БЕЛ Ł РУС

Каб адслужыць нядзельную каталіцкую імшу ў Баранавічах, давялося ехаць самому біскупу. Больш не было каму

10.11.2026 / 23:50

Nashaniva.com

Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска зноў нагадаў пра праблему вострага недахопу ў Беларусі каталіцкіх святароў. Нагодай стала тое, што пробашч у адной з парафій у Баранавічах не мог адправіць нядзельныя імшы, а святары з іншых парафій не мелі магчымасці яго замяніць, піша Katolik.life.

Таму ехаць служыць у Баранавічы давялося самому біскупу, як напісаў ён на сваёй старонцы ў інстаграме:

«Шкада, што ў нас такое становішча з колькасцю святароў, што замяняць ксяндза даводзіцца біскупу. Яшчэ ў будны дзень куды ні што, прыедзе святар з суседняй парафіі, але ў нядзелю ці ўрачыстасць — не».

Біскуп патлумачыў, што ў святочныя дні кожны ксёндз мае набажэнствы ва ўласным касцёле, «а то і ў двух ці трох, хоць і здараецца, што ўдасца так пераставіць тэрміны святых імшаў, каб выручыць суседа»:

«Але гэта ж яшчэ і адлегласць, і неспрыяльнае надвор'е, ды і проста стомленасць…»

Разам з тым біскуп, які сам яшчэ нядаўна быў звычайным пробашчам, адзначыў пазітыўны момант для сябе асабіста:

«Для мяне гэта радасць — зноў як быццам бы акунуцца ў парафіяльнае жыццё, прыпомніць сабе гэты рытм, якім я жыў столькі гадоў, будучы пробашчам: набажэнства, споведзь, Імша, размовы з людзьмі, зноў споведзь, чарговая Імша, чарговае набажэнства…»

У некаторых парафіях у Пінскай дыяцэзіі, пасля непрацягвання ўладамі дазволу на служэнне ў Беларусі святароў з Польшчы, наогул няма пробашчаў. Напрыклад, у Ружанах. Там амаль ва ўсе будныя дні святая Імша не адпраўляецца, сюды даводзіцца прыязджаць святару з іншага горада.

Падобная сітуацыя таксама ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях, дзе шэрагу святароў даводзіцца абслугоўваць адразу некалькі парафій, аддаленых адна ад адной.

Чытайце таксама:

Яшчэ аднаго польскага святара высылаюць з Беларусі

З Беларусі высылаюць больш за дзесяць польскіх святароў. У Магілёве ўжо развіталіся з пробашчам — і з праектам новага касцёла

Польскім каталіцкім святарам маглі забараніць служыць у Беларусі за спрыянне грэка-каталікам

Двум каталіцкім святарам не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі. Без пастыраў засталіся шэсць парафій у трох раёнах

Каментары да артыкула