Больш за 200 мільёнаў чалавек у свеце жывуць на тэрыторыях, за якія змагаюцца банды і паўстанцы
У дзясятках краін узброеныя групоўкі ўжо не проста займаюцца злачыннасцю або ваююць з уладамі. Яны кантралююць гарады, збіраюць падаткі і ўсталёўваюць уласныя правілы. Маштабы гэтай з'явы даследавала The Wall Street Journal.
Карта інтэнсіўнасці ўзброеных канфліктаў у свеце. Чым цямнейшы колер, тым вышэйшая рызыка, звязаная з канфліктамі. Крыніца: Verisk Maplecroft / WSJ
Звычайна лічыцца, што менавіта дзяржава павінна падтрымліваць бяспеку, збіраць падаткі і кіраваць тэрыторыяй краіны. Але ў розных частках свету гэтыя функцыі часам пераходзяць да тых, хто не мае ніякай афіцыйнай улады: наркакартэляў, узброеных паўстанцаў, мясцовых апалчэнняў і злачынных сіндыкатаў.
Прычым гаворка не толькі пра аддаленыя раёны, дзе дзяржаўныя ўстановы ніколі не працавалі належным чынам. У некаторых краінах групоўкі кантралююць гарадскія адміністрацыі, уплываюць на размеркаванне бюджэтных грошай, вымагаюць плату з прадпрымальнікаў і нават забяспечваюць насельніцтва паслугамі, якія павінны аказваць дзяржаўныя структуры.
Паводле ацэнак Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, больш за 200 мільёнаў чалавек у 60 краінах жывуць на тэрыторыях, якія кантралююцца ўзброенымі недзяржаўнымі групамі або за якія ідзе барацьба з іх удзелам. Гэта не азначае, што ўсе тыя людзі непасрэдна падпарадкоўваюцца бандытам ці паўстанцам, але дзяржаўная ўлада ў такіх месцах часта абмежаваная або аспрэчваецца.
Як піша The Wall Street Journal, такую форму кантролю часам называюць «стацыянарным бандытызмам». Узброеныя групоўкі замацоўваюцца на пэўнай тэрыторыі, атрымліваюць даходы ад мясцовай гаспадаркі і часам нават бяруць на сябе асобныя дзяржаўныя функцыі. Напрыклад, калумбійскі наркакартэль «Клан дэль Гольфа» (Clan del Golfo) не толькі займаецца наркагандлем, але і забяспечвае рамонт мясцовых дарог.
Пры гэтым сучасныя тэхналогіі дазваляюць такім арганізацыям дзейнічаць далёка за межамі падкантрольных тэрыторый. Для сувязі яны выкарыстоўваюць спадарожнікавы інтэрнэт і зашыфраваныя месенджары, для перамяшчэння грошай — крыптавалюты, а ў баявых дзеяннях — беспілотнікі.
Наркакартэлі, якія кіруюць гарадамі
Адзін з найбольш паказальных прыкладаў — Мексіка. Паводле прыведзеных WSJ ацэнак амерыканскага ўрада, арганізаваныя злачынныя групоўкі кантралююць каля траціны тэрыторыі краіны.
Геаграфія гвалту з удзелам злачынных груповак і наркакартэляў у Мексіцы з 1 студзеня 2025 года па 15 кастрычніка 2026-га. Кожны круг пазначае месца здарэнняў, а яго памер — іх колькасць. Крыніца: ACLED / WSJ
Картэлі «Сіналоа» і «Новае пакаленне Халіска» вядомыя перадусім кантрабандай какаіну і фентанілу ў ЗША. Але іх дзейнасць даўно выйшла за межы наркагандлю. У некаторых раёнах яны кантралююць мясцовыя адміністрацыі, уплываюць на бюджэты і грамадскія работы, вымагаюць грошы з прадпрыемстваў і перавозчыкаў.
Магчымасць атрымліваць мільярдныя даходы дазваляе ім узбройвацца не горш за рэгулярныя арміі. Для абароны сваіх маршрутаў паставак злачынныя арганізацыі выкарыстоўваюць у тым ліку цяжкае аўтаматычнае ўзбраенне.
Падобная сітуацыя складаецца ў суседнім рэгіёне — Эквадоры, які яшчэ нядаўна лічыўся адной з адносна бяспечных краін Лацінскай Амерыкі.
