«Такія жыццярадасныя людзі. Не тое што ён». Суседзі расказалі пра сям’ю нападніка з Кракава
Маці працавала касіркай у «Бядронцы», сястра вучылася на мастачку, а бацька разам з сынам па нядзелях ездзіў на стрэльбішча. Суседзі сям’і Міхала О., які адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава, расказалі пра яго і яго блізкіх.

Рэната і Януш О. жылі разам з сынам Міхалам у кватэры на апошнім паверсе невысокага шматкватэрнага дома ў Астраўцы-Свентакшыскім. Іх дачка жыла ў Кракаве. Паводле суседзяў, у дзень трагедыі яна якраз прыехала наведаць бацькоў, піша Fakt.
Здзіслаў Шостак, які жыў у суседняй кватэры, сябраваў з бацькамі нападніка.
«Я сябраваў з яго бацькамі. Мы жылі дзверы ў дзверы. Разам святкавалі Новы год. Такія жыццярадасныя людзі. Не тое што ён», — расказаў ён журналістам.

Шостак кажа, што яму цяжка зразумець тое, што адбылося: бацькоў Міхала ён запомніў звычайнымі, вельмі адкрытымі людзьмі.
Маці працавала касіркай у размешчанай непадалёк краме «Бядронка». Суседзі згадваюць яе як заўсёды ўсмешлівую і прыязную жанчыну.
Паводле суразмоўцаў Echa Dnia, яе бачылі яшчэ ў пятніцу — яна выглядала спакойнай, усміхалася.
Сястра нападніка вучылася ў Акадэміі мастацтваў у Кракаве. Суседзі расказалі, што дзяўчына была вельмі таленавітай: два гады таму ў Астраўцы-Свентакшыскім адбылася выстава яе прац.
Сам Міхал, паводле Newsweek, вучыўся на токара ў мясцовым Цэнтры прафесійнай адукацыі.
Суразмоўцы Fakt падкрэсліваюць, што сын паводзіў сябе інакш, чым яго бацькі.
«Ён крыху дзіўны. Ніколі не размаўляў. Калі ўспамінаў, зрэдку, то вітаўся. А так — капюшон нацягнуты на галаву. Ніколі не бачыў яго ў камуфляжы», — сказаў Шостак.
Іншая суседка дадала: «Сын адзіны не ўсміхаўся, быў такі аддалены, сумны. Апранаўся ў чорнае».
Пры гэтым жыхары дома кажуць, што ніколі не чулі з кватэры сям’і сварак ці шуму. Не пачулі яны нічога падазронага і тады, калі, паводле паведамлення выдання, у суседняй кватэры загінулі трое чалавек.
«Абсалютна нічога, што магло б нас занепакоіць», — сказала адна з суседак.
Шостак ведаў, што сям’я захоўвала дома шмат зброі. Яго гэта не палохала: бацька і сын захапляліся стральбой.
«Ну, было ў іх такое захапленне. Абодва ездзілі на суседняе стральбішча кожную нядзелю раніцай. Мне гэта не здавалася небяспечным», — расказаў ён.
52‑гадовы бацька Міхала меў дазвол на зброю. Чорнае Subaru, на якім нападнік прыехаў у цэнтр Кракава, таксама было зарэгістраванае на бацьку.
У суботу сусед Шостак Міхала не бачыў. Апошні раз сустрэў яго напярэдадні: хлопец, паводле суседа, быў маўклівы, як звычайна.
Зрэшты, не ўсе суседзі апісваюць яго як дзіўнага. Некаторыя жыхары дома называюць яго ветлівым і спакойным.
«Звычайны хлопец. У капюшоне хадзіў, вітаўся. Нічога дрэннага не магу пра яго сказаць», — адзначыў адзін з іх.
7 лістапада 24‑гадовы мужчына адкрыў агонь па мінаках у цэнтры Кракава. Загінулі шэсць чалавек, паведамляецца пра 16 параненых, уключаючы двух паліцыянтаў і самога нападніка.
Пасля страляніны ў Кракаве паліцыя знайшла ў кватэры нападніка целы мужчыны і дзвюх жанчын — паводле папярэдніх звестак, яго бацькоў і сястры.
Самога Міхала паранілі пры затрыманні і даставілі ў бальніцу.
У доме кракаўскага стралка знайшлі тры целы. Падобна, што гэта ягоныя блізкія сваякі
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра кракаўскага стралка, які забіў як мінімум 6 чалавек
Момант затрымання стралка ў Кракаве трапіў на ВІДЭА
Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары