалютную вышыню гукаў можа захоўвацца ў памяці нават у людзей без абсалютнага слыху. Але звычайна мы не ўмеем свядома ёю карыстацца.

Магчыма, траўма Фрайтага парушыла механізм, які звычайна абмяжоўвае доступ да такой інфармацыі. А дзякуючы шматгадовай музычнай падрыхтоўцы мужчына змог адразу выкарыстоўваць новую магчымасць.

Ёсць і іншае магчымае тлумачэнне. У Фрайтага падчас аварыі была пашкоджаная левая лобная доля мозга. Гэта важная дэталь, бо ў большасці людзей левае паўшар'е адыгрывае вядучую ролю ў маўленні, а правае больш актыўна ўдзельнічае ў апрацоўцы вобразнай інфармацыі.

Прафесар неўралогіі Каліфарнійскага ўніверсітэта Брус Мілер адзначае, што пасля пашкоджання левых лобных аддзелаў мозга ў некаторых людзей нечакана праяўляюцца новыя мастацкія здольнасці.

Магчыма, калі траўма парушыла працу левай лобнай долі Фрайтага, іншыя нейронныя сеткі атрымалі магчымасць працаваць інакш. Гэта магло спрыяць яго незвычайнаму творчаму ўздыму. Аднак пакуль гэта толькі гіпотэза, а не даказанае тлумачэнне.

Цікава, што па меры выздараўлення Фрайтага яго новыя здольнасці пачалі знікаць. Памяць і паводзіны вярталіся да нормы, затое абсалютны слых паступова страціўся, а незвычайны творчы ўздым скончыўся.

Мужчына працягнуў складаць музыку, а ў 2023 годзе нават пакінуў настаўніцкую працу, каб цалкам прысвяціць сябе творчасці. Аднак, паводле яго ўласнай ацэнкі, ніводзін з пазнейшых твораў не параўнаецца з тымі, якія ён стварыў адразу пасля аварыі.

Чытайце таксама:

Дрэнная памяць. Як яе палепшыць і як зразумець, што ўсё ж час ісці да доктара

Зайшлі ў пакой і забылі навошта? Вось чаму так адбываецца

Родная мова вызначае здольнасць успрымаць музыку

Каментары да артыкула