Прыбраць з двароў і вуліц аўтахлам цяпер будзе і прасцей, і хутчэй
У Беларусі з 13 лістапада зменіцца парадак прызнання кінутых аўтамабіляў безгаспадарнымі. Новыя правілы павінны спрасціць пошук уладальнікаў такіх машын і паскорыць іх эвакуацыю, піша Times.by.
Фота ілюстрацыйнае
Адно з галоўных новаўвядзенняў — скарачэнне тэрміну падачы заявы ў суд аб прызнанні аўтамабіля безгаспадарным. Замест цяперашніх 30 дзён камунальныя службы змогуць звяртацца ў суд ужо праз 10 дзён.
Для пошуку ўладальнікаў камунальнікі атрымаюць доступ да больш шырокага кола звестак. Дзяржаўныя органы будуць перадаваць ім не толькі інфармацыю пра ўласніка, але і даныя аб рэгістрацыі аўтамабіля, парушэннях правіл дарожнага руху, а таксама асобах, якія афармлялі на яго страхоўку.
Зменіцца і парадак паведамлення ўладальнікам. Калі ўласнік не атрымае заказны ліст, то ўсё адно будзе лічыцца, што яму паведамілі, на дзесяты каляндарны дзень пасля яго адпраўкі. Гэта дазволіць не спыняць працэдуру і эвакуяваць аўтамабіль, нават калі адрасат не забраў карэспандэнцыю.
Камунальныя службы адзначаюць, што кінутыя машыны перашкаджаюць прыбіранню вуліц, вывазу снегу і правядзенню розных работ. Акрамя таго, з пашкоджаных аўтамабіляў могуць выцякаць тэхнічныя вадкасці, якія забруджваюць глебу і ваду.
У 2025 годзе з мінскіх двароў прыбралі больш за 4600 аўтамабіляў, якімі не карысталіся. Каля 70% уладальнікаў пасля атрымання паведамленняў самастойна пазбавіліся ад старых машын.
Чытайце таксама:
Да канца месяца мінскія вуліцы загадалі вызваліць ад аўтахламу
Кінутыя аўтамабілі будуць прыбіраць з вуліц гарадоў хутчэй
Мінскія ўлады паказалі, як утылізуюць кінутыя машыны ВІДЭА
Улады настроеныя рашуча змагацца з аўтахламам у гарадскіх дварах
Матацыкліст, вершнік, скарпіён. Гэты хлопец збірае ўнікальныя жалезныя рэчы з аўтахламу