Сям'ю забіў, пакуль тыя спалі, цікавіўся «гітлераўцамі і арыйскай расай». Што яшчэ вядома пра справу 24‑гадовага стралка ў Кракаве
З кватэры нападніка канфіскавалі электронныя носьбіты і запісы, знойдзеныя ў памяшканні.
Міхал А. Фота з фэйсбука
Як неафіцыйна высветліў Onet, з папярэдніх высноў расследавання вынікае, што члены сям'і былі забіты падчас сну. На гэта паказвае характар іх раненняў і факт, што целы былі знойдзены ў ложках.
Аднак ніхто з суседзяў не чуў, каб штосьці падазронае адбывалася ў кватэры нападніка Міхала А. Ён з сям'ёй жыў у горадзе Астровец-Свентакшыскі.
«Я ведаў Міхала. Гэта была «ціхая вада». Хлопец быў замкнёны, хадзіў у капюшоне. Ніколі не вітаўся, але па ім не было бачна, каб ён мог застрэліць столькі людзей», — кажа Каміль, жыхар мікрараёна.
«У гімназіі ён трымаўся ўбаку. Мёў спецыфічныя зацікаўленасці. Яго цікавіла гісторыя, гітлераўцы і арыйская раса. Сын распавядаў мне, што ён паводзіў сябе не вельмі па-таварыску, з-за чаго людзі таксама пазбягалі яго», — распавядае Эвэліна, чый сын хадзіў у тую ж гімназію, што і нападнік.
Бацька Міхала, Януш, у легальнай калекцыі меў адзінаццаць адзінак агнястрэльнай зброі. Сам Міхал, нягледзячы на малады ўзрост, меў уласны дазвол на дзве адзінкі. Абодва належалі да мясцовага стралковага клуба, хлопец трэніраваўся там яшчэ ў жніўні.
У Астроўцы-Свентакшыскім, дзе жыў Міхал з сям'ёй, былі канфіскаваныя запісы з камер назірання, піша Onet. Акрамя таго, следчыя канфіскавалі электронныя носьбіты і запісы, знойдзеныя ў памяшканні. Што ў тых запісах, не паведамляецца.
Вакол асобы нападніка ходзіць таксама шмат чутак.
У пракуратуры пракаментавалі нібыта існуючыя малюнкі Міхала, якія адлюстроўваюць напад на школу. «Мне нічога не вядома пра тое, каб сярод прадметаў, канфіскаваных падчас агляду кватэры, былі выяўленыя такія малюнкі», — падкрэсліў прадстаўнік пракуратуры.
Пракуратура таксама абвергла паведамленні пра нібыта ранейшае злачынства нападніка. «З'явіўся чалавек, які паведаміў, што гэты мужчына нібыта пазбавіў кагосьці жыцця ў Васніве ў мінулым годзе. Паводле высноў пракуратуры і паліцыі, гэта не адпавядае рэчаіснасці».
***
Страляніна на Рынкавай плошчы ў Кракаве адбылася ў суботу пасля 15:00. 24‑гадовы паляк уехаў на аўтамабілі на плошчу і адкрыў агонь па выпадковых людзях. Загінулі шэсць чалавек, яшчэ 16 атрымалі раненні. Нападнік быў затрыманы пасля перастрэлкі з паліцыяй.
У сувязі з трагедыяй 8 і 9 лістапада абвешчаныя ў Польшчы днямі нацыянальнай жалобы.
Чытайце таксама:
Загінулай замежніцай падчас страляніны ў Кракаве аказалася жанчына з Аўстрыі
Сярод забітых у Кракаве — двое замежнікаў. Грамадзянства адной ахвяры пакуль не называюць
«Такія жыццярадасныя людзі. Не тое што ён». Суседзі расказалі пра сям’ю нападніка з Кракава
У доме кракаўскага стралка знайшлі тры целы. Падобна, што гэта ягоныя блізкія сваякі