БЕЛ Ł РУС

Беларуска год адпрацавала дальнабойшчыцай у Еўропе. Цяпер спрабуе паступіць у італьянскі ўніверсітэт

10.11.2026 / 21:04

Аўгіння Якімук

«Працую як мужчына, каб жыць як жанчына», — кажа 26‑гадовая Святлана Арлова з Брэста. Нягледзячы на дыплом юрысткі, дзяўчына вырашыла сесці за руль фуры. У першую кадэнцыю было шмат прыгод.

Святлана Арлова. Скрыншот відэа ў інстаграме. Якасць палепшана з дапамогай ШІ

Пра сваё жыцця маладая жанчына распавядае ў інстаграме. Яна сама з Барысава, але большую частку дзяцінства правяла ў Беразіне, а з 18 гадоў стала жыць у Брэсце. 

Святлана гадуе дачку-другакласніцу, катаецца на матацыклах і любіць вандроўкі.

Святлана жартуе, што пакуль што адзіная адукацыя, якая ёй сапраўды спатрэбілася ў жыцці, — гэта аўташкола. Бо дзякуючы пасведчанню кіроўцы берасцейка цяпер зарабляе.

Нягледзячы на тое, што Святлана вельмі любіць сукенкі ды абцасы, дзяўчына прызнаецца: душа імкнецца кіраваць 40‑тонай фурай.

Святлана Арлова. Скрыншот з відэа ў інстаграме. Якасць палепшана з дапамогай ШІ

У Беларусі знайсці такую працу не ўдалося — усюды былі адмовы: «Мы дзяўчат не бяром, вы не дасцё рады, без досведу не атрымаецца». А вось у Еўрасаюзе такіх праблем не ўзнікла.

Святлана Арлова. Скрыншот відэа ў інстаграме. Якасць палепшана з дапамогай ШІ

За руль яна села прыблізна год таму. Першая кадэнцыя не была простай — але дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва і калег удалося асвоіцца ў новай прафесіі. Цяпер паркоўку, якая першы дзень працы ледзь атрымлівалася з пятай спробы, Святлана лічыць лёгкай размінкай.

На трэцяй працоўнай змене яна захрасла ў прыватным сектары ў Германіі, а мясцовыя жыхары выклікалі на дальнабойшчыцу паліцыю. Эвакуацыя заняла больш за пяць гадзін — бонусам дастаўся штраф некалькі тысяч еўра.

Пры гэтым беларуска ўпэўненая: людзі стамляюцца не ад працы, а ад маленькіх заробкаў. І выгараюць людзі не праз нагрузку, а праз тое, што іх праца каштуе танна.

Аб сваім выбары Святлана не шкадуе — кажа, калі б аднойчы павялася на гендарныя стэрэатыпы, ніколі б і не даведалася, якім можа быць свет вакол яе. І іншых жанчын заклікае: «Працуйце, дзяўчаты, шчасце ў грошах».

Святлана Арлова. Скрыншот відэа ў інстаграме. Якасць палепшана з дапамогай ШІ

Смешна, але мужчын часам крыўдзіць тое, што жанчына працуе дальнабойшчыцай. Бывае, Святлане пішуць, што яна — далікатная дзяўчына — збегла ад сваіх сямейных абавязкаў: «Дзяцей трэба выхоўваць, захоўваць цеплыню і ўтульнасць у доме, а не лезці ў мужчынскую прафесію!». Абвінавачваюць у тым, што праз жанчын у дальнабоі «мужчынскую працу абясцэнілі».

Беларуска ж да такога ставіцца з іроніяй: «Вучыся, маленькі, раптам і ў цябе ўдасца мужыком быць».

Святлана Арлова. Скрыншот з відэа ў інстаграме. Якасць палепшаная з дапамогай ШІ

«Я калі была падлеткам, марыла кіраваць машынай. І думала, што калі вырасту, то абавязкова здам на правы і буду ездзіць на машыне. Я рэальна марыла аб гэтым. А цяпер я за рулём, я займаюся тым, ад чаго я проста неймаверна кайфую».

Вось так і выйшла, што ёй яшчэ і плацяць за рэалізацыю мары. Святлане непрынцыпова, чым кіраваць — матацыклам, машынай ці фурай. Сцвярджае, што і самалётам бы з задавальненнем кіравала. 

Святлана Арлова. Скрыншот з відэа ў інстаграме. Якасць палепшаная з дапамогай ШІ

Дарэчы, блог вельмі дапамагае дальнабойшчыцы ў рэальным жыцці. Неяк Святлана апавядала, як працавала на маршруце Германія-Нідэрланды. У гэты час ёй спатрэбілася кансультацыя дэрматолага. Размова з беларускай доктаркай адбылася анлайн — тая выпісала мазь, якую без рэцэпта можна было набыць у Польшчы (туды трапіць у хуткім часе дзяўчына не магла). У выніку праз блог знайшла дальнабоя, які ехаў праз Польшчу і мог заскочыць у аптэку. Паколькі сустрэцца ў рэальнасці не атрымоўвалася, яны вылічылі паркінг, на які абое трапяць у розны час — і калега схаваў мазь для Святланы паміж слупкамі.

Дзяўчына расказвае, што працаваць дзевяць месяцаў у Еўропе без адпачынку было нескладана — бо ўвесь час была сканцэнтраваная выключна на рабоце. Самымі цяжкімі аказаліся апошнія два тыдні перад паездкай дадому — бо тады Святлана ўжо закуплялася і пакавала чамаданы, а ў думках была ўжо ў Беларусі.

Святлана Арлова. Скрыншот з відэа ў інстаграме. Якасць палепшаная з дапамогай ШІ

Цяпер Святлана вырашыла, што гатовая да змен у сваіх жыцці і стрэсла пыл са свайго юрыдычнага дыплома. Яна пачала рыхтаваць дакументы для таго, каб паступіць у магістратуру ў адну з італьянскіх ВНУ.

Прызнаецца, што разумее: ідэя нават гучыць як вар'яцтва, але ж адступаць ад плана не збіраецца: «Само рашэнне спантаннае, але прывёў да яго непрыемны выпадак, калі я паверыла ў свае сілы, адкрыла для сябе новыя веды і новыя магчымасці. Назад дарогі няма…»

Пакуль што кідаць працу на фуры Святлана не плануе — думае вучыцца на завочным і спалучаць працу і адукацыю. Сярод першых пунктаў — павышэння свайго ўзроўню італьянскай мовы з А2.

Чытайце таксама:

У Польшчы беларускаму дальнабойшчыку пагражае турма — спрабаваў увезці экзатычных яшчарак

Кіраўнік лагістычнай кампаніі з Літвы: «У нас і цяпер сярод кіроўцаў 80% з Беларусі»

«Тут няма часу на жыццё». Беларус — пра працу дальнабойшчыкам у ЗША

«Пад маю адказнасць». Беларускі дальнабойшчык чатыры месяцы нелегальна ездзіў па Еўропе

Каментары да артыкула