Усяго патроху

Зайшлі ў пакой і забылі навошта? Вось чаму так адбываецца

Бывае, што чалавек заходзіць у пакой і раптам забывае, навошта туды накіроўваўся. Доўгі час гэта тлумачылі так званым «эфектам дзвярэй», згодная з якім пераход у іншае памяшканне прымушае мозг нібыта «ачышчаць» кароткачасовую памяць. Аднак эксперыменты паказалі, што механізм значна складанейшы.

Здымак ілюстрацйны. Фота: Axel Bueckert / Vecteezy

З'ява, калі чалавек забывае, навошта зайшоў у іншы пакой, вядомая як «эфект дзвярэй» (doorway effect). Ранейшыя даследаванні паказвалі, што пераход з аднаго памяшкання ў іншае сапраўды можа ўскладняць аднаўленне нядаўна атрыманай інфармацыі.

Адно з тлумачэнняў гэтага эфекту звязана з тым, што чалавечы мозг пастаянна апрацоўвае велізарную колькасць інфармацыі і падзяляе бесперапынны паток падзей на асобныя эпізоды. Межамі паміж імі могуць служыць змена месца, абстаноўкі або пераключэнне на новую задачу.

Згодна з гэтай тэорыяй, пры пераходзе праз дзверы мозг успрымае змену памяшкання як пачатак новага эпізоду, а інфармацыя, звязаная з папярэдняй сітуацыяй, становіцца менш даступнай.

Падобны эфект даследчыкі назіралі не толькі пры праходжанні праз сапраўдныя дзверы, але і ў віртуальнай рэальнасці. Змена кантэксту, напрыклад пераключэнне паміж працоўнымі вокнамі на камп'ютары, таксама можа ўскладняць аднаўленне інфармацыі.

Аднак, як піша Focus.pl, каманда даследчыкаў з аўстралійскіх універсітэтаў Бонда і Квінсленда, а таксама Універсітэцкага каледжа Лондана вырашыла праверыць, наколькі ўстойлівы эфект дзвярэй і ці ўзнікае ён пры любых абставінах.

Чатыры эксперыменты з нечаканымі вынікамі

У першых двух эксперыментах удзельнікі выкарыстоўвалі акуляры віртуальнай рэальнасці. Яны перамяшчаліся паміж аднолькавымі пакоямі, бралі са сталоў прадметы розных колераў і формаў, пераносілі іх і павінны былі запамінаць. Часам маршрут праходзіў праз дзверы, а часам заставаўся ў межах аднаго памяшкання. Падчас перамяшчэння на экране з'яўлялася назва прадмета, напрыклад «сіні куб». Удзельнік павінен быў адказаць, ці адпавядае яна аднаму з двух прадметаў, з якімі ён толькі што сутыкаўся.

У першым эксперыменце істотнай розніцы паміж пераходам праз дзверы і рухам без такога пераходу навукоўцы не выявілі.

Тады задачу ўскладнілі. Цяпер удзельнікам трэба было не толькі запамінаць прадметы, але і адначасова лічыць у зваротным парадку.

Менавіта пры такой дадатковай нагрузцы выявілася цікавая асаблівасць. Пасля пераходу праз дзверы ўдзельнікі часцей памылкова пазнавалі камбінацыі колеру і формы, якіх насамрэч не было. Пры гэтым яны не сталі істотна часцей забываць сапраўдныя прадметы. Гэта сведчыла пра тое, што ў перагружанай рабочай памяці інфармацыя станавілася больш уразлівай да перашкод.

У двух наступных эксперыментах навукоўцы адмовіліся ад віртуальнай рэальнасці і выкарысталі сапраўдны калідор. Спачатку добраахвотнікам паказвалі 16 фатаграфій розных матылькоў, размешчаных у чатыры рады па чатыры здымкі. За 30 секунд трэба было запомніць іх размяшчэнне.

Пасля гэтага ўдзельнікі трэцяга эксперыменту глядзелі відэа прагулкі па калідоры, а чацвёртага — самі праходзілі гэты маршрут. У адных выпадках калідор быў падзелены занавескамі на асобныя ўчасткі, у іншых — заставаўся адкрытым. Каб павялічыць нагрузку на памяць, удзельнікі адначасова лічылі ў зваротным парадку. Пасля завяршэння маршруту ім прапаноўвалі аднавіць першапачатковае размяшчэнне матылькоў.

Выгляд калідора падчас эксперыментаў. Фота: матэрыялы навуковага артыкула

Эксперыменты паказалі, што наяўнасць або адсутнасць занавесак істотна не ўплывала на дакладнасць запамінання. Пры гэтым большасць удзельнікаў суб'ектыўна лічыла заданне з іх наяўнасцю складанейшым.

Што насамрэч адбываецца з памяццю

Атрыманыя вынікі прымусілі даследчыкаў удакладніць традыцыйнае тлумачэнне «эфекту дзвярэй». Яны выказалі здагадку, што важную ролю адыгрывае інтэрферэнцыя — узаемны ўплыў інфармацыі, якая захоўваецца ў памяці.

Напрыклад, калі чалавек ідзе на кухню па кубак, але адначасова думае пра працу, размову або будучыя планы, яго рабочая памяць ужо занятая некалькімі задачамі. Змена абстаноўкі можа яшчэ больш ускладніць аднаўленне першапачатковага намеру.

Мае значэнне і тое, наколькі моцна адрозніваюцца памяшканні. Пераход паміж амаль аднолькавымі пакоямі можа быць менш прыкметным для мозгу, чым, напрыклад, выхад з офіса на ажыўленую вуліцу. Істотная змена кантэксту здольная выразней пазначыць пачатак новага эпізоду.

Пры гэтым навукоўцы не лічаць падобную асаблівасць недахопам памяці. Падзел падзей на асобныя эпізоды дапамагае мозгу ўпарадкоўваць велізарную колькасць інфармацыі, якую ён атрымлівае штодня.

Такім чынам, калі чалавек забывае, навошта прыйшоў у пакой, прычына можа быць не ў саміх дзвярах. Хутчэй за ўсё, яго ўвага ўжо была занятая іншымі задачамі, а змена абстаноўкі толькі ўскладніла доступ да патрэбнай інфармацыі.

Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве7

ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве

Усе навіны →
Усе навіны

Румынія зноў перастала выдаваць візы беларусам. Трэці раз за год3

Ціханоўская паказала свае матуліны будні99

Пасланнікі Трампа заявілі Кіеву, што спрабуюць вярнуць Пуціна за стол перамоваў з дапамогай дызельнай здзелкі2

ЗША і Еўропа распрацоўваюць мірны план, які дасць Украіне гарантыі бяспекі, а Расіі — эканамічныя выгады23

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года16

Цясляр з прымежнага Дзівіна кідаў кліентаў на грошы, а калі запахла смажаным, з'ехаў у Расію. І згінуў на фронце1

Ігар Карней: Будзе каманда — зробяць усё, каб і з годам трымаць у закладніках хоць пяцігодку, хоць болей

«А дзе ўсе?» Белдзяржцырк шукае адразу 15 работнікаў. У каментарах — шапіто6

АНТ запусціла інтэлектуальнае шоу, у якім трэба адгадваць кадры з расійскіх серыялаў «Універ» і «Татавы дочкі»13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве7

ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць