У польскай Гдыні беларус таксаваў, не зважаючы на пазбаўленне правоў кіроўцы
У Гдыні паліцыя затрымала 42‑гадовага грамадзяніна Беларусі, які працаваў таксістам, нягледзячы на тое, што быў пазбаўлены права кіравання аўтамабілем. Яго машыну адправілі на стаянку пад аховай, а далейшы лёс вырашыць суд.
Здымак ілюстрацыйны
Падчас звычайнай праверкі на вуліцы Слёнскай супрацоўнікі дарожнай паліцыі звярнулі ўвагу на аўтамабіль Toyota Prius, кіроўца якога не ўключыў неабходныя фары. Аднак пасля праверка выявіла і куды больш сур'ёзнае парушэнне.
Высветлілася, што раней мужчыну анулявалі права на кіраванне транспартнымі сродкамі праз перавышэнне дапушчальнага ліміту ў 24 штрафныя балы. Нягледзячы на гэта, беларус працягваў перавозіць пасажыраў у якасці таксіста.
Паводле артыкула 180а Крымінальнага кодэкса Польшчы, кіраванне транспартным сродкам на дарозе агульнага карыстання, у жылой або транспартнай зоне насуперак рашэнню кампетэнтнага органа аб ануляванні права кіравання з'яўляецца злачынствам. За яго прадугледжаныя штраф, абмежаванне волі або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. У выпадку абвінаваўчага прысуду суд таксама абавязкова забараняе кіроўцу кіраваць усімі відамі механічных транспартных сродкаў.