Геаграфія гвалту з удзелам злачынных груповак у Эквадоры з 1 студзеня 2025 года па 15 кастрычніка 2026-га. Кожны круг пазначае месца здарэнняў, а яго памер — іх колькасць. Крыніца: ACLED / WSJ
Мясцовыя групоўкі «Чанерас» (Los Choneros, літаральна — «жыхары Чонэ») і «Ваўкі» (Los Lobos) змагаюцца за кантроль над маршрутамі вывазу какаіну, які трапляе ў камерцыйных кантэйнерах у Еўропу і Паўночную Амерыку. Для гэтага яны захопліваюць уплыў над лагістычнымі калідорамі, партамі і мясцовым бізнэсам. Банды нападаюць на суддзяў, кіраўнікоў турмаў, мэраў і палітыкаў. Некаторымі злачыннымі структурамі пры гэтым кіруюць нават з турмаў.
Маштабы гвалту ўражваюць: паводле WSJ, летась у Эквадоры зафіксавалі 51 забойства на 100 тысяч жыхароў — значна больш, чым у Мексіцы, Калумбіі або Бразіліі.
Паўстанцы замест дзяржаўных чыноўнікаў
У Афрыцы ўзброеныя групоўкі нярэдка атрымліваюць уладу не праз наркагандаль, а ў выніку зацяжных канфліктаў і разбурэння дзяржаўных інстытутаў. Асабліва цяжкая сітуацыя склалася ў Сахелі — шырокай паласе тэрыторый на паўднёвым ускрайку Сахары.
Пасля звяржэння Муамара Кадафі ў Лівіі ў 2011 годзе зброя і баевікі пачалі распаўсюджвацца па рэгіёне, дзе і без таго існавалі этнічныя, рэлігійныя і палітычныя супярэчнасці. Цяпер у асобных раёнах Малі і Буркіна-Фасо ўладу фактычна ажыццяўляюць ісламісцкія ўзброеныя фарміраванні. Сярод іх — звязаная з «Аль-Каідай» групоўка «Група падтрымкі ісламу і мусульман» (Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін, JNIM).
Яна кантралюе вялікія сельскія тэрыторыі і атрымлівае даходы ад здабычы золата, лесанарыхтовак і сельскай гаспадаркі. Такія эканамічныя рэсурсы дазваляюць фінансаваць далейшую ўзброеную барацьбу.
Іншы прыклад — Емен, дзе шматгадовая грамадзянская вайна прывяла да падзелу краіны. Рух хусітаў, які падтрымліваецца Іранам, выцесніў міжнародна прызнаны ўрад са сталіцы Саны і ўзяў пад кантроль частку дзяржаўных устаноў.
Геаграфія палітычнага гвалту ў Емене з 1 студзеня 2025 года па 15 кастрычніка 2026-га. Светла-аранжавымі кругамі пазначаны выпадкі гвалту супраць мірнага насельніцтва, блакітнымі — баявыя сутыкненні, цёмна-аранжавымі — выбухі і дыстанцыйныя атакі. Памер кругоў паказвае колькасць зафіксаваных выпадкаў. Крыніца: ACLED / WSJ
Пры гэтым хусіты здольныя пагражаць не толькі сваім праціўнікам у Емене. Іх атакі на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры прымусілі многія транспартныя кампаніі змяніць маршруты і адмовіцца ад праходу праз Суэцкі канал, паўплываўшы на міжнародны гандаль.
Махлярскія імперыі М'янмы
У Паўднёва-Усходняй Азіі паказальны прыклад — М'янма. Пасля ваеннага перавароту 2021 года краіна пагрузілася ў грамадзянскую вайну, а значныя тэрыторыі апынуліся пад кантролем узброеных груповак. Сярод іх — Аб'яднаная армія дзяржавы Ва, якая кантралюе раёны каля кітайскай мяжы і фактычна выконвае там некаторыя функцыі дзяржавы.
Геаграфія палітычнага гвалту ў М'янме з 1 студзеня 2025 года па 15 кастрычніка 2026-га. Светла-аранжавымі кругамі пазначаны выпадкі гвалту супраць мірнага насельніцтва, блакітнымі — баявыя сутыкненні, цёмна-аранжавымі — выбухі і дыстанцыйныя атакі. Памер кругоў паказвае колькасць зафіксаваных выпадкаў. Крыніца: ACLED / WSJ
Пры гэтым памежныя раёны М'янмы сталі цэнтрамі вытворчасці опіуму і міжнароднага інтэрнэт-махлярства. У спецыяльных комплексах людзей прымушаюць выманьваць грошы ў карыстальнікаў з розных краін, а атрыманыя сродкі пераводзяць праз крыптавалюты.
Чытайце таксама:
Як самыя небяспечныя наркакартэлі свету захопліваюць Еўропу
ЗША знішчаюць судны наркагандляроў, але какаіну становіцца ўсё больш, а цэны на яго падаюць