У Грузіі затрымалі беларуса з пратэрмінаваным пашпартам, яму пагражае дэпартацыя ў Беларусь
Грамадзяніна Беларусі затрымалі 6 лістапада ў Грузіі пасля праверкі дакументаў. Цяпер яму пагражае дэпартацыя на радзіму, паведаміў выданню «Позірк» праваабаронца Раман Кісляк.
Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі. Фота: сайт Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі
Імя затрыманага не называецца з меркаванняў бяспекі.
«Учора, у пятніцу, затрымалі беларуса, які падаваўся [ў Грузіі] на прытулак, і яму адмовілі. У яго яшчэ няма рашэння апеляцыйнага суда, але, як я разумею, рашэнне было адмоўнае. У яго скончыўся часовы ID (пасведчанне асобы. — «Позірк».), у яго скончыўся беларускі пашпарт. Учора пры праверцы дакументаў у метро [у Тбілісі] яго спынілі і даставілі ў Дэпартамент міграцыі. І ў найбліжэйшы час прадставяць на арышт для дэпартацыі», — адзначыў суразмоўца.
Кісляк падкрэсліў, што ў Беларусі супраць гэтага чалавека вядзецца палітычна матываваны пераслед.
«Ён падаваўся на гэтай падставе на прытулак. Усім адмаўляюць, і яму ў тым ліку адмовілі ў статусе бежанца — і ў Дэпартаменце міграцыі, і ў гарадскім судзе, і ў апеляцыйным», — апісаў сітуацыю праваабаронца.
Чытайце таксама:
А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца
Літва пазбавіла Скіндзерава статуса бежанца і выганяе з краіны