Апошні танкер з расійскім дызельным палівам, які накіроўваўся ў ЗША, развярнуўся каля амерыканскага ўзбярэжжа
Судна Agioi Fanendes змяніла курс прыкладна за 740 кіламетраў ад Нью-Ёрка, паведамляе Bloomberg са спасылкай на сэрвісы адсочвання суднаў.
Танкер Agioi Fanendes. Фота: vesselfinder.com
Танкер выйшаў з расійскага порта Прыморск 22 кастрычніка. Пунктам прызначэння быў пазначаны Нью-Ёрк. Цяпер судна паведамляе, што чакае далейшых распараджэнняў.
Паводле даных сэрвісаў адсочвання, ніводнае судна з расійскім дызельным палівам так і не дасягнула берагоў ЗША. У мінулым месяцы Расія ў межах так званай «дызельнай здзелкі» адправіла чатыры танкеры.
5 лістапада Financial Times паведаміла, што два з іх — Leruo і Talisman — змянілі маршруты. Першы ўзяў курс на Бразілію, другі накіраваўся ў Міжземнае мора. Трэцяе судна, Beast, таксама павярнула ў бок Бразіліі.
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў у адказ на гэтыя паведамленні заявіў, што пастаўкі былі зробленыя. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра камерцыйныя здзелкі, таму іх дэталі не могуць быць публічнымі, але ўсё дызельнае паліва знойдзе сваіх купцоў.
Спецпрадстаўнік Пуціна Кірыл Дзмітрыеў назваў інфармацыю Financial Times фэйкам. Ён сцвярджаў, што танкеры, якія накіроўваюцца ў ЗША, працягваюць рухацца паводле запланаваных маршрутаў.
Дамоўленасць аб пастаўках расійскага дызельнага паліва ў ЗША выклікала крытыку ў амерыканскім Кангрэсе. Дональд Трамп дамовіўся з Пуціным пра гэтыя пастаўкі за некалькі тыдняў да прамежкавых выбараў. Белы дом разлічваў такім чынам знізіць цэны на паліва на фоне дэфіцыту нафтапрадуктаў.
Аднак частка дэмакратаў і рэспубліканцаў паставіла пад сумнеў законнасць пагаднення і запатрабавала яго скасавання. Амерыканскія купцы таксама не спяшаюцца набываць расійскае паліва праз юрыдычныя і санкцыйныя рызыкі.
Паводле інфармацыі Financial Times, запасы дызельнага паліва ў ЗША скараціліся да менш як 100 мільёнаў бараляў — упершыню больш чым за 20 гадоў. Дэфіцыт звязваюць са скарачэннем сусветных магутнасцяў нафтаперапрацоўкі на фоне войнаў ва Украіне і Іране.
Чытайце таксама:
Дызельная ўгода Трампа з Расіяй пад пагрозай зрыву
Пасля дызельнай здзелкі Трампа і Пуціна дэфіцыт паліва абвастрыўся ў самой Расіі