Катэдж за Нацыянальнай бібліятэкай стаў самым дарагім домам Беларусі, прададзеным у кастрычніку
У кастрычніку ў раёне Вялікай Сляпянкі (калісьці тут быў загарадны маёнтак Ваньковічаў) купілі дом за 1,2 мільёна даляраў. Катэдж аказаўся самым дарагім домам Мінска і Беларусі з прададзеных у мінулым месяцы, піша Realt.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Realt.by
Забудоўваць Вялікую Сляпянку сучаснымі катэджамі пачалі ў канцы 1990‑х гадоў. У савецкі час на месцы былых панскіх угоддзяў і будучых раскошных вілаў былі саўгасныя палі і літаральна адна вуліца вясковых дамоў.
Асваенне тэрыторыі пачала кампанія «Забудова», якая ўзвяла тут некалькі дзясяткаў акуратных катэджаў у адзіным стылі. Сёння ж мікрараён за Нацыянальнай бібліятэкай і станцыяй метро «Усход» — месца, якое ператварылася ў адзін з самых прэстыжных элітных катэджных масіваў сталіцы.
Што тычыцца самага дарагога дома ў горадзе (і адначасова ў краіне), то ім па выніках кастрычніка стаў блочны катэдж 2007 года плошчай 406 квадратных метраў. Яго прадалі за 1,25 мільёна даляраў: то-бок, метр ацанілі ў 3087 даляраў.
Цяпер у гэтым кутку Мінска прадаюцца яшчэ 7 дамоў коштам ад 306 тысяч да 1,7 мільёна даляраў.
У лік самых дарагіх у сталіцы ў кастрычніку таксама трапілі: катэдж 2011 года недалёка ад Цнянскага вадасховішча і дом 60‑х гадоў у раёне Арлоўкі (той часткі, якая не ідзе пад знос). Дамы былі прададзеныя за сціплыя 204 і 115 тысяч даляраў адпаведна.
Чытайце таксама:
У Мінску прадаюць дом з уласным басейнам, пра які можна марыць. Але цана кусаецца
«А дзе будзеце мыцца?» У Мінску знайшлі незвычайную кватэру за 450 рублёў у месяц
Продажы кватэр у кастрычніку зноў знізіліся
У Мінску ў «сакрэтным» доме прадаюць кватэру за $1,5 мільёна
У Мінску не засталося ніводнага раёна, дзе сярэдні кошт квадрата жылля быў бы менш за $2000