Свет88

Амерыканскія кампаніі не хочуць набываць расійскі дызель, пра які дамовіўся Трамп. Ён можа пайсці ў Бразілію

Амерыканскія кампаніі не спяшаюцца купляць расійскае дызельнае паліва, нягледзячы на дамоўленасці Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна. Бізнэс асцерагаецца юрыдычных і рэпутацыйных рызык, звязаных з імпартам расійскага паліва. Таму танкеры з дызелем з Расіі, якія накіроўваюцца ў ЗША, могуць у выніку перамясціцца да берагоў Бразіліі, паведамляе выданне The Washington Sun.

Танкер Leruo. Фота: Vessel Finder

Як паведамляецца, прадстаўнікі адміністрацыі Дональда Трампа неафіцыйна заахвочваюць амерыканскія кампаніі набываць расійскае паліва. Аднак бізнэс непакоіцца пра магчымыя наступствы такіх здзелак, асабліва напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША, якія адбудуцца 3 лістапада. Калі на іх перамогуць дэмакраты, кампаніі могуць сутыкнуцца з расследаваннямі і прэтэнзіямі праз закупкі паліва, на якое працягваюць распаўсюджвацца санкцыйныя абмежаванні.

Аналітыкі Rapidan Energy Group мяркуюць, што Расія і ЗША пакуль шукаюць купцоў, але ў выніку расійскі дызель можа апынуцца ў Бразіліі. Такога ж меркавання прытрымліваюцца іншыя галіновыя эксперты, апытаныя выданнем.

З 16 па 22 кастрычніка з балтыйскага порта Прыморск у бок ЗША выйшлі тры танкеры з дызельным палівам: Talisman, Leruo і Agioi Fanendes. Першы знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і ЕС, другі — Вялікабрытаніі і ЕС. Разам судны перавозяць 924 тысячы бараляў паліва. Гэта менш за траціну сутачнага спажывання дызелю транспартным сектарам ЗША. Чакалася, што танкеры прыбудуць у пункт прызначэння 7—11 лістапада. Паводле дамоўленасцяў, агульны аб’ём паставак у ЗША павінен скласці 4,8 мільёна тон дызелю.

Аднак маршруты суднаў ужо мяняюцца. Як паведамляе Reuters, танкер Leruo пазначыў пункт прызначэння як «Атлантычнае ўзбярэжжа — чакаю ўказанняў». Два іншыя судны першапачаткова пазначылі традыцыйныя пункты прыбыцця ў Турцыі і Бразіліі.

Супраць паставак выступаюць і многія амерыканскія палітыкі. Губернатарка штата Нью-Джэрсі, дэмакратка Мікі Шэрыла, заявіла, што шукае спосабы не дапусціць расійскі дызель у порт Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі. Яна назвала здзелку Трампа і Пуціна карумпаванай і незаконнай.

Група кангрэсменаў ад абедзвюх партый таксама заклікала кампаніі не ўдзельнічаць у закупцы, транспарціроўцы, імпарце, разгрузцы, захоўванні, фінансаванні і распаўсюджванні дызельнага паліва расійскага паходжання. 27 кастрычніка яны накіравалі лісты найбуйнейшым амерыканскім банкам, партам і дыстрыб’ютарам паліва, папярэдзіўшы пра магчымыя судовыя пазовы і адказнасць за ўдзел у такіх здзелках.

Імпарт расійскага дызелю ў ЗША забараняе закон Ending Importation of Russian Oil Act, прыняты ў 2022 годзе. Ён дазваляе прэзідэнту адмяніць забарону на пастаўкі расійскага паліва толькі пасля пісьмовага паведамлення Кангрэсу за 90 дзён і пры ўмове, што Расія спыніць агрэсію супраць Украіны і перастане ўяўляць пагрозу любой краіне НАТА.

У сярэдзіне кастрычніка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нечакана зняў санкцыі з расійскага дызелю, разлічваючы знізіць цэны на паліва ў ЗША і ва ўсім свеце. Ён дамовіўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным пра пастаўкі, але, як сцвярджаецца ў матэрыяле, законная забарона працягвае дзейнічаць: Трамп не паведаміў Кангрэсу пра яе скасаванне, а ўмовы для адмены абмежаванняў не выкананыя.

У Кангрэсе палічылі такую здзелку небяспечнай, заявіўшы, што яна дасць Маскве дадатковыя сродкі для фінансавання вайны супраць Украіны.

Тым часам абяцанага зніжэння цэн на дызель у ЗША пакуль не адбылося. Паліва там прадаецца прыкладна па 6,3 долара за галон — крыху даражэй, чым на момант заключэння дамоўленасцяў паміж Трампам і Пуціным.

Каментары8

  • Барадзед
    29.10.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Няма карт
    29.10.2026
    Ізноу́ Донні аблажау́ся
  • Як заўсёды, лапідарыю ўсе перашкаджаюць
    29.10.2026
    Агент Капялюш, ва ўсім вінаваты левакі, дэмакраты, сатаністы, Сорас і Зяленскі.

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна44

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

У Падмаскоўі беларус з чатырма расіянамі пад выглядам рамонтнікаў скраў медны кабель «Растэлекама»5

На таргі за даўгі заснавальніка «Новага зроку» выставілі дамы, якімі афіцыйна валодаюць іншыя людзі1

Пакуль беларуска чакала студэнцкі ДНЖ у Польшчы, паспела скончыць універсітэт. Чыноўнікі пайшлі насустрач1

Анафілактычны шок малаверагодны. Што кажа клініка пра смерць 30‑гадовай Валерыі, якая памерла падчас выдалення зуба6

На Кацярыну Андрэеву завялі новую крымінальную справу3

«Казахстан — руская краіна». У Казахстане за гэтыя словы мужчыну далі 20 сутак15

Фальшывае сумоўе коштам $6,3 мільярда. Як хакеры абрабавалі Binance2

Самалёт Мінск — Масква прызямляўся з адключаным рухавіком2

Зяленскі ўзнагародзіў Меланію Трамп за гуманітарную дзейнасць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна44

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць