Матацыкліст, вершнік, скарпіён. Гэты хлопец збірае ўнікальныя жалезныя рэчы з аўтахламу
Пасля рамонту аўтамабіля, як правіла, застаецца нямала розных дэталяў, якія ўжо нельга выкарыстоўваць у якасці камплектуючых. Металічныя кампаненты здаюць на металалом або папросту выкідваюць. Av.by расказвае пра незвычайнага хлопца. Ён, наадварот, з вялікім энтузіязмам скупляе рухавікі, якія адслужылі свой тэрмін, каробкі перадач і іншы аўтахлам і дорыць запчасткам другое жыццё, ператвараючы іх у займальныя штукі.
Жыве хлопец у Любані. Навігатар даводзіць да патрэбнай лакацыі. На брамцы красуецца скарпіён, створаны з дэталяў, якія некалі былі важнымі складнікамі некалькіх матацыклаў і аўтамабіляў. Цяпер жа яны сабраныя ў выглядзе павукападобнай істоты і выконваюць функцыю дэкору. Або апазнавальнага знака?
Брама адчыняецца, пара прывітальных рэплік — і мы ўжо ведаем гісторыю стварэння металічнага членістаногага:
— Мой бацька зрабіў яго некалькі гадоў таму і падарыў маёй маці на дзень нараджэння. Чаму Скарпіён? Гэта яе знак задыяка, — уводзіць нас у курс справы Кірыл.
— Як маці адрэагавала на такі незвычайны падарунак?
— Ёй было вельмі прыемна, — не міргнуўшы вокам адказвае суразмоўца, — але ў хатні інтэр'ер сувенір не ўпісаўся, таму вырашылі паставіць яго сюды. Цяпер вось вітае гасцей!
На століку са шкляным верхам і апорай, якая прадстаўляе сабой блок цыліндраў рухавіка ГАЗ-53, дружна стаяць танк, самалёт, металічнае сэрца і ўсмешлівы на ўсе свае тры зубы поршань з падстаўкай для ёмістасці. Мабыць, запальнай або гарачыльнай…
«А такі столік і ў сучаснай кватэры класна б глядзеўся!» — лаўлю сябе на думцы і цікаўлюся тэрмінамі вырабу незвычайных прадметаў інтэр'еру…
— На стварэнне невялікіх фігур (падобных на тыя, якія стаяць на стале) сыходзіць дзень-два — у залежнасці ад складанасці. Што тычыцца кошту, то, да прыкладу, поршань ацэньваю ў 175 рублёў, залітае лакам сэрца — у 120, такі вось стол — у 1000 рублёў.
— А як прыходзяць ідэі? Дзе чэрпаеш натхненне?
— У асноўным кліенты прыходзяць ужо са сваімі канцэптамі, часцяком — нават з малюнкамі. Мая справа — стварыць выраб, максімальна набліжанага да патрабаванняў заказчыка. Дарэчы, думка пра выраб танка нарадзілася падчас размовы з таварышам — гэта для фанатаў гульні World Of Tanks.
— Сам выконваеш лазерную гравіроўку па шкле?
— Не, таварыш займаецца гэтым прафесійна. Мы з ім пазнаёміліся яшчэ ў часы вучобы ў радыётэхнічным каледжы. Ён, дарэчы, і эмблему зрабіў.
— А адкуль бяруцца ўсе гэтыя дэталі для работ?
— Раней, калі гэта было проста хобі, хапала жалязяк, якія валяліся ў гаражы. За гады рамонтаў іх назапасілася нямала! А цяпер ужо даводзіцца купляць скрыні перадач, рухавікі і іншыя аўтамабільныя кампаненты на разборках. Ды і не толькі аўтамабільныя — ёсць і замкі, напрыклад. Усяго хапае.
— Колькі каштуюць звычайна каробкі перадач, рухавікі?
— КП абыходзяцца мне ў 50-100 рублёў за штуку, блокі цыліндраў для сталоў — у 200-300 BYN. Астатняе купляю з разліку 1 рубель за 1 кілаграм.
— У якіх агрэгатах больш за ўсё патрэбных дэталяў?
— Адназначна ў скрынях перадач!
— Раскажы, як гэта ўсё пачыналася. Калі ты зразумеў, што ствараць з жалеза такія ўнікальныя штукі — гэта не толькі займальна, але і можа прыносіць даход?
— З тэхнікай пазнаёміўся ў восем гадоў. Бацька займаўся рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў, а я яму дапамагаў. Ну як дапамагаў… Проста ключы патрэбнага памеру падаваў! — смяецца хлопец. — Паступова ўнікаў у сутнасць справы і ўрэшце стаў паўнавартасным асістэнтам. Тата не толькі рамантаваў — было некалькі праектаў, якія ён стварыў сваімі рукамі. Напрыклад, «багі» — транспартны сродак на базе «дзявяткі» ад ВАЗа. Я ўдзельнічаў у яго стварэнні на працягу паўтара гадоў. Потым мы разам каталіся на гэтай самаробцы па сасновым лесе — столькі эмоцый атрымалі!
