У Варшаве беларус адмовіўся плаціць за таксі і пагражаў кіроўцу. Яго дэпартуюць
Падчас сваркі беларус, як сцвярджае паліцыя, пагражаў таксісту забойствам.

У Варшаве затрымалі 46‑гадовага беларуса, які пасля паездкі на таксі адмовіўся плаціць за праезд, а затым, паводле звестак паліцыі, пагражаў кіроўцу і пашкодзіў аўтамабіль. Высветлілася, што раней мужчыну ўжо абавязалі пакінуць Польшчу. Пасля затрымання яго перадалі Памежнай службе, паведамляе Most.
Інцыдэнт адбыўся на вуліцы Саснкоўскага ў раёне Урсус. Паводле папярэдніх звестак паліцыі, пасля прыбыцця на ўказаны адрас пасажыр адмовіўся плаціць за паездку. Паміж ім і кіроўцам узнік канфлікт. Падчас сваркі беларус, як сцвярджае паліцыя, пагражаў таксісту забойствам.
Паліцыя паведамляе, што кіроўца ўспрыняў пагрозы сур'ёзна і асцерагаўся, што мужчына можа іх выканаць.
Акрамя таго, пасажыр, як мяркуецца, ударыў нагой у крыло аўтамабіля. Уладальнік таксі ацаніў шкоду прыкладна на тысячу злотых (230 еўра).
46‑гадовага беларуса затрымалі. Яму выставілі абвінавачанні паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса Польшчы аб пагрозах і пашкоджанні маёмасці.
Падчас праверкі высветлілася, што раней у дачыненні да мужчыны ўжо было вынесена рашэнне, якое абавязвала яго пакінуць Польшчу.
Пасля затрымання беларуса перадалі Памежнай службе. Там павінны правесці далейшыя дзеянні, звязаныя з яго выдварэннем з краіны.
Каментары
Прывітанне майстру загалоўкаў з выдання Мост
[Зрэдагавана]