«Белтэлекам» збіраецца выйсці на рынак мабільнай сувязі ў наступным годзе
«Белтэлекам» плануе ўжо ў 2027 годзе выйсці на рынак мабільнай сувязі ў якасці нацыянальнага аператара. Пра гэта заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка.
Фота ілюстрацыйнае
Паводле слоў чыноўніка, кампанія мае неабходныя магчымасці для такога развіцця. Цяпер на прадпрыемстве працуе каля 12,5 тысячы чалавек, а яго падраздзяленні ёсць амаль ва ўсіх раённых і абласных цэнтрах краіны, у тым ліку ў Мінску.
Сёлета мінскае падраздзяленне «Белтэлекама» адзначае 130-годдзе. За гэты час яно ператварылася з тэлефоннай станцыі на 100 апаратаў у прадпрыемства, якое абслугоўвае амаль 800 тысяч абанентаў стацыянарнай сувязі.
Акрамя традыцыйных тэлекамунікацыйных паслуг, кампанія развівае інтэрнэт і тэлебачанне. Апошнія чатыры гады яна таксама адказвае за рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі, якая дапамагае МУС і іншым структурам сачыць за людзьмі. Акрамя таго, у прадпрыемства ёсць уласная студыя і тэлеканал.
Сергеенка адзначыў, што ў Мінску грамадзяне амаль не скардзяцца на якасць мабільнай сувязі, аднак у асобных рэгіёнах такія звароты яшчэ паступаюць.
Чытайце таксама:
«Белтэлекам» пакуль адмяніў анансаванае павышэнне тарыфаў
Яшчэ 20 тысяч камер відэаназірання паставяць у дварах Мінска
«Белтэлекам» заклікае адключаць мадэмы і ТБ-прыстаўкі ў навальніцу