— Праз некалькі гадоў быў створаны другі варыянт «Багі», прадуманы больш старанна. Адсутныя дэталі шукалі па аб'явах, падвеску і рухавік «дзявяткі» перабіралі самі. Толькі цыліндры расточвалі нам у Мінску знаёмыя спецыялісты. Руль і рамяні бяспекі заказвалі ў Расіі. У выніку атрымаўся аўтамабіль вагой 400 кг! На ўлік паставіць не ўдалося — у лес вазілі на прычэпе. Там і каталіся. Праз некалькі гадоў абодва асобнікі былі прададзеныя, адзін з іх з'ехаў у Гродна.
— Быў у нас яшчэ адзін цікавы асобнік — «Трайк», стваралі яго на базе матацыкла «Урал». Асаблівасцю гэтага транспартнага сродку з'яўляліся колы нізкага ціску — усяго 0,016 МПа, а таксама яго здольнасць плаваць. На «Трайку» мы нават удзельнічалі ў ралі ў Магілёве! Праз два гады пасля з'яўлення на свет ён быў прададзены, але цёплыя ўспаміны засталіся, — працягвае аповед Кірыл.
— Ідэя аб стварэнні фігур з металу прыйшла ў галаву спантанна. Пасля чарговага летняга сезону ў гаражы сабралася цэлая гара жалязяк — з ёй трэба было нешта рабіць! Гледзячы на «свежанькія» і бліскучыя шасцярні, міжволі задумаліся аб стварэнні… робата! Спачатку сядзелі крукам над ім у вольны ад працы час, цягнулася ўсё даволі доўга — каля года. Вынік спадабаўся, нават хацелі яго ў сябе ў двары пакінуць. Але потым вырашылі прапанаваць аднаму з прадпрымальнікаў — цяпер фігура стаіць у Салігорску, каля рэстарана «Церам». Першае тварэнне прадалі мы досыць танна — за 850 даляраў.
— Пачыналі ўтрох: тата, мама і я, — але маме хутка гэтая справа надакучыла. Паступова ўсё перайшло ў мае рукі. Бацька дапамагае з буйнымі фігурамі. Ён майстар вялікія колы варыць. А маленькія я раблю цалкам сам.
— Што часцей за ўсё заказваюць кліенты?
— Мотатэматыка пераважае. Мэтавая аўдыторыя — аўтамабілісты і матацыклісты. Пакуль у асноўным дзейнічае сарафаннае радыё, — усміхаецца Кірыл. — Падчас гутарак з людзьмі, вядома, распавядаю пра сваю дзейнасць, паказваю фота, прапаную свае ўдалыя мінулыя працы.
— І колькі можна атрымаць на такім спецыфічным хобі?
— Найбольшая колькасць заказаў прыпадае на цёплы сезон, а ў нейкія перыяды іх зусім няшмат. Думаю, у сярэднім 1000 даляраў на месяц атрымліваецца.
У працэсе размовы плаўна перамяшчаемся ў майстэрню, дзе сустракаем сапраўднага жалезнага вершніка — байкера з металу. Ён практычна завершаны.
— І колькі каштуе такі матацыкліст?
— Дакладнай лічбы яшчэ няма. Дзесьці ад дзвюх да трох тысяч даляраў. Кошт напрамую залежыць ад складанасці замовы.
— Колькі часу спатрэбілася на стварэнне?
— Каля месяца. Гэты перыяд уключае ў сябе і пошук «донара» для асновы матацыкла. Сама праца пару тыдняў доўжылася.
— А якая вага ў байкера? І колькі жалеза пайшло?
— Прыблізная вага складае 300 кг. Cпатрэбілася парадку сямі каробак перадач ад легкавікоў, адна КП — ад самазвала і 100 кг розных дробных дэталяў іншых вузлоў і агрэгатаў.
Налюбаваўшыся металічным байкерам, вяртаемся ў гараж, дзе заўважаем новенькі пад'ёмнік.
— Усё ж такі ёсць планы займацца рамонтам аўтамабіляў або для сваіх патрэб усталявалі?
— Адразу мы будавалі гараж — думаў займацца, як і ўсе ў акрузе, рамонтам аўто. Але потым усё ж зразумеў, што хачу прысвяціць сябе іншай справе — вырабляць фігуры і розныя іншыя клёвыя штукі з металу! Таму пад'ёмнік выкарыстоўваем выключна для асабістых патрэб. Ды вы і самі паглядзіце: ён як новенькі!
**
Кірыл падкрэслівае: далёка не заўсёды з поршня або манструознага блока цыліндраў V8 атрымліваецца зрабіць нешта гэтакае, як задумвалася першапачаткова. А потым лёгка і хутка прадаць.
— Калі бачу, што працэс спыніўся, пакідаю ідэю на час, нічога не задумваю. Выходжу на прагулку, чытаю. Наогул не думаю ў гэты перыяд аб працы, а затым вяртаюся да праекту з падвоенай сілай і энтузіязмам — і тады ўсё ідзе як па масле! — на пазітыўнай ноце заканчвае хлопец, з непрыхаваным запалам пазіраючы на дзверы іншай майстэрні. Там яго чакае няскончаны жалезны вершнік. Халодны метал, які змяніў усё яго жыццё. Справа, да якой ён прыкіпеў усёй душой і якая ўжо наўрад ці калі-небудзь пакіне.
Каментары